Загрузка...

logo
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь
Меню
Духоўна-маральныя каштоўнасці – ядро канстытуцыйнай ідэнтычнасці і суверэнітэту Беларусі

Гэта падкрэсліў Старшыня Канстытуцыйнага Суда, вітаючы ўдзельнікаў канстытуцыйных чытанняў, якія адбыліся сёння ўпершыню ў Мінску.

Мерапрыемства, арганізаванае пад эгідай Канстытуцыйнага Суда і Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі ў рамках VIII Восеньскай навуковай сесіі, аб'яднала кіраўнікоў вышэйшых органаў дзяржаўнай улады, суддзяў, вядучых вучоных-прававедаў, гісторыкаў і сацыёлагаў з Беларусі, Расіі і Узбекістана, а таксама прадстаўнікоў духавенства.

З прывітальнымі словамі да яго ўдзельнікаў звярнуліся Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь С.М.Сівец і дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь А.Ф.Мацельскі. У ліку ганаровых гасцей і ўдзельнікаў форуму – намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Суда Расійскай Федэрацыі А.У.Канавалаў.

Тэма прадстаўнічай навуковай канферэнцыі: «Духоўна-маральныя каштоўнасці як канстытуцыйныя імператывы сучаснага грамадства і дзяржавы». У сваім дакладзе на пленарным пасяджэнні Старшыня Канстытуцыйнага Суда С.М.Сівец зазначыў, што абноўлены Асноўны Закон краіны замацаваў фундаментальныя каштоўнасці беларускага народа.

«Духоўна-маральныя каштоўнасці складаюць аксіялагічнае ядро Канстытуцыі, вызначаюць нашу канстытуцыйную ідэнтычнасць і выступаюць надзейнай заслонай ад знешняга ідэалагічнага ўмяшання. Гэта не проста маральныя катэгорыі, а канстытуцыйныя імператывы, на якіх будуецца ўся прававая і сацыяльная палітыка дзяржавы», – зрабіў акцэнт С.М.Сівец.

Паводле яго слоў, абарона гістарычнай памяці, інстытута традыцыйнай сям'і, развіццё прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці і гуманізму сёння з`яўляюцца прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці Канстытуцыйнага Суда.

Праграма Канстытуцыйных чытанняў ахапіла шырокі спектр пытанняў: ад абароны шлюбу і мацярынства да выклікаў лічбавай трансфармацыі і развіцця штучнага інтэлекту.

У сваю чаргу, закранаючы тэму ўплыву цыфравізацыі на грамадства, намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Суда Расійскай Федэрацыі А.У.Канавалаў падкрэсліў:

«Любыя новыя тэхналогіі і формы штучнага інтэлекту – гэта толькі інструменты. Важна не прапусціць мяжу, калі за чалавека пачынаюць думаць машыны. У пытаннях абароны ад знешняга інфармацыйнага і ідэалагічнага ціску галоўнае – не страціць сутнасць. Нашая нацыянальная, культурная і сэнсавая ідэнтычнасць, замацаваная ў канстытуцыях, – гэта той падмурак, з якім нам не страшныя ніякія вонкавыя выклікі».

Удзельнікі форуму звярнулі асаблівую ўвагу на неабходнасць фармавання канстытуцыйнага патрыятызму і прававой культуры на аснове нацыянальных традыцый. Было адзначана, што ва ўмовах глабальнай турбулентнасці менавіта адданасць духоўным караням дазваляе захоўваць стабільнасць дэмакратычнага правапарадку.