Палажэнне аб Навукова-кансультацыйным савеце пры Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь
1. Дадзенае Палажэнне вызначае мэты, задачы і парадак работы Навукова-кансультацыйнага савета пры Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь (далей – Савет).
2. Савет з’яўляецца дарадчым органам, створаным у мэтах:
аказання навуковага садзейнічання Канстытуцыйнаму Суду Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыйны Суд) у рэалізацыі задач, ускладзеных на яго Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, іншымі заканадаўчымі актамі;
навуковага аналізу тэарэтычных і практычных праблем, звязаных з ажыццяўленнем кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве.
3. Задачамі Савета з’яўляюцца:
3.1. выпрацоўка і ўнясенне на разгляд Канстытуцыйнага Суда навукова абгрунтаваных прапаноў і рэкамендацый па пытаннях:
павышэння эфектыўнасці прававых механізмаў абароны канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, гарантаваных Канстытуцыяй правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі і яе прамога дзеяння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;
удасканалення прававога рэгулявання канстытуцыйнага судаводства;
па іншых пытаннях ажыццяўлення канстытуцыйнага кантролю;
3.2. умацаванне супрацоўніцтва з навуковымі і іншымі арганізацыямі для выкарыстання дасягненняў юрыдычнай навукі і практыкі ў дзейнасці Канстытуцыйнага Суда.
4. Савет складаецца з старшыні Савета, сакратара Савета і іншых членаў Савета. Персанальны склад Савета зацвярджаецца Канстытуцыйным Судом па прадстаўленні старшыні Канстытуцыйнага Суда.
Савет дзейнічае на грамадскіх пачатках.
5. Члены Савета маюць права:
накіроўваць сакратару Савета сваё меркаванне па пытаннях парадку пасяджэння Савета, выкладзенае ў пісьмовай форме;
для выпрацоўкі пазіцыі па пытанні, якое ўключана ў парадак пасяджэння Савета, ва ўстаноўленым парадку карыстацца наяўнай у Канстытуцыйным Судзе прававой інфармацыяй, у тым ліку ў электронным выглядзе;
прысутнічаць ва ўстаноўленым парадку на пасяджэннях Канстытуцыйнага Суда;
па запрашэнні старшыні Канстытуцыйнага Суда прымаць удзел у канферэнцыях і семінарах, якія праводзяцца Канстытуцыйным Судом.
6. Старшыня Савета кіруе дзейнасцю Савета і старшынствуе на яго пасяджэннях.
Па ўзгадненні са Старшынёй Канстытуцыйнага Суда старшыня Савета ўносіць пытанні на разгляд Савета, вызначае дакладчыкаў па пытаннях парадку пасяджэння Савета, інфармуе Канстытуцыйны Суд аб прынятых Саветам рашэннях.
7. Сакратар Савета арганізуе падрыхтоўку аналітычных і іншых матэрыялаў па пытаннях, вынесеных на разгляд Савета, прымае іншыя меры па забеспячэнні дзейнасці Савета.
Пры падрыхтоўцы пасяджэнняў Савета з улікам меркаванняў, якія паступілі ад членаў Савета, сакратар Савета рыхтуе праект рашэння Савета, вядзе пратаколы пасяджэнняў Савета.
8. Пасяджэнні Савета склікаюцца па меры неабходнасці старшынёй Савета. Члены Савета ўдзельнічаюць у пасяджэннях асабіста.
У пасяджэннях Савета могуць удзельнічаць суддзі Канстытуцыйнага Суда, а таксама па рашэнні старшыні Савета – навуковыя работнікі і іншыя спецыялісты, якія не з’яўляюцца членамі Савета.
9. Па выніках абмеркавання пытанняў Савет прымае рашэнні ў форме рэкамендацый.
Рашэнне Савета лічыцца прынятым, калі за яго прагаласавала больш за палову членаў Савета, якія ўдзельнічаюць у пасяджэнні.
Рашэнні Савета афармляюцца пратаколам, які падпісваецца старшынёй Савета і сакратаром Савета.
10. Арганізацыйнае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці Савета ажыццяўляецца Сакратарыятам Канстытуцыйнага Суда.