Грамадзянін звярнуўся ў Канстытуцыйны Суд з канстытуцыйнай скаргай аб праверцы канстытуцыйнасці падпункта 5.7 пункта 5 артыкула 34 Закона Рэспублікі Беларусь ад 22 ліпеня 2002 г. «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй» у рэдакцыі, якая дзейнічала і была прыменена судом пры разглядзе справы с яго удзелам.
У канстытуцыйнай скарзе заяўнік указаў, што падпункт 5.7 пункта 5 артыкула 34 Закона, які прадугледжвае адну з падстаў, па якой рэгістратар адмаўляе ў прыёме дакументаў, прадстаўленых для ўчынення рэгістрацыйнага дзеяння, не змяшчае крытэрыяў, якія даюць магчымасць вызначыць, ці адпавядае паміж сабой змест дакументаў, прадстаўленых для ажыццяўлення дзяржаўнай рэгістрацыі. Такое прававое рэгуляванне дазваляе судам прымяняць дадзеную норму пры разглядзе розных спрэчак пры аналагічных абставінах па-рознаму, што сведчыць аб яе неканстытуцыйнасці.
На думку заяўніка, абскарджваемая норма Закона была вытлумачана і прыменена судом пры разглядзе грамадзянскай справы з яго ўдзелам пашыральна, што прывяло да парушэння яго канстытуцыйных правоў, прадугледжаных артыкуламі 21, 22, 23, 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Канстытуцыйны Суд, пасля вывучэння прадстаўленых матэрыялыхаў, не знайшоў падставы для ўзбуджэння вядзення па справе.
У прынятым вызначэнні ўказана, што ў адпаведнасці з палажэннямі падпункта 5.7 пункта 5 артыкула 34 Закона рэгістратар адмаўляе ў прыёме дакументаў, прадстаўленых для ўчынення рэгістрацыйнага дзеяння, калі змест дакументаў, прадстаўленых для ажыццяўлення дзяржаўнай рэгістрацыі, не ўзгадняецца паміж сабой.
Як адзначана Канстытуцыйным Судом, названая прававая норма падлягае прымяненню судамі з улікам іх дыскрэцыйных паўнамоцтваў, абумоўленых прынцыпам самастойнасці судовай улады і рэалізуемых пры разглядзе канкрэтнай справы, у тым ліку шляхам даследавання і ацэнкі прадстаўленых дакументаў. Пры гэтым згодна з артыкулам 14 Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які дзейнічаў да 1 студзеня 2026 г., законнасць судаводства ў судзе, які разглядае эканамічныя справы, забяспечваецца правільным прымяненнем законаў і іншых нарматыўных прававых актаў, а таксама выкананнем суддзямі суда, які разглядае эканамічныя справы, правіл, устаноўленых заканадаўцам.
У адпаведнасці з артыкулам 24 Кодэкса грамадзянскага судаводства Рэспублікі Беларусь пры вырашэнні справы суд ацэньвае доказы па сваім унутраным перакананні, заснаваным на бесстароннім, усебаковым і поўным даследаванні наяўных у справе доказаў у іх сукупнасці, кіруючыся пры гэтым законам; ніякія доказы не маюць для суда загадзя ўсталяванай сілы.
Выкладзенае адносіцца і да ацэнкі судом па выніках даследавання прадстаўленых дакументаў абгрунтаванасці дзеянняў рэгістратара пры прыёме дакументаў, прадстаўленых для здзяйснення рэгістрацыйнага дзеяння. Адпаведна, абскарджаная норма Закона сама па сабе не можа разглядацца ў якасці парушаючай канстытуцыйныя правы заяўніка ва ўказаным ім аспекце.
Абмеркаванне фактычных абставін канкрэтнай справы і ацэнка судовай пастановы па сутнасці справы пры праверцы закона, прымененага ў канкрэтнай справе, па канстытуцыйнай скарзе ў кампетэнцыю Канстытуцыйнага Суда не ўваходзяць.
Ва ўзбуджэнні вядзення справы адмоўлена, паколькі прыкметаў парушэння канстытуцыйных правоў і свабод заяўніка няма.



