
Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Сяргей Сівец прыняў удзел у другім пасяджэнні Савета старшынь вярхоўных (вышэйшых) судоў дзяржаў – удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, якое праходзіць у Мінску.
У адкрыцці маштабнага міжнароднага форуму прынялі ўдзел кіраўнікі вышэйшых органаў судовай улады і інтэграцыйных структур. З прывітаннямі да ўдзельнікаў звярнуліся Старшыня Савета, Старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь А.І.Швед, Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь В.І.Чупрыс, а таксама кіраўнікі вярхоўных судоў Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана, Узбекістана, прадстаўнікі Суда ЕАЭС.
Вітаючы удзельнікаў міжнароднага форуму, Старшыня Канстытуцыйнага Суда падкрэсліў, што «судовая ўлада адыгрывае ключавую ролю ў забеспячэнні прамога дзеяння Асноўнага Закона, напаўнення рэальным зместам канстытуцыйных гарантый і зацвярджэння прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці». Разам з тым ён адзначыў і той факт, што ва ўмовах імклівай лічбавай трансфармацыі грамадства судовыя сістэмы краін СНД сутыкаюцца з новымі маштабнымі выклікамі, якія патрабуюць своечасовага і якаснага прававога рэагавання.

«Разам з рашэннем традыцыйных задач ва ўмовах імклівай лічбавай трансфармацыі грамадства судовая сістэма сутыкаецца з новымі маштабнымі выклікамі. Яны патрабуюць ад нас не проста своечасовага рэагавання, але і на аснове судовай практыкі – фармавання апераджальнага заканадаўства для належнай абароны правоў грамадзян у лічбавай сферы», – заявіў С.М.Сівец.
Старшыня Канстытуцыйнага Суда адзначыў, што ключавым вектарам для глыбокага прафесійнага дыялога сёння выступаюць укараненне інавацыйных тэхналогій, лічбавая трансфармацыя судаводства і бесперапыннае павышэнне эфектыўнасці правасуддзя.
У ходзе работы Савета кіраўнікі вышэйшых судовых інстанцый СНД абмеркавалі шырокі комплекс пытанняў развіцця інтэграцыйнага супрацоўніцтва ў прававой сферы.



