Згодна з абзацам другім часткі пятай артыкула 1161 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Канстытуцыйны Суд у парадку, устаноўленым законам, выносіць рашэнні па скаргах грамадзян на парушэнні іх канстытуцыйных правоў і свабод, правяраючы канстытуцыйнасць законаў, прымененых у канкрэтнай справе, калі вычарпаны ўсе іншыя сродкі судовай абароны.
Артыкулам 152 Закона Рэспублікі Беларусь ад 8 студзеня 2014 г. № 124-З «Аб канстытуцыйным судаводстве» (у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2023 г. № 284-З) (далей – Закон аб канстытуцыйным судаводстве) прадугледжана, што канстытуцыйную скаргу ў Канстытуцыйны Суд мае права падаць грамадзянін, чые канстытуцыйныя правы і свабоды, па яго меркаванні, парушаны законам, прымененым у канкрэтнай справе.
Канстытуцыйная скарга падаецца ў Канстытуцыйны Суд у пісьмовай або электроннай форме.
Падача канстытуцыйнай скаргі ў пісьмовай форме ажыццяўляецца асабіста, пасланцам (кур'ерам) або праз паштовую сувязь на адрас: 220016, г. Мінск, вул. Чырвонаармейская, 4.
Падача канстытуцыйнай скаргі ў электроннай форме ажыццяўляецца праз запаўненне спецыяльнай формы ў парадку, які вызначаецца Рэгламентам Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.
Канстытуцыйная скарга, якая падаецца ў электроннай форме, павінна змяшчаць адрас электроннай пошты грамадзяніна.
У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 153 Закона аб канстытуцыйным судаводстве канстытуцыйная скарга дапушчальная, калі:
маюцца прыметы парушэння канстытуцыйных правоў і свабод грамадзяніна ў выніку прымянення закона ў канкрэтнай справе з яго ўдзелам;
канстытуцыйная скарга пададзена ў тэрмін не пазней за адзін год з дня прыняцця судовай пастановы (рашэння), якой вычэрпваюцца ўсе іншыя сродкі судовай абароны па адпаведнай катэгорыі спраў;
вычарпаны ўсе іншыя сродкі судовай абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзяніна пры вырашэнні канкрэтнай справы.
Пад вычарпаннем усіх іншых сродкаў судовай абароны разумеюцца:
- па грамадзянскіх справах – паслядоўнае абскарджанне (уапеляцыйным, касацыйным і наглядным парадку) судовых пастаноў, утым ліку выкананне адной з наступных умоў:
наяўнасць у сукупнасці наступных акалічнасцей: адмова суддзі Вярхоўнага Суда ў перадачы справы на разгляд Прэзідыума Вярхоўнага Суда, пакіданне без задавальнення Старшынёй Вярхоўнага Суда або яго намеснікам нагляднай скаргі на вызначэнне суддзі Вярхоўнага Суда аб такой адмове, адмова Генеральнага пракурора або яго намесніка ў прынясенні пратэсту ў парадку нагляду;
пакіданне нагляднай скаргі (пратэсту ў парадку нагляду) Прэзідыумам Вярхоўнага Суда без задавальнення.
У прымяненні да дадзенага пункта да ўступлення ў сілу Кодэкса грамадзянскага судаводства Рэспублікі Беларусь пад вычарпаннем усіх іншых сродкаў судовай абароны па грамадзянскіх і эканамічных справах разумеецца паслядоўнае абскарджанне (у апеляцыйным, касацыйным і наглядным парадку) судовых пастаноў, у тым ліку адмова ў прынясенні пратэсту ў парадку нагляду службовай асобай Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь і службовай асобай Генеральнай пракуратуры або пакіданне пратэсту ў парадку нагляду без задавальнення Прэзідыумам Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.
- па крымінальных справах – паслядоўнае абскарджанне (уапеляцыйным, касацыйным і наглядным парадку) судовых пастаноў, утым ліку выкананне адной з наступных умоў:
наяўнасць у сукупнасці наступных акалічнасцей: адмова суддзі Вярхоўнага Суда ў перадачы нагляднай скаргі для разгляду ў судовым пасяджэнні Прэзідыума Вярхоўнага Суда, пакіданне без задавальнення Старшынёй Вярхоўнага Суда або яго намеснікам нагляднай скаргі на пастанову суддзі Вярхоўнага Суда аб такой адмове, адмова Генеральнага пракурора або яго намесніка ў прынясенні нагляднага пратэсту;
пакіданне нагляднай скаргі (нагляднага пратэсту) Прэзідыумам Вярхоўнага Суда без задавальнення;
- па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях – пакіданне Вярхоўным Судом без задавальнення скаргі (пратэсту) на не ўступіўшую ў законную сілу пастанову па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Межы праверкі канстытуцыйнасці закона, прымененага ў канкрэтнай справе, па канстытуцыйнай скарзе ўстанаўліваюцца артыкулам 55 Закона аб канстытуцыйным судаводстве з улікам асаблівасцей справы. У ходзе разгляду справы аб праверцы канстытуцыйнасці закона, прымененага ў канкрэтнай справе, па канстытуцыйнай скарзе Канстытуцыйны Суд не ўваходзіць у абмеркаванне фактычных акалічнасцей канкрэтнай справы і не дае ацэнку судовай пастанове па сутнасці справы (артыкул 161 Закона аб канстытуцыйным судаводстве).
Па выніках разгляду і вырашэння справы Канстытуцыйны Суд выносіць рашэнне:
аб адпаведнасці Канстытуцыі (канстытуцыйнасці) закона або яго асобных палажэнняў;
аб неадпаведнасці Канстытуцыі (неканстытуцыйнасці) закона або яго асобных палажэнняў (артыкул 162 Закона аб канстытуцыйным судаводстве).