Навіны
27 сакавіка 2026 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся круглы стол «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – фундаментальная аснова грамадзянскай згоды і грамадскага развіцця», прысвечаны 30-годдзю Усебеларускага народнага сходу

Мерапрыемства, ініцыяванае Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь сумесна з Сакратарыятам Усебеларускага народнага сходу, аб’яднала прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і вядучых грамадскіх аб’яднанняў Беларусі.

Сардэчна вітаючы ўдзельнікаў круглага стала, Старшыня Канстытуцыйнага Суда адзначыў наступнае:

«Развіццё канстытуцыяналізму ў Рэспубліцы Беларусь ідзе па шляху няўхільнага пашырэння дэмакратычных формаў удзелу грамадзян у кіраванні справамі дзяржавы і грамадства.

30 гадоў таму па ініцыятыве Кіраўніка дзяржавы быў скліканы Першы Усебеларускі народны сход, які ў той няпросты перыяд дазволіў знайсці выхад з палітычнага крызісу, вызначыў стратэгію развіцця на шмат гадоў наперад, шмат у чым прадвызначыў канстытуцыйна-прававое развіццё грамадства і дзяржавы, вынікам якога стала канстытуцыйна-прававая рэформа 2022 года.

З прыняццем на рэспубліканскім рэферэндуме 27 лютага 2022 г. змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі пачала фарміравацца новая архітэктура палітычнай сістэмы краіны, адно з ключавых месцаў у якой займае Усебеларускі народны сход як найвышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя, які вызначае стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду.

Надзяленне УНС стратэгічнымі беспрэцэдэнтнымі паўнамоцтвамі і яго фарміраванне на шырокай дэмакратычнай аснове, якое забяспечвае выяўленне і выказванне інтарэсаў беларускага народа, у поўнай меры рэалізуе мадэль сучаснай беларускай дзяржавы, пра якую неаднаразова казаў наш прэзідэнт, глыбокапаважаны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, – мадэль дзяржавы для народа, у якой дзяржава грунтуецца на волі народа і функцыянуе ў яго інтарэсах».

Дзякуючы прынятым канстытуцыйным зменам, на думку Старшыні Канстытуцыйнага Суда, умацаваны прававыя асновы дзяржавы, гарантыі канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, на канстытуцыйнай аснове ўстойліва функцыянуе канстытуцыйны інстытут народаўладдзя, забяспечваецца канстытуцыйны правапарадак і законнасць у краіне.

Адзначаючы актуальнасць праграмы мерапрыемства, якая закранае пытанні захавання нацыянальных традыцый, пераемнасці пакаленняў, забеспячэння непахіснасці канстытуцыйнага ладу і павышэння якасці жыцця, Старшыня Канстытуцыйнага Суда арыентаваў удзельнікаў на абмеркаванне праблем і магчымых карэкціровак заканадаўства ў мэтах усёабдымнай рэалізацыі палажэнняў абноўленай Канстытуцыі і стварэння неабходных прававых механізмаў увасаблення ў жыццё канстытуцыйнага прынцыпу народаўладдзя.

Аб высокай ролі Усебеларускага народнага сходу гаварылі і іншыя спікеры круглага стала. Звяртаючыся да ўдзельнікаў з прывітальным словам, Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь В.І.Чупрыс акцэнтавала ўвагу на функцыі УНС па стабілізацыі і кансалідацыі, што выступае свайго роду страхоўкай ад непрадбачаных выпадкаў.

Начальнік Сакратарыята Усебеларускага народнага сходу В.В.Міцкевіч, вітаючы ўдзельнікаў, адзначыў важнасць канстытуцыйных пераўтварэнняў 2022 года, жывы характар Асноўнага Закона, жыццяздольнасць і запатрабаванасць канстытуцыйных норм. Гаворачы аб канстытуцыйных паўнамоцтвах УНС і прынятых сходам стратэгічных рашэннях, В.В.Міцкевіч адзначыў, што дзейнасць УНС прадвызначае аблічча Рэспублікі Беларусь як моцнай і незалежнай краіны.

Ключавыя спікеры мерапрыемства – член Прэзідыума УНС, Старшыня ГА «Беларускі саюз жанчын» В.А.Шпілеўская, Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Ю.А.Сянько прысвяцілі свае выступленні каштоўнасным і практычным арыенцірам грамадскага развіцця – захаванню нацыянальных традыцый і павышэнню якасці жыцця грамадзян. Пра ролю ветэранскага руху ў абароне непахіснасці канстытуцыйнага ладу распавёў намеснік старшыні Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў С.С.Смольскі. Сакратар Цэнтральнага камітэта ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» А.В.Давыдоўскі і старшыня Гомельскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь» А.У.Пуцята прадставілі даклады аб ролі грамадскіх аб’яднанняў у забеспячэнні пераемнасці пакаленняў і грамадзянскай згоды.

Кожнае выступленне суправаджалася актыўнай дыскусіяй, жывым і канструктыўным абменам думкамі аб шляхах і спосабах рэалізацыі стратэгічных напрамкаў развіцця грамадства і дзяржавы, Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, абмеркаваннем магчымасцей далейшага развіцця інстытутаў грамадзянскай супольнасці.

Форум арганізаваны Сакратарыятам Усебеларускага народнага сходу, Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і РГА «Белая Русь». Мадэратарам мерапрыемства выступіў генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў В.Ф.Гігін.