
Намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Н.А.Карповіч сустрэлася сёння са студэнтамі і прафесарска-выкладчыцкім складам Гродзенскага дзяржуніверсітэта ім. Янкі Купалы.

Падчас дыялогавай пляцоўкі «Канстытуцыйныя каштоўнасці як прававы компас сучаснага грамадства» намеснікам кіраўніка Канстытуцыйнага Суда асаблівая ўвага нададзена пытанням ролі Канстытуцыі ў жыцці грамадства, фарміравання прававой культуры моладзі.

У сваім выступленні Н.А.Карповіч падкрэсліла, што павага да Асноўнага Закона пачынаецца з разумення яго каштоўнасці, бо менавіта «Канстытуцыя вызначае, кім мы з'яўляемся як грамадства і куды мы рухаемся».

«Наша задача – ператварыць літары Канстытуцыі, яе палажэнні ў асабістыя перакананні, перш за ўсё, маладога пакалення, – адзначыла яна. – У статусе дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу суддзі Канстытуцыйнага Суда праводзяць сустрэчы з працоўнымі калектывамі, ва ўстановах адукацыі, узаемадзейнічаюць з суб'ектамі грамадзянскай супольнасці, тлумачачы сутнасць прынятых УНС рашэнняў стратэгічнага характару. Мы таксама абмяркоўваем розныя пытанні, якія датычацца канстытуцыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе».
Гаворачы аб ролі Канстытуцыйнага Суда ў зацвярджэнні вяршэнства і прамога дзеяння Канстытуцыі Н.А.Карповіч падрабязна спынілася на рэалізацыі механізма прамога доступу грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя.

У Канстытуцыйны Суд, расказала намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Суда паступае ў год каля 80 канстытуцыйных скарг грамадзян. Абскарджваюцца нормы законаў у розных сферах адносін – адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці, падаткаабкладання, рэалізацыі права ўласнасці, правоў на жыллё, на судовую абарону, юрыдычную дапамогу і іншых. На працягу 2024–2026 гадоў па канстытуцыйных скаргах прынята 6 рашэнняў Канстытуцыйнага Суда.

У двух выпадках нормы законаў прызнаны не адпаведнымі Канстытуцыі. У астатніх рашэннях выкладзена выснова Канстытуцыйнага Суда аб канстытуцыйнасці законаў, пры гэтым заканадаўцу прапанавана ліквідаваць недахопы прававога рэгулявання, якія ўплывалі на правапрымяняльную практыку.
У час сустрэчы і размовы са студэнтамі і прафесарска-выкладчыцкім складам ГрДУ таксама была закранута актуальная тэма пераходу да грамадства сучаснай лічбавай культуры і неабходнасці ў гэтым працэсе стварэння надзейных прававых механізмаў забеспячэння канстытуцыйных правоў і свабод чалавека.

І сёння ж намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Н.А.Карповіч прыняла ўдзел у пасяджэнні адміністрацыі Ленінскага раёна г. Гродна.

Галоўнае пытанне парадку дня прысвечана стану правапарадку на тэрыторыі Ленінскага раёна абласнога цэнтра і эфектыўнасці мер па супрацьдзеянні кіберзлачынствам, прафілактыцы іх учынення, павышэнню лічбавай пісьменнасці насельніцтва.




