
Сустрэча прайшла ў рамках адзінага дня інфармавання на тэму «Абаронная магутнасць беларускай арміі і патрыятызм у сучасных умовах».
Старшыня Канстытуцыйнага Суда расказаў пра меры, якія прымаюцца Кіраўніком дзяржавы, па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, міру і грамадзянскай згоды, па абароне тэрытарыяльнай цэласнасці і канстытуцыйнага ладу.
Былі закрануты пытанні стратэгічнага ваеннага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь, прыярытэты ваеннай палітыкі.
С.М.Сівец адзначыў, што ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспубліка Беларусь у сваёй знешняй палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права.
Пры гэтым Старшыня Канстытуцыйнага Суда прывёў прыклады асобных краін і указаў на ігнараванне агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і сістэмнае разбурэнне ўсёй архітэктуры сусветнай бяспекі, якая фарміравалася дзесяцігоддзямі.
С.М.Сівец адзначыў: «Наша краіна ў сілу свайго геаграфічнага і геапалітычнага размяшчэння адчувае каласальны ціск і пагрозы звонку, што прымушае нас надаваць шмат увагі развіццю Узброеных Сіл, аснашчэнню іх сучаснымі відамі ўзбраенняў, баявому зладжванню. Але самае галоўнае – праяве патрыятызму. Як казаў Прэзідэнт, кожны на сваім месцы павінен рабіць усё магчымае для таго, каб захаваць той узровень мірнага, бяспечнага і паспяховага жыцця, які ёсць сёння ў Беларусі. А ў выпадку агрэсіі ў дачыненні да нашай краіны выканаць да канца свой свяшчэнны доўг і канстытуцыйны абавязак па абароне Радзімы і сваёй сям’і».
Старшыня Канстытуцыйнага Суда адказаў на пытанні студэнтаў і выкладчыкаў аб патрыятычным выхаванні моладзі ў сучасных умовах, ролі інфармацыйнай бяспекі і кібербяспекі ў забеспячэнні нацыянальнай бяспекі краіны, магчымасцях выкарыстання тэхналогій штучнага інтэлекту пры распрацоўцы нарматыўных прававых актаў, а таксама аб дзейнасці Канстытуцыйнага Суда па абароне канстытуцыйнага ладу, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, забеспячэнні вяршэнства і прамога дзеяння Канстытуцыі.
С.М.Сівец пажадаў студэнтам паспяховай вучобы і выказаў упэўненасць, што атрыманыя веды, спецыяльныя кампетэнцыі і навыкі дазволяць ім падчас працоўнай дзейнасці ўносіць дастойны ўклад ва ўмацаванне нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.




