Загрузка...

logo
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь
Меню
Старшыня Канстытуцыйнага Суда С.М.Сівец правёў асабісты прыём грамадзян

Пытанні, з якімі звярнуліся сёння заяўнікі да кіраўніка органа канстытуцыйнага кантролю, датычыліся праверкі канстытуцыйнасці законаў, прымененых у канкрэтных справах з іх удзелам, а таксама практыкі рэалізацыі інстытута індывідуальнай канстытуцыйнай скаргі. У прыватнасці, ставіліся пытанні аб праверцы канстытуцыйнасці палажэнняў Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях індывідуальнай прадпрымальніцкай дзейнасці», а таксама норм Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і актаў заканадаўства ў сферы дарожнага руху, якімі, на думку грамадзян, былі парушаны іх канстытуцыйныя правы і свабоды.

Правядзенне асабістых прыёмаў кіраўніком органа канстытуцыйнага кантролю і суддзямі Канстытуцыйнага Суда выступае практычнай рэалізацыяй артыкула 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які гарантуе права кожнага на зварот у дзяржаўныя органы. Ва ўмовах абноўленага Асноўнага Закона такія сустрэчы сталі важным каналам прамога інфармавання насельніцтва аб даступных механізмах абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў.

Падчас прыёму С.М.Сівец даў вычарпальныя прававыя тлумачэнні аб кампетэнцыі Канстытуцыйнага Суда, парадку, працэдурах і крытэрыях дапушчальнасці звароту ў Канстытуцыйны Суд з індывідуальнай канстытуцыйнай скаргай, якая дазваляе грамадзяніну наўпрост ініцыяваць праверку канстытуцыйнасці закона, прымененага ў яго канкрэтным суде.

Гэты механізм дэманструе рэальную запатрабаванасць у грамадстве інстытута канстытуцыйнай скаргі: толькі ў бягучым годзе ў Канстытуцыйны Суд паступіла каля 80 індывідуальных канстытуцыйных скаргаў.

Падобныя звароты выконваюць і важную аналітычную ролю для самога Канстытуцыйнага Суда. Пытанні, з якімі грамадзяне звяртаюцца на асабісты прыём, дапамагаюць Канстытуцыйнаму Суду сістэмна аналізаваць якасць заканадаўства, выяўляць у ім прабелы і прававую нявызначанасць з мэтай унясення адпаведных прапаноў ва ўпаўнаважаныя дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі.