
У размове са студэнтамі факультэта права і выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта былі закрануты тэмы канстытуцыйнага развіцця, прававых гарантый суверэнітэту і ролі моладзі ва ўмацаванні беларускай дзяржавы.
Мерапрыемства прайшло ў рамках сістэмнай інфармацыйна-асветніцкай работы Канстытуцыйнага Суда, накіраванай на павышэнне прававой культуры навучэнскай моладзі і растлумачэнне палажэнняў Асноўнага Закона краіны.
У цэнтры ўвагі адкрытага дыялога знаходзіліся навацыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, механізмы забеспячэння вяршэнства права і спецыфіка дзейнасці органа канстытуцыйнага кантролю на сучасным этапе. Асаблівую цікавасць аўдыторыі выклікалі пытанні практычнага прымянення інстытута індывідуальнай канстытуцыйнай скаргі, а таксама прававыя аспекты гарантавання эканамічнай бяспекі і сацыяльнай стабільнасці.

«Фарміраванне сталай правасвядомасці ў студэнцкай моладзі – гэта падмурак устойлівага развіцця нашай дзяржавы. Сучасны спецыяліст, незалежна ад выбранага профілю - ці то эканоміка, фінансы, аналітыка або юрыспрудэнцыя, – павінен глыбока разумець канстытуцыйныя прынцыпы, усведамляць непарыўную сувязь паміж правамі грамадзяніна і яго грамадзянскай адказнасцю перад грамадствам і краінай», – падкрэсліў суддзя Канстытуцыйнага Суда.

У ходзе сустрэчы быў зроблены асаблівы акцэнт на канстытуцыйных гарантыях падтрымкі моладзі, абароне гістарычнай памяці, традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасцей і фарміраванні павагі да закону як базавага элемента нацыянальнай ідэнтычнасці.

У фармаце жывой дыскусіі студэнты БДЭУ змаглі задаць суддзі пытанні, якія тычацца спецыфікі канстытуцыйнага судаводства, правапрымяняльнай практыкі і актуальных напрамкаў нарматворчай дзейнасці.
Завяршылася сустрэча пазнавальнай экскурсіяй па будынку Канстытуцыйнага Суда, якая дала магчымасць звязаць атрыманыя тэарэтычныя веды аб яго дзейнасці з практыкай функцыянавання дзяржаўнага органа.



