
Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь прыняў удзел у адкрыцці V Міжнароднага форуму IT-Акадэмграда «Штучны інтэлект у Беларусі». Выступаючы перад удзельнікамі, ён падкрэсліў важнасць прававога і этычнага рэгулявання штучнага інтэлекту, якое павінна забяспечваць абарону правоў і свабод грамадзян і захоўваць баланс паміж тэхналагічнымі інавацыямі і канстытуцыйнымі каштоўнасцямі.

Форум праходзіць у Мінску 13-14 кастрычніка і прымеркаваны да 98-годдзя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Ён аб'яднаў прадстаўнікоў навукі, адукацыі, органаў дзяржаўнага кіравання і бізнесу для абмеркавання перспектыў штучнага інтэлекту, прэзентацыі айчынных распрацовак і развіцця міжнароднага супрацоўніцтва.

«Для Канстытуцыйнага Суда асаблівую цікавасць уяўляюць пытанні прававога і этычнага рэгулявання штучнага інтэлекту – у тым ліку гарантыі абароны правоў і свабод грамадзян ва ўмовах лічбавай трансфармацыі, забеспячэнне балансу паміж інавацыямі і канстытуцыйнымі каштоўнасцямі, а таксама фарміраванне надзейных прававых механізмаў, якія выключаюць дыскрымінацыю і самаўпраўнасць пры выкарыстанні штучнага интелекту».
Паводле яго слоў, абмен думкамі на форуме дасць магчымасць не толькі пазначыць перспектыўныя напрамкі развіцця тэхналогій, але і выпрацаваць узважаныя падыходы да іх нарматыўнага суправаджэння з улікам міжнароднага вопыту і нацыянальных прыярытэтаў.

Старшыня Канстытуцыйнага Суда таксама выканаў ганаровую місію – уручыў узнагароды шэрагу пераможцаў адкрытага конкурсу «Лідэры штучнага інтэлекту Беларусі».
У праграме форуму – выстава беларускіх распрацовак у галіне штучнага інтэлекту і робататэхнікі, пленарнае пасяджэнне, канферэнцыя «Практычныя тэхналогіі штучнага інтэлекту» і ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу «Лідэры штучнага інтэлекту Беларусі – 2026». Распрацоўкі прадстаўлены ў сферах аховы здароўя, адукацыі, прамысловасці, энергетыкі, экалогіі і кібербяспекі.
У рабоце форуму бяруць удзел прадстаўнікі навуковых арганізацый і ўстаноў адукацыі Расіі, Кітая, Узбекістана і Турцыі.



