Грамадзянін Шылаў І.А. звярнуўся ў Канстытуцыйны Суд з канстытуцыйнай скаргай аб праверцы канстытуцыйнасці прымененай пры прыцягненні яго да адміністрацыйнай адказнасці часткі 4 артыкула 18.15 «Кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане ап’янення, перадача кіравання транспартным сродкам такой асобе або адмова ад праходжання праверкі (асведчання)» КаАП, якой прадугледжана адміністрацыйная адказнасць за ўжыванне вадзіцелем алкагольных, слабаалкагольных напіткаў або піва, наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў пасля падачы супрацоўнікам органаў унутраных спраў сігналу аб прыпынку транспартнага сродку або пасля ўчынення дарожна-транспартнага здарэння, удзельнікам якога ён з’яўляецца, да праходжання праверкі (асведчання) на прадмет вызначэння стану алкагольнага ап’янення або стану, выкліканага спажываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў.
Заяўнік лічыць, што частка 4 артыкула 18.15 КаАП не адпавядае прынцыпу вяршэнства права (артыкул 7 Канстытуцыі), паколькі ў названай норме не вызначаны тэрмін, на працягу якога вадзіцелю забаронена ўжываць алкагольныя напіткі пасля ўчынення ДТЗ. Парушэнне сваіх канстытуцыйных правоў заяўнік бачыць у тым, што палажэнне КаАП, якое абскарджваецца, з’яўляецца дыскрымінацыйным, бо яно ўзмацніла для яго адміністрацыйную адказнасць, што яно змяшчае прабел у прававым рэгуляванні і не забяспечвае прававую вызначанасць пры прыцягненні асоб да адміністрацыйнай адказнасці.
Канстытуцыйны Суд у прынятым вызначэнні пацвердзіў раней выказаныя прававыя пазіцыі аб тым, што ў мэтах папярэджання адміністрацыйных правапарушэнняў артыкулам 18.15 КаАП устанаўліваюцца пэўныя юрыдычныя забароны на ўчыненне супрацьпраўных дзеянняў супраць бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту, уключаючы забарону на ўжыванне вадзіцелем алкагольных, слабаалкагольных напіткаў або піва пасля ўчынення вадзіцелем ДТЗ, удзельнікам якога ён з’яўляецца, да праходжання праверкі (асведчання) на прадмет вызначэння стану алкагольнага ап’янення, і прадугледжваецца адміністрацыйная адказнасць за іх парушэнне. Названыя юрыдычныя забароны з’яўляюцца правамернымі, паколькі яны абумоўлены патрабаваннямі гарантаваць бяспеку дарожнага руху з дапамогай выключэння з яго транспартных сродкаў, якія кіруюцца асобамі ў стане, які пагаршае іх рэакцыю і ўвагу, што стварае павышаную небяспеку для ўдзельнікаў дарожнага руху, а таксама выкліканы неабходнасцю аб’ектыўнага і ўсебаковага ўстанаўлення ўсіх абставінаў здарэння. Норма часткі 4 артыкула 18.15 КаАП з’яўляецца юрыдычнай гарантыяй выканання вадзіцелямі сваіх абавязкаў, спрыяе пэўнаму ўсталяванню ўсіх абставінаў ДТЗ, неабходных для правільнага вырашэння пытання аб справядлівай адказнасці асобы, вінаватай ва ўчыненні ДТЗ, забяспечвае абарону дзяржавай правоў грамадзян, якія пацярпелі ў ДТЗ (вызначэння ад 17 снежня 2024 г. № О-2/2024 і ад 26 красавіка 2025 г. № О-4/2025).
Такім чынам, у сістэме дзеючага прававога рэгулявання частка 4 артыкула 18.15 КаАП, накіраваная на гарантаванне бяспекі дарожнага руху і абарону правоў грамадзян, не можа разглядацца як норма, якая парушае канстытуцыйныя правы заяўніка.
Канстытуцыйны Суд па выніках вывучэння прадстаўленых матэрыялаў адмовіў ва ўзбуджэнні вядзення справы па канстытуцыйнай скарзе, паколькі прыкмет парушэння канстытуцыйных правоў заяўніка няма. Канстытуцыйная скарга не адпавядае ўмове дапушчальнасці, вызначанай падпунктам 1.1 пункта 1 артыкула 153 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве».