Загрузка...

logo
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь
Меню
Алгарытм канстытуцыйнага судаводства і паўнамоцтвы Канстытуцыйнага Суда: А.В.Сямашка дапамагла будучым юрыстам паглыбіць тэарэтычныя веды

Суддзя Канстытуцыйнага Суда А.В.Сямашка сустрэлася сёння са студэнтамі юрыдычнага факультэта БДУ. Дыялог адбыўся непасрэдна ў зале судовых пасяджэнняў органа канстытуцыйнага кантролю.

Будучыя правазнаўцы даведаліся пра асаблівасці розных відаў канстытуцыйнага кантролю, паўнамоцтвы Канстытуцыйнага Суда, якія накіраваны на абарону канстытуцыйнага ладу, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі і яе прамога дзеяння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

«Такі фармат сустрэч дазваляе студэнтам паглыбіць свае тэарэтычныя веды ў галіне канстытуцыйнага права, лепш падрыхтавацца да прафесійнай дзейнасці, – адзначыла суддзя А.В.Сямашка. – Гэта магчымасць не толькі адчуць урачыстасць канстытуцыйнага судаводства, але і зразумець адказнасць суддзяў пры прыняцці рашэнняў канстытуцыйнага ўзроўню, усвядоміць значнасць прынцыпаў вяршэнства права, справядлівасці, роўнасці ўсіх перад законам».

Асаблівую цікавасць у студэнтаў выклікала абмеркаванне рэальных прыкладаў з практыкі суда, звязаных з ацэнкай умоў дапушчальнасці канстытуцыйных скаргаў, прыкмет парушэння канстытуцыйных правоў і свабод грамадзяніна ў выніку прымянення закона ў канкрэтнай справе з яго ўдзелам.

Таксама будучыя юрысты змаглі задаць суддзі пытанні і абмеркаваць актуальныя выклікі канстытуцыйнага правасуддзя ў сучасных умовах. Напрыканцы сустрэчы для гасцей была арганізавана азнаямленчая экскурсія па будынку Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.