Навіны
19 лютага 2026 г. суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь А.В.Сямашка прыняла анлайн-удзел у круглым стале «Міжнароднае назіранне за выбарамі і рэферэндумамі і абарона электаральнага суверэнітэту. Супрацоўніцтва дзяржаў СНД, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі»

Круглы стол праходзіў у Санкт-Пецярбургу ў рамках Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Фарміраванне даверу да інстытута выбараў і рэферэндуму: роля міжнароднага назірання», прымеркаванай да 20-годдзя Міжнароднага інстытута маніторынгу развіцця дэмакратыі Міжпарламенцкай асамблеі СНД.

Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Міжпарламенцкая асамблея СНД і Кансультатыўны Савет кіраўнікоў выбарчых органаў дзяржаў – удзельніц СНД. Удзельнікамі мерапрыемства былі парламентарыі краін Садружнасці, прадстаўнікі міжнародных арганізацый, органаў улады і адміністравання выбараў, грамадскіх арганізацый, а таксама навукоўцы і эксперты.

А.В.Сямашка адзначыла, што 20-годдзе Міжнароднага інстытута маніторынгу развіцця дэмакратыі МПА СНД – гэта дата, якая пацвярджае запатрабаванасць і эфектыўнасць дадзенага дапаможнага кансультатыўнага органа. Гэта дваццацігадовая гісторыя дыялогу, які, як вядома, – шлях да даверу і развіцця. У сваю чаргу, давер да інстытута выбараў – гэта адна з умоў існавання легітымнай улады і суверэннай дзяржавы.

У дакладзе, прысвечаным ролі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у забеспячэнні электаральнага суверэнітэту, А.В.Сямашка закранула некалькі актуальных пытанняў: падыходы да суадносін паняццяў суверэнітэт дзяржаўны і суверэнітэт электаральны, спосабы ўплыву міжнароднага назірання на павышэнне даверу да выбараў пры строгім захаванні межаў як электаральнага, так і дзяржаўнага суверэнітэтаў. Дакладчык ахарактарызавала палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якія складаюць заканадаўчы падмурак забеспячэння электаральнага суверэнітэту, надаўшы асаблівую ўвагу нормам Асноўнага Закона, што тычацца легітымнасці выбараў і канстытуцыйнасці правядзення выбараў.