Мiжнародныя сувязi

1. Канстытуцыйны Суд – адзін з заснавальнікаў Еўразiйскай асацыяцыi органаў канстытуцыйнага кантролю (створана ў 1997 годзе), удзельнікамі якой з’яўляюцца таксама органы канстытуцыйнага кантролю Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Манголіі, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана. З 2018 года ў Еўразійскай асацыяцыі старшынствуе Канстытуцыйны Суд Казахстана.

Штогод пад эгідай Еўразійскай асацыяцыі праводзяцца міжнародныя канферэнцыі па розных канстытуцыйна-прававых пытаннях, у якіх удзельнічаюць прадстаўнікі Канстытуцыйнага Суда, выступаючы з пленарнымі дакладамі. У Весніку Еўразійскай асацыяцыі на пастаяннай аснове публікуюцца важнейшыя рашэнні Канстытуцыйнага Суда.

2. Канстытуцыйны Суд з верасня 2011 года з’яўляецца членам Сусветнай канферэнцыі па канстытуцыйным правасуддзі.

Сусветная канферэнцыя аб’ядноўвае больш за 120 канстытуцыйных судоў і органаў роўнай юрысдыкцыі ў свеце, садзейнічаючы развіццю канстытуцыйнага кантролю як ключавога элемента дэмакратыі, абароны правоў і свабод чалавека, вяршэнства права.

Канстытуцыйны Суд прымае актыўны ўдзел у рэгулярных кангрэсах Сусветнай канферэнцыі, рыхтуе нацыянальныя даклады па тэмах кангрэсаў. Супрацоўніцтва дазваляе ўлічваць назапашаны сусветны вопыт у сферы канстытуцыйнага кантролю, атрымліваць актуальную і аб’ектыўную інфармацыю аб працэсах, якія адбываюцца ў канстытуцыйна-прававой сферы ў розных дзяржавах свету.

3. Канстытуцыйны Суд супрацоўнічае з органамі канстытуцыйнага кантролю замежных дзяржаў на двухбаковай аснове (удзел у міжнародных канферэнцыях, заключэнне мемарандумаў аб супрацоўніцтве, абмен візітамі, друкаванымі выданнямі), што садзейнічае аператыўнаму абмену вопытам у сферы канстытуцыйнага правасуддзя, развіццю адносін і прафесійнаму ўзаемадзеянню.