
Пасяджэнне адбылося пад старшынствам старшыні Навукова-кансультацыйнага савета, намесніка Старшыні Канстытуцыйнага Суда Н.А.Карповіч.
На пасяджэнні абмеркаваны актуальныя пытанні зместу прававых катэгорый «канстытуцыйная бяспека» і «канстытуцыйныя асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы». Асветлена праблематыка значнасці асаблівай, «мемарыяльнай», функцыі Канстытуцыі ў кантэксце забеспячэння канстытуцыйнай ідэнтычнасці. Вызначаны перспектывы тэарэтычнага абгрунтавання катэгорыі «гарантыя прававой вечнасці» канстытуцыйных палажэнняў, якія замацоўваюць асновы канстытуцыйнага ладу. Разгледжана прававая прырода казуальнага тлумачэння, якое ажыццяўляецца Канстытуцыйным Судом пры вырашэнні канкрэтных спраў. Грунтоўны навукова-тэарэтычны аналіз праведзены ў дачыненні да праблем кадыфікацыі імператыўных нормаў міжнароднага права, якія тычацца забеспячэння міжнароднага міру і бяспекі.
Падчас актыўнай дыскусіі па разглядаемых пытаннях ўсе члены Савета выказалі свае аргументаваныя пазіцыі, унеслі канкрэтныя прапановы і рэкамендацыі па далейшым развіцці навуковага пошуку і ўдасканаленні дактрыны канстытуцыйнага права.
Старшыня Навукова-кансультацыйнага савета, намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Суда Н.А.Карповіч адзначыла важнасць навуковай экспертнай падтрымкі ў рэалізацыі задач, ускладзеных на Канстытуцыйны Суд Канстытуцыяй і заканадаўчымі актамі, важнасць глыбокай навуковай прапрацоўкі прававых праблем, звязаных з ажыццяўленнем канстытуцыйнага кантролю.

