Грамадзянка Грыдзіна Р.І. звярнулася ў Канстытуцыйны Суд з канстытуцыйнай скаргай аб праверцы канстытуцыйнасці артыкула 167 «Аспрэчвальныя і нікчэмныя здзелкі», артыкула 168 «Агульныя палажэнні аб наступствах неправадзейнасці здзелак», артыкула 169 «Неправадзейнасць здзелкі, якая не адпавядае заканадаўству» Грамадзянскага кодэкса і пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2014 г. № 1297 «Аб прадастаўленні арэнднага жылля».
З прадстаўленых матэрыялаў вынікае, што заяўніца ў 2014 годзе прыватызавала 445/1000 долей у праве ўласнасці на жылое памяшканне, што склала адзін жылы пакой у двухпакаёвай кватэры.
Другі пакой у кватэры, заняты іншай грамадзянкай на падставе дагавора найму жылога памяшкання дзяржаўнага жыллёвага фонду, у 2016 годзе быў уключаны ў склад жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання, з ёй заключаны дагавор найму жылога памяшкання камерцыйнага выкарыстання на гэты жылы пакой, а пасля – бестэрміновы дагавор найму арэнднага жылля.
Рашэннем раённага суда заяўніцы адмоўлена ў задавальненні іскавых патрабаванняў аб устанаўленні факту нікчэмнасці дагавора найму арэнднага жылля і прымяненні наступстваў неправадзейнасці здзелкі.
Р.І.Грыдзіна лічыць, што парушаны яе канстытуцыйныя правы, прадугледжаныя артыкуламі 22 (аб праве на роўную абарону), 29 (аб праве на недатыкальнасць жылля) і 44 (аб праве ўласнасці) Канстытуцыі. На думку заяўніцы, перавод у жылое памяшканне камерцыйнага выкарыстання (у арэнднае жыллё) і прадастаўленне жылога пакоя ў кватэры, дзе іншы пакой знаходзіцца ў прыватнай уласнасці фізічнай асобы, па бестэрміноваму дагавору найму арэнднага жылля без згоды названага ўласніка не адпавядае заканадаўству.
Канстытуцыйны Суд у прынятым вызначэнні прыйшоў да высновы, што па сваім канстытуцыйна-прававым сэнсе артыкулы 167–169 ГК забяспечваюць рэалізацыю прадпісанняў часткі трэцяй артыкула 7 Канстытуцыі аб абавязку дзяржавы, усіх яе органаў і службовых асоб, арганізацый і грамадзян дзейнічаць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства і маюць на мэце забеспячэнне стабільнасці грамадзянскага абароту, абарону правоў і законных інтарэсаў яго ўдзельнікаў пры адначасовым захаванні неабходнага балансу прыватных і публічных інтарэсаў.
Такім чынам, артыкулы 167–169 ГК, якія змяшчаюць палажэнні аб неправадзейных здзелках і іх відах, аб наступствах неправадзейнай здзелкі, не могуць разглядацца як нормы, якія парушаюць ў канкрэтнай справе канстытуцыйныя правы заяўніцы ў паказаным ёй аспекце. Пры гэтым прыведзеныя ў скарзе довады сведчаць аб тым, што, фармальна аспрэчваючы канстытуцыйнасць артыкулаў 167–169 ГК, заяўніца фактычна выказвае нязгоду з вынесенымі па яе справе судовымі пастановамі.
Абмеркаванне фактычных абставін канкрэтнай справы і ацэнка судовай пастановы па сутнасці справы пры праверцы закона, прымененага ў канкрэтнай справе, па канстытуцыйнай скарзе ў кампетэнцыю Канстытуцыйнага Суда не ўваходзяць (пункт 2 артыкула 161 Закона «Аб канстытуцыйным судаводстве»).
Акрамя таго, у адпаведнасці з часткай пятай артыкула 1161 Канстытуцыі і артыкулам 152 Закона «Аб канстытуцыйным судаводстве» па канстытуцыйных скаргах грамадзян Канстытуцыйны Суд правярае канстытуцыйнасць норм законаў, прымененых у канкрэтнай справе.
Канстытуцыйны Суд па выніках вывучэння прадстаўленых матэрыялаў адмовіў ва ўзбуджэнні вядзення справы па канстытуцыйнай скарзе, паколькі прыкмет парушэння канстытуцыйных правоў заяўніцы няма. Канстытуцыйная скарга не адпавядае ўмове дапушчальнасці, вызначанай падпунктам 1.1 пункта 1 артыкула 153 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве».