Загрузка...

logo
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь
Меню
Канстытуцыйны Суд наведалі члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на чале з Н.І.Качанавай.

Візіт быў накіраваны на паглыбленне міжведамаснага дыялогу ў мэтах павышэння якасці нацыянальнай заканатворчай дзейнасці і ўмацавання гарантый абароны правоў і свабод грамадзян.

У ходзе сустрэчы з кіраўніцтвам Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь у асобе яго Старшыні С.М.Сіўца, намесніка Старшыні Н.А.Карповіч і суддзямі сенатары абмеркавалі актуальныя пытанні практычнай рэалізацыі палажэнняў абноўленай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая замацавала новую архітэктуру органаў дзяржаўнай улады і пашырыла механізмы доступу грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя. Таксама адбыўся абмен думкамі аб новых формах удасканалення дзеючага заканадаўства і далейшага развіцця прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь.

Было адзначана, што Канстытуцыйны Суд і Савет Рэспублікі вядуць пастаянную скаардынаваную работу, накіраваную на забеспячэнне вяршэнства Асноўнага Закона і падтрыманне стабільнасці прававой сістэмы краіны.

Асаблівы акцэнт быў зроблены на пытаннях прэвентыўнага (папярэдняга) канстытуцыйнага кантролю, функцыянаванні інстытута канстытуцыйнай скаргі, а таксама ролі Канстытуцыйнага Суда ва ўдасканаленні заканадаўства.

У прыватнасці, Старшыня Канстытуцыйнага Суда С.М.Сівец звярнуў увагу, што на другім пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам было даручана больш шырока выкарыстоўваць патэнцыял Канстытуцыйнага Суда з пункту гледжання выкарыстання яго ў рамках законапраектнай дзейнасці, пры ўдасканаленні дзеючага заканадаўства і прававой сістэмы.

«Асабліва гэта тычыцца новых сфер грамадскіх адносін, якія дастаткова інтэнсіўна развіваюцца, што патрабуе так званай заканатворчай працы на апярэджанне, прэвентыўнага канстытуцыйнага кантролю і прагназавання наступстваў прымянення тых нарматыўных прававых актаў, якія могуць мець прававую нявызначанасць і ў перспектыве выклікаць неспрыяльныя наступствы ў частцы забеспячэння рэалізацыі асноўных свабод чалавека і грамадзянскіх правоў.

Для парламентарыяў была арганізавана экскурсія па будынку Канстытуцыйнага Суда, дзе яны азнаёміліся з музейнай экспазіцыяй аб гісторыі беларускага канстытуцыяналізму і ўмовамі работы судзейскага корпуса.

Па выніках сустрэчы бакі пацвердзілі намер і надалей развіваць канструктыўнае супрацоўніцтва ў інтарэсах умацавання правапарадку і стабільнага развіцця беларускага грамадства.

Напрыканцы візіту членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу адбыўся абмен памятнымі сувенірамі, а таксама Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Н.І.Качанава пакінула запіс у кнізе ганаровых гасцей.