
Двухбаковая сустрэча Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь С.М.Сіўца з намеснікам Старшыні Канстытуцыйнага Суда Расійскай Федэрацыі А.У.Канавалавым прайшла напярэдадні Канстытуцыйных чытанняў, прысвечаных тэме: «Духоўна-маральныя каштоўнасці як канстытуцыйныя імператывы».
Вітаючы госця, Старшыня Канстытуцыйнага Суда расказаў аб новых паўнамоцтвах і дзейнасці органа канстытуцыйнага кантролю Беларусі, парадку выбрання суддзяў Канстытуцыйнага Суда Усебеларускім народным сходам, перспектывах далейшага пашырэння і паглыблення супрацоўніцтва канстытуцыйных судоў абедзвюх краін.

У прыватнасці, у ходзе размовы ён адзначыў, што Беларусь актыўна вывучае 35-гадовы вопыт работы Канстытуцыйнага Суда Расійскай Федэрацыі з індывідуальнымі канстытуцыйнымі скаргамі.

«У нашай краіне канстытуцыйнаму правасуддзю надаецца вялікая ўвага. Пасля канстытуцыйнай рэформы ў нас істотна абнавіўся Асноўны Закон. Грунтуючыся на нашым трохгадовым досведзе працы з канстытуцыйнымі скаргамі, а таксама вывучаючы правапрымяняльную практыку і досвед Расійскай Федэрацыі, мы ініцыюем маштабную карэкціроўку нашага профільнага закона аб канстытуцыйным судаводстве. Разлічваем, што 2027 год пройдзе ў нас пад эгідай гэтай важнай заканатворчай працы», – зазначыў С.М.Сівец.

Са свайго боку А.У.Канавалаў акцэнтаваў увагу на ўнікальнай блізкасці і сінхранізацыі прававых сістэм дзвюх дзяржаў, назваўшы супрацоўніцтва юрыстаў Беларусі і Расіі прыкладам найбольш паспяховага ўзаемадзеяння на ўсёй постсавецкай прасторы.
У рамках візіту для расійскага госця была арганізавана азнаямленчая экскурсія па будынку Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.

Па традыцыі А.У.Канавалаў пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей.




