Навіны
6 мая 2026 г. напярэдадні 81-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь С.М.Сівец, суддзі і работнікі Сакратарыята Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь прынялі ўдзел ва ўрачыстай цырымоніі ўскладання кветак да стэлы «Мінск-горад-герой»

Удзельнікі цырымоніі ўшанавалі хвілінай маўчання памяць загінуўшых герояў і ўсклалі кветкі да падножжа абеліска, выказваючы глыбокую ўдзячнасць загінулым і павагу да бяспрыкладнага подзвігу беларускага народа.

«Сёння суддзі і работнікі Сакратарыята Канстытуцыйнага Суда сабраліся ў гэтым знакавым месцы, каб аддаць даніну памяці, павагі, бязмернай падзякі ветэранам, усяму пакаленню пераможцаў, дзякуючы сталёвай волі і бязмежнай любові да Радзімы якіх удалося пераадолець сцяну агню і свінцу ў ліхія гады ваеннага летапісу нашай краіны. Сёння мы стаім тут, таму што восем дзесяцігоддзяў таму яны не адступілі і далі магчымасць усім наступным пакаленням жыць пад мірным небам на сваёй зямлі ў свабоднай і незалежнай краіне.

Наш агульны абавязак – быць годнымі спадчыны пераможцаў, моцна трымаць у сваіх руках сцяг Вялікай Перамогі, актыўна процідзейнічаць агрэсіўным спробам фальсіфікацыі і перапісвання гісторыі, прыніжэння ролі і ўкладу савецкага народа ў перамогу над фашызмам. А яшчэ наш абавязак – перадаць памяць і праўду пра тую вайну нашым дзецям і ўнукам, бо памяць непадуладная законам часу. Яна была, ёсць і будзе тым падмуркам, які з’яўляецца залогам нашага мірнага жыцця», – падкрэсліў С.М.Сівец.