У Канстытуцыйны Суд звярнулася грамадзянка Абалонская Т.У. з канстытуцыйнай скаргай аб праверцы канстытуцыйнасці падпункта 14.5 пункта 14 артыкула 731 «Камеральная праверка адпаведнасці расходаў даходам фізічнай асобы» Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Агульная частка), які вызначыў парадак уліку расходаў на будаўніцтва аб’ектаў нерухомасці, у тым ліку жылых дамоў, што ажыццяўляецца фізічнай асобай без прыцягнення забудоўшчыка або падрадчыка, для мэт падатковага кантролю.
На думку заяўніцы, абскарджаныя палажэнні артыкула 731 Падатковага кодэкса не адпавядаюць Канстытуцыі, паколькі дапускаюць рознае падаткаабкладанне даходаў адной і той жа катэгорыі плацельшчыкаў – фізічных асоб, якія ажыццяўляюць будаўніцтва жылых памяшканняў з дзяржаўнай падтрымкай, без прыцягнення забудоўшчыка або падрадчыка, у залежнасці ад атрыманых і накіраваных на будаўніцтва крэдытных сродкаў і наяўнасці дакументацыі аб кошце будаўніцтва; дазваляюць прымяненне са зваротнай сілай нормаў падатковага заканадаўства.
Парушэнне сваіх правоў заяўніца бачыць таксама ў тым, што ва ўказаным артыкуле Падатковага кодэкса адсутнічае механізм індэксацыі даходаў фізічнай асобы, атрыманых у перыяд будаўніцтва аб’екта нерухомасці і накіраваных на яго будаўніцтва.
Канстытуцыйны Суд зыходзячы з артыкула 2, часткі трэцяй артыкула 7, частак першай і чацвёртай артыкула 21, артыкула 22, часткі шостай артыкула 44, артыкула 56 Канстытуцыі ва ўзаемасувязі з часткай першай артыкула 23 Канстытуцыі прыйшоў да высновы, што вызначэнне парадку ўліку расходаў на будаўніцтва аб’ектаў нерухомасці для мэт падатковага кантролю адпавядае патрабаванням канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права, роўнасці ўсіх перад законам, канстытуцыйнага абавязку грамадзян плаціць дзяржаўныя падаткі, пошліны і іншыя плацяжы.
Пры гэтым Канстытуцыйны Суд у прынятым рашэнні па справе зазначыў, што заканадавец, меючы дастаткова шырокую дыскрэцыю ў прававым рэгуляванні падатковага кантролю, устанавіў у нормах падпункта 14.5 пункта 14 артыкула 731 Падатковага кодэкса гнуткі падыход да ўліку расходаў на будаўніцтва аб’ектаў нерухомасці, якое ажыццяўляецца фізічнай асобай без прыцягнення забудоўшчыка або падрадчыка, у памеры кошту будаўніцтва, указанай у каштарыснай дакументацыі, акце прыёмкі ў эксплуатацыю; прадугледзеў варыянт уліку пры адсутнасці такіх дакументаў; замацаваў права фізічнай асобы прадставіць заключэнне аб незалежнай рынкавай ацэнцы аб’ектаў нерухомасці ў выпадку нязгоды з памерам расходаў, улічаных падатковым органам. Усталяваны варыятыўны парадак змяшчае пэўныя арыенціры для правапрымянення ў розных сітуацыях, якія ўзнікаюць на практыцы, што дазваляе пазбягаць суб’ектывізму пры прыняцці падатковымі органамі рашэнняў аб уліку расходаў фізічных асоб на будаўніцтва аб’ектаў нерухомасці, абмяжоўваючы меркаванне правапрымяняльніка разумнымі рамкамі.
У рашэнні адзначана, што ўстанаўленне індэксацыі даходаў фізічных асоб уваходзіць у дыскрэцыю заканадаўца, які ў межах сваіх паўнамоцтваў у залежнасці ад мэт прававога рэгулявання мае права вызначаць механізм індэксацыі даходаў, атрыманых грамадзянамі ў беларускіх рублях.
Адсутнасць у сістэме дзеючага прававога рэгулявання падатковага кантролю механізму індэксацыі даходаў фізічнай асобы, атрыманых у выглядзе крэдытных сродкаў у беларускіх рублях і накіраваных на будаўніцтва аб’ектаў нерухомасці, не парушае канстытуцыйных правоў заяўніцы.
Па выніках разгляду справы Канстытуцыйны Суд у прынятым рашэнні прызнаў падпункт 14.5 пункта 14 артыкула 731 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які ўстанаўлівае парадак уліку расходаў на будаўніцтва аб’ектаў нерухомасці, у тым ліку жылых дамоў, што ажыццяўляецца фізічнай асобай без прыцягнення забудоўшчыка або падрадчыка, для мэт падатковага кантролю, адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.