
Традыцыйна з пачаткам вясны адкрываецца канстытуцыйная дэкада: праводзіцца цыкл дыялогавых пляцовак, круглых сталоў і іншых мерапрыемстваў, прысвечаных Дню Канстытуцыі.
Суддзя Канстытуцыйнага Суда П.У.Грыдзюшка выступіў на тэму «Канстытуцыя – Асноўны Закон нашага жыцця». У сваім выступленні спікер расказаў пра ролю Канстытуцыі ў жыцці грамадства і дзяржавы, роўнасць правоў і свабод для кожнага, пра рэалізацыю канстытуцыйнага прынцыпу сацыяльнай справядлівасці. Суддзя асвятліў таксама дзейнасць Канстытуцыйнага Суда.
Асаблівая ўвага ў сценах медыцынскага ўніверсітэта была нададзена зместу артыкула 45 Канстытуцыі, што гарантуе грамадзянам права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае медыцынскае лячэнне за кошт дзяржаўных сродкаў у парадку, устаноўленым законам, стварэнне ўмоў даступнага для ўсіх медыцынскага абслугоўвання. Жывую цікавасць у студэнтаў выклікала палажэнне часткі першага артыкула 45 Канстытуцыі, што прадпісвае грамадзянам клапаціцца пра захаванне ўласнага здароўя.
Суддзя Канстытуцыйнага Суда выказаў удзячнасць прафесарска-выкладніцкаму саставу за іх працу па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў, а студэнтам пажадаў паспяховага асваення адукацыйнай праграмы, бо ад узроўню іх адукацыі, прафесійнай кампетэнтнасці залежыць здароўе нашых людзей і дэмаграфічная бяспека краіны.
