Навіны
Справядлівасць – падмурак дзяржаўнай палітыкі, фарміравання і развіцця прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь: 15 мая 2026 г. адбылося пашыранае пасяджэнне Навукова-кансультацыйнага савета пры Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь

Чарговае пасяджэнне Навукова – кансультацыйнага савета пры Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь на тэму «Справядлівасць – падмурак дзяржаўнай палітыкі, фарміравання і развіцця прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь» прайшло 15 мая 2026 г. у пашыраным складзе, аб’яднаўшы суддзяў Канстытуцыйнага Суда, Вярхоўнага Суда, прадстаўнікоў Усебеларускага народнага сходу, Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, вядучых кафедраў юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, членаў Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў.

Вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, Старшыня Канстытуцыйнага Суда С.М.Сівец падкрэсліў, што справядлівасць як базавая канстытуцыйная каштоўнасць разам з вяршэнствам права і роўнасцю перад законам дазваляе пераўтвараць рознанакіраваныя інтарэсы ўсіх суб’ектаў грамадскіх адносін у сацыяльную згоду, а адрозненні ў магчымасцях – у прававыя і сацыяльныя гарантыі. Было адзначана, што запыт беларускага народа на справядлівасць, пабудову сацыяльна справядлівага грамадства і дабрабыт грамадзян знайшоў сваё адлюстраванне ў выніках рэспубліканскага рэферэндуму 27 лютага 2022 г.

Стрыжнёвы характар сацыяльнай справядлівасці для ідэалогіі беларускай дзяржавы і справядлівасці пры ажыццяўленні правасуддзя не раз падкрэсліваўся Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкам: «Дух, падмурак і аснова ў нас адна – справядлівасць».

Акцэнтуючы дзейсную ролю Канстытуцыйнага Суда ў сцвярджэнні прынцыпу справядлівасці ў заканатворчасці і правапрымяненні, пры фарміраванні канстытуцыйнага мыслення, С.М.Сівец вызначыў галоўную, на яго думку, задачу пры выбудоўванні новай архітэктуры дзяржаўнай улады – забяспечыць рэальнае ўвасабленне справядлівасці ва ўсіх сферах жыцця грамадства і дзяржавы, паколькі ігнараванне такога падмурка азначае ўзвядзенне будынка на пяску.

У сваім прывітальным слове начальнік Сакратарыята Усебеларускага народнага сходу, кіраўнік Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў В.В.Міцкевіч вызначыў справядлівасць як галоўны пастулат палітычнай самабытнасці беларускага народа, як імператыўны компас, па якім спраўджваюць сваю дзейнасць усе органы дзяржаўнай улады. В.В.Міцкевіч нацэліў удзельнікаў падчас абмеркавання закрануць у тым ліку складаныя пытанні практычнай рэалізацыі звыклай, на першы погляд, ідэі справядлівасці ў розных сферах грамадскіх адносін.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў пашыранага пасяджэння, першы намеснік міністра юстыцыі Н.М.Філіпава з апорай на канстытуцыйныя нормы, якія замацоўваюць справядлівасць у якасці каштоўнаснага арыенціру беларускай дзяржавы, восі, вакол якой выбудавана канструкцыя дзяржавы і права, падкрэсліла, што шлях да справядлівасці – гэта, як казаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка, «дарога з двухбаковым рухам». «Справядлівасць для Міністэрства юстыцыі – гэта прамое настаўленне ў праватворчасці і правапрымяненні. Пры гэтым важна не дапускаць разрыву паміж нормай і грамадскімі чаканнямі – так забяспечваецца справядлівы вынік», – падкрэсліла Н.М.Філіпава.

Мадэратар пашыранага пасяджэння – намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Суда, старшыня Навуковага-кансультацыйнага савета пры Канстытуцыйным Судзе Н.А.Карповіч адзначыла, што шматграннае паняцце справядлівасці і справядлівасць як прынцып варта разглядаць праз прызму тэарэтыка-прыкладных і дактрынальных аспектаў, а таксама ў галіновым праламленні. Такі інтэгратыўны падыход, які абумовіў змястоўнае напаўненне тэматычных сесій пашыранага пасяджэння Навукова-кансультацыйнага савета, дазваляе ўсебакова даследаваць ролю справядлівасці ў розных сферах жыццядзейнасці грамадства і дзяржавы, у тым ліку ў забеспячэнні канстытуцыяналізму.

Асноўнымі спікерамі мерапрыемства выступілі суддзі Канстытуцыйнага Суда С.П.Чыгрынаў, Т.В.Варановіч, кіраўнік Інстытута прававых даследаванняў Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі В.І.Паўлаў, намеснік начальніка аддзела канстытуцыйнага права галоўнага ўпраўлення канстытуцыйнага і міжнароднага права Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі Т.М.Міхалёва, загадчык кафедры грамадзянскага права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта М.У.Мяшчанава, прафесар кафедры экалагічнага і аграрнага права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта І.С.Шахрай, загадчык кафедры судовай дзейнасці Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Е.В.Новікава.

Дакладчыкамі разгледжаны канстытуцыйна-прававое вымярэнне справядлівасці, метадалогія і практыка рэалізацыі канстытуцыйнага прынцыпу справядлівасці ў заканадаўчым рэгуляванні і ў якасці асновы пры ажыццяўленні канстытуцыйнага правасуддзя. Закрануты праблемы рэалізацыі прынцыпу справядлівасці ў міжнародным правасуддзі.

Асвятляючы галіновыя гарызонты, выступаючыя прадставілі прынцып справядлівасці ў рэгуляванні грамадзянска-прававых адносін, у тым ліку прыродарэсурсных, і адносін у крымінальным праве.

Кожнае выступленне суправаджалася ажыўленай дыскусіяй і разгорнутай палемікай. Асноўныя спікеры і ўдзельнікі дыскусіі, падкрэсліваючы, што прынцып справядлівасці – не абстрактная маральная катэгорыя, а дзеючы канстытуцыйны імператыў, высока ацанілі ролю рашэнняў і прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда, накіраваных на забеспячэнне практычнай рэалізацыі прынцыпу справядлівасці ў праватворчасці і правапрымяненні.

Падводзячы вынікі, мадэратар мерапрыемства Н.А.Карповіч падзякавала ўсім дакладчыкам і ўдзельнікам за змястоўныя выступленні і актыўны ўдзел у дыскусіі, адзначыўшы, што выказаныя ўдзельнікамі ідэі патрабуюць дадатковага асэнсавання і абмеркавання. «Імкненне да аднастайнасці ў разуменні і тлумачэнні прынцыпу справядлівасці, у яго змястоўным напаўненні – аснова для ўмацавання і развіцця прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь», – заключыла Н.А.Карповіч.

Даклады асноўных спікераў пашыранага пасяджэння Навукова-кансультацыйнага савета будуць апублікаваны у Весніку Канстытуцыйнага Суда № 2 за 2026 год.