Грамадзянка Ламейка Л.У. звярнулася ў Канстытуцыйны Суд з канстытуцыйнай скаргай аб праверцы канстытуцыйнасці палажэнняў Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб зямлі ад 23 ліпеня 2008 г. (далей – Кодэкс аб зямлі), прымененых судом у грамадзянскай справе з яе ўдзелам:
часткі першай артыкула 35 «Падставы для прадастаўлення зямельных участкаў, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасці» (у першапачатковай рэдакцыі);
падпункта 1.1 пункта 1 артыкула 46 «Памеры зямельных участкаў» (у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2022 г. № 195-З «Аб змяненні кодэксаў»).
На думку заяўніцы, артыкулы 14, 21, 22, 58 і 60 Канстытуцыі парушаны ў выніку немагчымасці рэалізацыі ёю права, прадугледжанага часткай трэцяй падпункта 1.1 пункта 1 артыкула 46 Кодэкса аб зямлі (у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2022 г. № 195-З), на атрыманне зямельнага ўчастка большай плошчы для будаўніцтва і абслугоўвання кватэры ў блакіраваным жылым доме з прычыны адсутнасці згоды на гэта іншых уласнікаў кватэр, якія валодаюць разам з заяўніцай зямельным участкам.
Канстытуцыйны Суд у прынятым вызначэнні прыйшоў да высновы, што названыя ў канстытуцыйнай скарзе палажэнні Кодэкса аб зямлі, якія рэгулююць прадастаўленне зямельных участкаў для будаўніцтва і абслугоўвання кватэр у блакіраваным жылым доме, накіраваны на рэалізацыю палажэнняў Канстытуцыі, дазваляюць забяспечыць улік правоў і законных інтарэсаў усіх уласнікаў кватэр у такім доме і не парушаюць канстытуцыйныя правы заяўніцы ў паказаным ёю аспекце.
Разгляд довадаў Л.У.Ламейка, якія змяшчаюцца ў канстытуцыйнай скарзе, аб парушэнні палажэнняў Кодэкса аб зямлі, дапушчаным, па яе меркаванню, пры прыняцці ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі рашэнняў аб прадастаўленні і рэгістрацыі зямельных участкаў, не ўваходзіць у кампетэнцыю Канстытуцыйнага Суда.
Канстытуцыйны Суд па выніках вывучэння прадстаўленых матэрыялаў адмовіў ва ўзбуджэнні вядзення справы па канстытуцыйнай скарзе, паколькі прыкмет парушэння канстытуцыйных правоў і свабод заяўніцы няма. Канстытуцыйная скарга не адпавядае ўмове дапушчальнасці, вызначанай падпунктам 1.1 пункта 1 артыкула 153 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве».