Грамадзяне рэалізуюць права на зварот асабіста ці праз сваіх прадстаўнікоў. Прадстаўнікі заяўнікаў ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы на падставе актаў заканадаўства, або актаў упаўнаважаных на тое дзяржаўных органаў, або даверанасці, аформленай ва ўстаноўленым грамадзянскім заканадаўствам парадку.
Пісьмовыя і электронныя звароты ад імя недзеяздольных грамадзян падаюцца іх законнымі прадстаўнікамі. Вусныя звароты недзеяздольных грамадзян выкладаюцца на асабістым прыёме іх законнымі прадстаўнікамі.
Юрыдычныя асобы рэалізуюць права на зварот праз свае органы або сваіх прадстаўнікоў.
Пісьмовыя звароты падаюцца нарачным (кур'ерам), праз паштовую сувязь, падчас асабістага прыёму ў Канстытуцыйным Судзе.
Вусныя звароты выкладаюцца падчас асабістага прыёму ў Канстытуцыйным Судзе.
Электронныя звароты падаюцца ў Канстытуцыйны Суд пры дапамозе дзяржаўнай адзінай (інтэграванай) рэспубліканскай інфармацыйнай сістэмы ўліку і апрацоўкі зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб.
Патрабаванні, якія прад'яўляюцца да зваротаў, устаноўлены артыкулам 12 Закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб».
Звароты могуць быць пакінуты без разгляду па сутнасці ў выпадках, прадугледжаных артыкулам 15 Закона «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», а электронныя звароты – таксама пры невыкананні патрабаванняў, устаноўленых часткамі першай – трэцяй пункта 2 артыкула 25 дадзенага Закона.
Калі пісьмовыя і (або) электронныя звароты аналагічнага зместу ад розных заяўнікаў, якія паступаюць у Канстытуцыйны Суд, носяць масавы характар (больш за дзесяць зваротаў), адказы на такія звароты па рашэнні Старшыні Канстытуцыйнага Суда могуць размяшчацца на афіцыйным сайце Канстытуцыйнага Суда ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт без накіравання адказаў (паведамленняў) заяўнікам.



