Навіны
11 сакавіка 2026 г. А.В.Сямашка прыняла ўдзел у правядзенні адкрытага дыялогу з моладзевым актывам устаноў адукацыі Маскоўскага раёна г. Мінска

У рамках патрыятычнай акцыі «Мы – грамадзяне Беларусі!», якую арганізавала адміністрацыя Маскоўскага раёна г. Мінска, у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прайшоў адкрыты дыялог з удзелам моладзі ўстаноў прафесійнай і вышэйшай адукацыі на тэму «Канстытуцыя – галоўны гарант беларускай дзяржаўнасці».

Суддзя А.В.Сямашка ў якасці аднаго з экспертаў прыняла ўдзел у дыялогу, распавяла пра значэнне Канстытуцыі для прававой сістэмы і сістэмы заканадаўства Рэспублікі Беларусь; нагадала пра галоўныя навелы Асноўнага Закона, якія былі адобраны на рэспубліканскім рэферэндуме 2022 года; адказала на пытанні, якія тычацца механізмаў абароны канстытуцыйных правоў грамадзян, канстытуцыйнай скаргі і іншых напрамкаў дзейнасці Канстытуцыйнага Суда.

Алена Валянцінаўна Сямашка павіншавала ўдзельнікаў адкрытага дыялогу з Днём Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, пажадала ўсім міру і дабрабыту, выказала надзею на эфектыўны ўклад кожнага ў паступальнае развіццё беларускага грамадства і дзяржавы, нагадаўшы аб прэзідэнцкім лозунгу «Час канкрэтных спраў», які прагучаў у выступленні Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі на другім пасяджэнні сёмага Усебеларускага народнага сходу пры звароце з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.