
Суддзя С.А.Любецкая выступіла з дакладам «Канстытуцыя як прававы фундамент суверэннай дзяржавы» ў рамках рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай пляцоўкі «Маладзёжныя чытанні» перад членамі маладзёжных саветаў пры Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, пры Мінскім гарадскім савеце дэпутатаў, навучэнцамі ўстаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі і інш.
Падчас свайго выступлення суддзя патлумачыла ўдзельнікам паняцце і значэнне Канстытуцыі, змест і структуру Асноўнага Закона, акцэнтаваўшы ўвагу на тым, што Канстытуцыя замацоўвае асноватворны абавязак Рэспублікі Беларусь як дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы абараняць сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечваць законнасць і правапарадак. Грамадзяне Беларусі і ўсе дзяржаўныя інстытуты ў сваю чаргу закліканы адстойваць выбраны шлях развіцця, суверэнітэт дзяржавы і іншыя канстытуцыйныя каштоўнасці.
Звяртаючыся да моладзі, С.А.Любецкая адзначыла, што дынамічнае развіццё грамадскіх адносін, актуалізацыя праблем міру і грамадзянскай згоды, забеспячэння нацыянальнай бяспекі, захавання канстытуцыйнай ідэнтычнасці і ўмацавання суверэнітэту абумовілі правядзенне ў Рэспубліцы Беларусь 27 лютага 2022 г. канстытуцыйнага рэферэндуму. У выніку абноўленая Канстытуцыя вызначыла сучасныя асновы мадэрнізацыі дзяржавы і грамадства, новыя падыходы да функцыянавання органаў дзяржаўнай улады і грамадска-палітычных інстытутаў з мэтай зацвярджэння правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Гэтыя пытанні шырока асветлены ў Пасланні Канстытуцыйнага Суда ад 12 сакавіка 2026 г. «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь».
Падчас дыскусіі С.А.Любецкая адказала на пытанні ўдзельнікаў «Маладзёжных чытанняў».