Канстытуцыйны Суд

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь у красавіку 1994 года заснаваны Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыйны Суд), які ажыццяўляе кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве праз канстытуцыйнае судаводства ў мэтах абароны канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, гарантаваных Канстытуцыяй правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі і яе прамога дзеяння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Прававую аснову арганізацыі і дзейнасці Канстытуцыйнага Суда складаюць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Закон Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве», Рэгламент Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыйны Суд фарміруецца ў колькасці 12 суддзяў з высокакваліфікаваных спецыялістаў у галіне права. Старшыня, намеснік Старшыні і суддзі Канстытуцыйнага Суда выбіраюцца і вызваляюцца ад пасады Усебеларускім народным сходам. Старшыня і намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Суда выбіраюцца з ліку суддзяў Канстытуцыйнага Суда.

Суддзі Канстытуцыйнага Суда выбіраюцца на 11 год.

Канстытуцыйны Суд ажыццяўляе наступныя паўнамоцтвы:

па прапановах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь дае заключэнні:

аб тлумачэнні Канстытуцыі;

аб адпаведнасці Канстытуцыі законаў, указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, нарматыўных прававых актаў іншых дзяржаўных органаў;

па прапановах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дае заключэнні:

аб канстытуцыйнасці праектаў законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю;

аб адпаведнасці Канстытуцыі законаў, прынятых Парламентам Рэспублікі Беларусь, да іх падпісання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь;

аб канстытуцыйнасці пытанняў, якія выносяцца на рэспубліканскі рэферэндум;

аб адпаведнасці Канстытуцыі не ўступіўшых у сілу міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь;

у выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй, дае заключэннi:

па прапанове Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Канстытуцыі;

па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння палатамі Парламента Рэспублікі Беларусь Канстытуцыі;

па прапанове Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу дае заключэннi аб канстытуцыйнасці правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь;

у парадку, устаноўленым законам, выносіць рашэннi:

па скаргах грамадзян на парушэнні іх канстытуцыйных правоў і свабод, правяраючы канстытуцыйнасць законаў, прымененых у канкрэтнай справе, калі вычарпаны ўсе іншыя сродкі судовай абароны;

па запытах судоў, правяраючы канстытуцыйнасць нарматыўных прававых актаў, якія падлягаюць прымяненню пры разглядзе судамі канкрэтных спраў;

у парадку, устаноўленым законам:

па прапановах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь выкладае сваю пазіцыю аб дакументах, якія прыняты (выдадзены) замежнымі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі і (або) іх органамі і закранаюць інтарэсы Рэспублікі Беларусь, у частцы адпаведнасці гэтых дакументаў агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права;

прымае штогадовыя пасланні Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь.

У рашэннях і фармулюемых у іх прававых пазіцыях Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з вяршэнства права, шляхам выяўлення канстытуцыйна-прававога сэнсу норм законаў і іншых нарматыўных прававых актаў садзейнiчае выпрацоўцы прававых механізмаў развіцця і абароны канстытуцыйных каштоўнасцей і дасягнення канстытуцыйна значных мэт, арыентуе заканадаўца і правапрымяняльнікаў на няўхільнае выкананне канстытуцыйных палажэнняў і іх рэальнае забеспячэнне.