Навіны
12 сакавіка 2026 г. намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Н.А.Карповіч і суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь А.М.Бодак прынялі ўдзел у Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі з міжнародным удзелам «Вытокі дзяржаўнага будаўніцтва і сучаснасць у канстытуцыйна-прававым і палітычным вымярэннях», арганізаванай юрыдычным факультэтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

На канферэнцыі было абвешчана прывітанне Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь С.М.Сіўца яе ўдзельнікам, у якім адзначана, што даследаванне і ацэнка станаўлення нацыянальнай дзяржаўнасці ў гістарычнай рэтраспектыве дазваляе прасачыць эвалюцыйны шлях развіцця беларускай дзяржавы і грамадства, пераканаўча прадэманстраваць перавагі айчыннай сістэмы дзяржаўнай улады і кіравання, дзейнасць якой накіравана на дасягненне асноватворных канстытуцыйных мэтаў – сцвярджэння правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, асноў прававой дзяржавы і сацыяльна справядлівага грамадства, забеспячэння міру і грамадзянскай згоды, дабрабыту грамадзян, народаўладдзя, незалежнасці і росквіту Рэспублікі Беларусь.

Намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Суда выступіла на тэму «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь аб міры і міралюбівым характары беларускай дзяржавы».

Н.А.Карповіч адзначыла, што канстытуцыйнымі асновамі забеспячэння міру і грамадзянскай згоды як важнейшых каштоўнасцей для дзяржавы, грамадства і кожнага чалавека выступаюць прынцыпы і нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якія непасрэдна выказваюць міралюбівы характар беларускай дзяржавы, вызначаюць патрабаванні да суб’ектаў грамадскіх адносін у мэтах захавання міру і грамадзянскай згоды, а таксама ўстанаўліваюць адпаведныя правамоцтвы органаў дзяржавы. Канстытуцыя замацоўвае прававыя асновы моцнай дзяржавы, якая валодае поўным суверэнітэтам і здольная ў інтарэсах сваіх грамадзян рэалізаваць увесь комплекс неабходных мер перад тварам глабальных выклікаў.

Н.А.Карповіч таксама азнаёміла ўдзельнікаў канферэнцыі з палажэннямі Паслання Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прынятага 12 сакавіка 2026 г.

Суддзя Канстытуцыйнага Суда А.М.Бодак выступіла на тэму «Канстытуцыйны прынцып сацыяльнай дзяржавы».

У выступленні былі прааналізаваны палажэнні Канстытуцыі аб сацыяльнай дзяржаве (артыкул 1); аб чалавеку, яго правах, свабодах і гарантыях іх рэалізацыі як вышэйшай каштоўнасці і мэты грамадства і дзяржавы; аб адказнасці дзяржавы перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы; аб адказнасці грамадзяніна перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй (артыкул 2), якія характарызуюць прававую прыроду беларускай дзяржавы.

А.М.Бодак звярнула ўвагу ўдзельнікаў канферэнцыі на тое, што ў развіццё дадзеных канстытуцыйных нормаў частка другая артыкула 21 Асноўнага Закона ўстанавіла права кожнага на годны ўзровень жыцця, уключаючы дастатковае харчаванне, адзенне, жыллё і пастаяннае паляпшэнне неабходных для гэтага ўмоў, што абумоўлівае вызначальную ролю дзяржавы ў рэальным змесце правоў і свабод асобы.

Спасылаючыся на рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 30 кастрычніка 2008 г. № Р-284/2008, А.М.Бодак адзначыла, што правы на асабістую свабоду, недатыкальнасць, годнасць, а таксама права на духоўнае, маральнае і фізічнае развіццё з’яўляюцца асноватворнымі правамі чалавека. Адпаведна асабістая свабода, недатыкальнасць, годнасць, а таксама абумоўленыя патрэбамі развіцця грамадства духоўныя, маральныя і фізічныя якасці індывіда ўяўляюць сабой найважнейшыя сацыяльныя каштоўнасці.