Загрузка...

logo
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь
Меню
На пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь разгледжана пытанне аб прававым рэгуляванні выплаты выхадной дапамогі пры скасаванні тэрміновага працоўнага дагавора (кантракта)

На пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 5 сакавіка 2009 г. прынята рашэнне (суддзя-дакладчык Ізотка У.П.), якое датычыцца прававога рэгулявання выплаты выхадной дапамогі пры скасаванні тэрміновага працоўнага дагавора (кантракта). Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

Кантракт з’яўляецца разнавіднасцю тэрміновага працоўнага дагавора, і пры яго скасаванні ў сувязі з парушэннем наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага або працоўнага дагавора павінна прымяняцца норма часткі трэцяй артыкула 41 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якая прадугледжвае выплату выхадной дапамогі ў памеры двухтыднёвага сярэдняга заработку.

У адпаведнасці з пунктам 2 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 жніўня 1999 г. № 1180 пры скасаванні кантракта з-за невыканання або неналежнага выканання наймальнікам яго ўмоў павінна выплачвацца мінімальная кампенсацыя за пагаршэнне прававога становішча работніка ў памеры трох сярэднямесячных заработных плат.

На практыцы пры скасаванні кантракта па ўказанай падставе ўзнікала пытанне аб выплаце ў гэтым выпадку толькі мінімальнай кампенсацыі або мінімальнай кампенсацыі і выхадной дапамогі.

Пленум Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь у пастанове ад 26 чэрвеня 2008 г. № 4 “Аб практыцы разгляду судамі працоўных спрэчак, звязаных з кантрактнай формай найму работнікаў” растлумачыў, што “выплата разам з мінімальнай кампенсацыяй за пагаршэнне прававога становішча работніка ў памеры трох сярэднямесячных заработных плат выхадной дапамогі ў памеры двухтыднёвага сярэдняга заработку за парушэнне наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага або працоўнага дагавора пры скасаванні кантракта не прадугледжана”.

Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, нявызначанасць, якая склалася ў пытаннях выплаты выхадной дапамогі і мінімальнай кампенсацыі пры скасаванні кантракта па гэтай падставе, можа быць пераадолена ўнясеннем адпаведных змяненняў і дапаўненняў у частку трэцюю артыкула 41 і частку трэцюю артыкула 48 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У сувязі з гэтым Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь прапанавана падрыхтаваць праект адпаведнага закона.