
Сёння ў Канстытуцыйным Судзе стартавала Усебеларуская акцыя «Мы – грамадзяне Беларусі!», прысвечаная Дню Канстытуцыі.
Старшыня Канстытуцыйнага Суда С.М.Сівец ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў пашпарты 14-гадовым грамадзянам Беларусі, якія прыбылі з розных куткоў краіны. Нягледзячы на юны ўзрост, удзельнікі акцыі ўжо дасягнулі пэўных поспехаў у вучобе, спорце, грамадскай дзейнасці, сталі пераможцамі і прызёрамі алімпіяд.
Юнакам і дзяўчатам перададзены сімвалічныя падарункавыя наборы з экзэмплярам Канстытуцыі, дзяржаўным сцягам і магнітнай картай нашай краіны.
Старшыня Канстытуцыйнага Суда, звяртаючыся да ўдзельнікаў акцыі, адзначыў, што быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь – гэта надзвычай ганаровая місія. Падкрэсліваючы каласальную культурна-духоўную спадчыну нашага народа, С.М.Сівец спыніўся на зараджэнні канстытуцыяналізму і з’яўленні першай канстытуцыі менавіта на беларускіх землях: «Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, аднагалосна прызнаны навукоўцамі першай канстытуцыяй на еўрапейскім кантыненце, апярэдзіў Канстытуцыю Рэчы Паспалітай 1791 года на два стагоддзі, і ля вытокаў стварэння гэтага фундаментальнага дакумента стаяў наш суайчыннік Леў Іванавіч Сапега».
Падчас тлумачэння навучэнцам існасці палітыка-прававой прыналежнасці да дзяржавы як непарыўнай сувязі чалавека і дзяржавы, апасродкаванай наяўнасцю пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, С.М.Сівец асвятліў культурныя аспекты такой сувязі, вылучыўшы імёны мастака Марка Шагала, выбітнага авіяканструктара Паўла Сухога, лаўрэата Нобелеўскай прэміі па фізіцы Жарэса Алфёрава, многіх алімпійскіх чэмпіёнаў, якія праслаўляюць Беларусь і сталі часткай сусветнай культурнай спадчыны. «Гісторыя нашай дзяржаўнасці, вядома ж, непарыўна злучана з асобай першага Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнка, які ўжо больш за тры дзесяцігоддзі з’яўляецца Кіраўніком дзяржавы і разам з усім беларускім народам выбудоўвае новую архітэктуру Рэспублікі Беларусь як сучаснай і незалежнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы», – адзначыў Старшыня Канстытуцыйнага Суда.
Віншуючы гасцей Канстытуцыйнага Суда з надыходзячым Днём Канстытуцыі, С.М.Сівец пажадаў юным удзельнікам акцыі, каб у іх жыцці было як мага больш перамог і каб іх імёны былі ўпісаны ў слаўны летапіс беларускага народа, як і імёны іх вялікіх папярэднікаў.
Мерапрыемства праведзена сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі.

