Звароты аб прабелах, калізіях і прававой нявызначанасці

Інфармацыя аб парадку разгляду Канстытуцыйным Судом зваротаў па пытаннях устаранення ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэння ў іх калізій і прававой нявызначанасці

На падставе абзаца восьмага часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў Канстытуцыйны Суд прымае рашэннi аб устараненнi ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці.

Згодна з часткай першай артыкула 158 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве» падставай для ўзбуджэння вядзення па справе аб устараненнi ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці з'яўляюцца паступіўшыя ў Канстытуцыйны Суд звароты дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, а таксама грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, якія змяшчаюць інфармацыю аб наяўнасці ў нарматыўных прававых актах прабелаў, калізій і прававой нявызначанасці.

Канстытуцыйны Суд узбуджае вядзенне па справе аб устараненнi ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці ў выпадках, калі прабелы, калізіі і прававая нявызначанасць у заканадаўстве маюць канстытуцыйна-прававое значэнне.

Папярэдні разгляд (вывучэнне) зваротаў з мэтай выяўлення ў іх інфармацыі аб наяўнасці ў нарматыўных прававых актах прабелаў, калізій і прававой нявызначанасці, якія маюць канстытуцыйна-прававое значэнне, у адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 158 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве» ажыццяўляецца Сакратарыятам Канстытуцыйнага Суда ў парадку, які ўстанаўліваецца Канстытуцыйным Судом.

Рэкамендацыі па змесце зваротаў аб ліквідацыі ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці

У зваротах, якія змяшчаюць інфармацыю аб наяўнасці ў нарматыўных прававых актах прабелаў, калізій і прававой нявызначанасці, рэкамендуецца адлюстроўваць наступныя звесткі:

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у якасці органа, у які накіроўваецца зварот;

прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое ёсць) грамадзяніна, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка, адрас яго месца жыхарства (месца знаходжання);

поўнае найменне арганізацыі і яе месца знаходжання, прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое ёсць) кіраўніка арганізацыі або асобы, упаўнаважанай ва ўстаноўленым парадку падпісваць зварот аб устараненнi ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці;

від і назва нарматыўнага прававога акта, які змяшчае, па меркаванні заяўніка, прабелы, калізіі і прававую нявызначанасць, дату і нумар яго прыняцця (выдання);

прававое абгрунтаванне пазіцыі заяўніка аб наяўнасці ў нарматыўным прававым акце прабелаў, калізій і прававой нявызначанасці, якія маюць канстытуцыйна-прававое значэнне;

пералік прыкладаемых да звароту дакументаў і іншых матэрыялаў, якія маюць значэнне для яго разгляду па сутнасці;

асабісты подпіс грамадзяніна, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка, кіраўніка арганізацыі або асобы, упаўнаважанай ва ўстаноўленым парадку падпісваць зварот (за выключэннем электронных зваротаў, якія павінны змяшчаць адрас электроннай пошты заяўніка).