Навіны
10 лютага 2026 г. суддзя Канстытуцыйнага Суда А.В.Сямашка прыняла ўдзел у прэс-канферэнцыі «Жанчыны-навукоўцы Беларусі: дзяржаўная падтрымка, дасягненні і ўклад у развіццё інтэлектуальнага патэнцыялу краіны»

Прэс-канферэнцыя арганізавана РУП «Дом прэсы» ў рамках цыкла прэс-мерапрыемстваў «Ствараючыя і натхняльныя», прымеркаванага да Года беларускай жанчыны. У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, вядучых устаноў адукацыі краіны.

Захаванне і памнажэнне навуковага патэнцыялу нацыі – адна з ключавых стратэгічных задач дзяржавы. Удзельнікі прэс-канферэнцыі абмеркавалі напрамкі дзяржаўнай палітыкі па падтрымцы жанчын у навуцы, якія забяспечваюць умовы для іх самарэалізацыі і кар’ернага росту. Асаблівая ўвага была ўдзелена прарыўным навуковым дасягненням беларускіх жанчын, іх асабістаму досведу прафесійнага поспеху – прыкладам, якія натхняюць і выхоўваюць моладзь нашай краіны.

А.В.Сямашка выказала меркаванне аб паўнавартасным і раўнапраўным удзеле беларускіх жанчын у навуцы, дзяржаўным кіраванні, іншай прафесійнай дзейнасці. Суддзя Канстытуцыйнага Суда падкрэсліла, што Асноўны Закон нашай дзяржавы гарантуе жанчынам і мужчынам роўныя магчымасці ў атрыманні адукацыі і прафесійнай падрыхтоўцы, у працы і прасоўванні па службе, у грамадска-палітычнай, культурнай і іншых сферах дзейнасці, а таксама стварэнне ўмоў для аховы іх працы і здароўя. Перавагі і гарантыі, прадугледжаныя для жанчын працоўным заканадаўствам, як правіла, абумоўлены асаблівым клопатам дзяржавы пра жанчын, што дае ім магчымасць не толькі рабіць кар’еру, але і сумяшчаць прафесійную дзейнасць з сямейным жыццём і мацярынствам.