З Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве» (у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2023 г. № 284-З)
Артыкул 154. Агульныя патрабаванні да зместу канстытуцыйнай скаргі
- У канстытуцыйнай скарзе ўказваюцца:
1.1. прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое ёсць) грамадзяніна, адрас яго месца жыхарства (месца знаходжання);
1.2. даныя аб прадстаўніку, калі грамадзянін мае прадстаўніка, і яго паўнамоцтвы;
1.3. назва прымененага ў канкрэтнай справе закона, канстытуцыйнасць якога падлягае праверцы, дата прыняцця і рэгістрацыйны нумар закона;
1.4. нормы Канстытуцыі, Кодэкса, якія замацоўваюць адпаведнае паўнамоцтва Канстытуцыйнага Суда і права грамадзяніна на падачу канстытуцыйнай скаргі;
1.5. пазіцыя грамадзяніна па пастаўленым у канстытуцыйнай скарзе пытанні і яе прававое абгрунтаванне са спасылкай на адпаведныя нормы Канстытуцыі;
1.6. звесткі, якія пацвярджаюць, што грамадзянін вычарпаў усе іншыя сродкі судовай абароны;
1.7. патрабаванне грамадзяніна, звернутае да Канстытуцыйнага Суда ў сувязі з падачай канстытуцыйнай скаргі;
1.8. пералік дакументаў і іншых матэрыялаў, якія прыкладаюцца да канстытуцыйнай скаргі.
- Канстытуцыйная скарга падпісваецца грамадзянінам або яго прадстаўніком.
Артыкул 155. Дакументы і іншыя матэрыялы, якія прыкладаюцца да канстытуцыйнай скаргі
- Да канстытуцыйнай скаргі прыкладаюцца:
1.1. копія дакумента, які сведчыць асобу грамадзяніна;
1.2. даверанасць або іншы дакумент, які пацвярджае права прадстаўляць інтарэсы грамадзяніна;
1.3. копіі судовых пастаноў, якія пацвярджаюць прымяненне закона, канстытуцыйнасць якога падлягае праверцы, пры разглядзе канкрэтнай справы, а таксама копіі судовых пастаноў (рашэнняў), якія пацвярджаюць вычарпанне ўсіх іншых сродкаў судовай абароны. Выдача грамадзяніну копій такіх дакументаў праводзіцца па яго патрабаванні адпаведным судом, іншым дзяржаўным органам;
1.4. іншыя матэрыялы, якія маюць значэнне для разгляду і вырашэння справы;
1.5. пераклад на беларускую або рускую мову ўсіх прыкладзеных да канстытуцыйнай скаргі дакументаў і іншых матэрыялаў, выкладзеных на замежнай мове.
- Да канстытуцыйнай скаргі могуць быць прыкладзены хадайніцтва аб вызваленні ад дзяржаўнай пошліны за яе разгляд і дакументы, што пацвярджаюць акалічнасці, якія з'яўляюцца падставай для такога вызвалення.
З главы 3 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь
- Для падачы канстытуцыйнай скаргі ў Канстытуцыйны Суд у электроннай форме грамадзянін:
рэгіструецца (запаўняе рэгістрацыйную форму) на афіцыйным сайце Канстытуцыйнага Суда ў глабальнай камп'ютэрнай сетцы Інтэрнэт;
актывуе створаны ўліковы запіс (асабісты кабінет);
запаўняе ў асабістым кабінеце спецыяльную форму з дадаткам (далучэннем) да яе электронных адлюстраванняў дакументаў і матэрыялаў, прадугледжаных артыкулам 155 Закона. Электронныя адлюстраванні ствараюцца шляхам сканіравання дакументаў і матэрыялаў на папяровых носьбітах і захавання на электронны носьбіт файлаў у графічным фармаце.
- Накіроўваемыя ў Канстытуцыйны Суд у электроннай форме звароты, у тым ліку канстытуцыйная скарга, а таксама дакументы і іншыя матэрыялы, якія прыкладаюцца да іх, павінны быць прадстаўлены ў наступных фарматах:
для дакументаў у электронным выглядзе:
Portable Document Format / A (PDF/A);
Office Open XML (DOCX);
OpenDocument Format (ODT);
для электронных адлюстраванняў дакументаў на папяровых носьбітах:
Portable Network Graphics (PNG);
Tagged Image File Format (TIFF);
Joint Photograph Experts Group (JPEG);
Portable Document Format / A (PDF/A).