Навіны
Канстытуцыйны Суд пацвердзіў правамернасць прыцягнення асоб да адміністрацыйнай адказнасці за недэклараванне падлеглых мытнаму дэклараванню наяўных грашовых сродкаў, якія перамяшчаюцца праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза (вызначэнні Канстытуцыйнага Суда ад 10 ліпеня 2025 г.)

У Канстытуцыйны Суд звярнуліся замежныя грамадзяне Чысцякоў В.М. і Хелер У.М. з канстытуцыйнымі скаргамі аб праверцы канстытуцыйнасці прымененай пры прыцягненні іх да адміністрацыйнай адказнасці часткі 2 артыкула 15.5 «Недэклараванне або прадстаўленне недакладных звестак аб таварах» Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Названыя асобы былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за недэклараванне падлеглых мытнаму дэклараванню наяўных грашовых сродкаў, якія перамяшчаліся імі праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза, з накладаннем на заяўнікаў адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе штрафу з канфіскацыяй незадэклараваных наяўных грашовых сродкаў.

На думку заяўнікаў, частка 2 артыкула 15.5 КаАП, якая прадугледжвае канфіскацыю асабістай маёмасці грамадзян за правапарушэнне, учыненае з-за неасцярожнасці, без прамога намеру, не адпавядае палажэнням артыкула 44 Канстытуцыі; канфіскацыя розных сум незадэклараваных наяўных грашовых сродкаў, якія перавышаюць устаноўлены Мытным кодэксам ЕАЭС памер такіх сродкаў, не падлеглых дэклараванню пры іх адначасовым увозе на мытную тэрыторыю ЕАЭС або вывазе з яе, прадугледжвае розную адміністрацыйную адказнасць за адно і тое ж правапарушэнне (недэклараванне); непрапарцыйны характар адказнасці ў выглядзе аднолькавых наступстваў (канфіскацыі) як пры наўмыснай форме віны, так і з-за неасцярожнасці не адпавядае прынцыпу роўнасці грамадзян перад законам (артыкул 22 Канстытуцыі).

Канстытуцыйны Суд у прынятых вызначэннях адзначыў, што адміністрацыйная адказнасць за невыкананне абавязку дэкларавання накіравана на спыненне парушэнняў устаноўленага парадку мытнага рэгулявання, трансгранічнага перамяшчэння грашовых сродкаў і процідзеянне незаконным фінансавым аперацыям, прызначана для забеспячэння бяспекі дзяржавы і грамадзян з дапамогай кантролю за паходжаннем і выкарыстаннем значных грашовых сум, што перамяшчаюцца праз мытную мяжу. Устанаўленне проціпраўнасці дзеяння і адказнасці за яго абумоўлена стварэннем рэальнай пагрозы прычынення шкоды аб’екту аховы –нацыянальным інтарэсам дзяржаў – членаў ЕАЭС у сферы абароту фінансавых сродкаў, валютнага і мытнага рэгулявання і не ставіць суб’ектаў адміністрацыйнай адказнасці, якія перавозяць праз мытную мяжу наяўныя грашовыя сродкі ў значных памерах, у становішча, якое не дазваляе ім прадбачыць прававыя наступствы сваіх дзеянняў.

Замацоўваючы ў санкцыі часткі 2 артыкула 15.5 КаАП магчымасць канфіскацыі незадэклараваных наяўных грашовых сродкаў, падлеглых мытнаму дэклараванню, заканадавец зыходзіў з неабходнасці дасягнення аптымальнага балансу, з аднаго боку, правоў і свабод грамадзян, якія прыцягваюцца да адказнасці, з другога – публічнага інтарэсу, які заключаецца ў эфектыўнай абароне асобы, грамадства і дзяржавы ад проціпраўных паводзін. Пры гэтым устаноўленыя верхняя і ніжняя межы штрафу, а таксама магчымасць прымянення альбо непрымянення канфіскацыі абумоўліваюць дыферэнцыраваны падыход пры накладанні адміністрацыйных спагнанняў, які забяспечвае прапарцыянальнасць абмежаванняў за ўчыненае правапарушэнне. Такое прававое рэгуляванне не перашкаджае суду прымяняць меры адміністрацыйнай адказнасці на падставе даследавання фактычных абставінаў правапарушэння з улікам, у прыватнасці, формы віны (артыкул 2.3 КаАП) і агульных правілаў накладання адміністрацыйнага спагнання (частка 1, пункт 1 часткі 2 артыкула 7.1 КаАП).

Канфіскацыя прадмета адміністрацыйнага правапарушэння – незадэклараванай сумы ў памеры перавышэння над дазволенай законам – дазваляе індывідуалізаваць адказнасць і канфіскаваць толькі тую суму, што з’явілася прадметам канкрэтнага правапарушэння. Сума канфіскаванай маёмасці вызначаецца сумай незадэклараваных фізічнай асобай грашовых сродкаў, што адпавядае прынцыпу справядлівасці і забяспечвае рэалізацыю права кожнага на роўнасць перад законам (артыкул 22 Канстытуцыі), паколькі дадзены падыход прымяняецца ў роўнай ступені да ўсіх асоб.

Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што ў сістэме дзеючага прававога рэгулявання частка 2 артыкула 15.5 КаАП, што прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць за недэклараванне падлеглых мытнаму дэклараванню наяўных грашовых сродкаў, якія перамяшчаюцца праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза фізічнымі асобамі, не можа разглядацца як парушаючая канстытуцыйныя правы заяўнікаў.

Абмеркаванне фактычных абставін канкрэтных спраў і ацэнка судовых пастаноў па сутнасці пры праверцы закона, ужытага ў канкрэтнай справе, па канстытуцыйных скаргах у кампетэнцыю Канстытуцыйнага Суда не ўваходзяць (пункт 2 артыкула 161 Закона «Аб канстытуцыйным судаводстве»).

Па выніках разгляду прадстаўленых матэрыялаў Канстытуцыйны Суд адмовіў ва ўзбуджэнні вядзення справы па ўказаных канстытуцыйных скаргах, паколькі не выявіў прыкмет парушэння канстытуцыйных правоў заяўнікаў. Дадзеныя канстытуцыйныя скаргі не адпавядаюць умове дапушчальнасці, вызначанай падпунктам 1.1 пункта 1 артыкула 153 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве».