У Канстытуцыйны Суд звярнулася грамадзянка К.У.Казакова з канстытуцыйнай скаргай аб праверцы канстытуцыйнасці пункта 2 артыкула 275 «Правы членаў сям’і ўласніка жылога памяшкання» Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, прымененага пры разглядзе грамадзянскай справы з яе ўдзелам, якім, на думку заяўніцы, парушаны яе канстытуцыйныя правы.
У адпаведнасці з названай нормай пераход права ўласнасці на жылы дом або кватэру да іншай асобы не з’яўляецца падставай для спынення права карыстання жылым памяшканнем членамі сям’і ранейшага ўласніка, калі іншае не прадугледжана жыллёвым заканадаўствам.
З матэрыялаў справы вынікае, што заяўніцы, якая пражывае ў жылым памяшканні сацыяльнага карыстання з дзіцем-інвалідам, на праве ўласнасці належыць жылое памяшканне, атрыманае праз успадкаванне паводле закона. К.У.Казакова звярнулася з іскам у суд, каб высяліць з дадзенага жылога памяшкання зарэгістраваную ў ім сястру ранейшага ўласніка (спадчынадаўца). Рашэннем суда заяўніцы адмоўлена ў задавальненні іскавых патрабаванняў.
Па выніках даследавання ўсіх матэрыялаў справы Канстытуцыйны Суд у прынятым рашэнні прызнаў пункт 2 артыкула 275 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае захаванне права карыстання жылым памяшканнем за членамі сям’і ранейшага ўласніка ў выпадку пераходу права ўласнасці на жылы дом або кватэру да іншай асобы, адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Канстытуцыйны Суд, кіруючыся прынцыпам вяршэнства права, прызнаў наяўнасць канстытуцыйна значнага прабелу ў прававым рэгуляванні, што пацягнуў прававую нявызначанасць узаемазвязаных палажэнняў пункта 2 артыкула 275 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь і артыкула 89 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь, паколькі ў сістэме дзеючага заканадаўства не забяспечваецца прававая вызначанасць пры ўстанаўленні падстаў для спынення права карыстання жылым памяшканнем членамі сям’і ранейшага ўласніка пры пераходзе права ўласнасці на жылое памяшканне да іншай асобы.
У адпаведнасці з рашэннем Канстытуцыйнага Суда Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь належыць ліквідаваць выяўлены прабел у прававым рэгуляванні з улікам прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда, выкладзеных у рашэнні.
Правапрымяняльнікам да ўнясення адпаведных змяненняў у заканадаўчыя акты пры вырашэнні пытанняў аб захаванні права карыстання жылым памяшканнем за членамі сям’і ранейшага ўласніка ў выпадку пераходу права ўласнасці на жылы дом або кватэру да іншай асобы праз успадкаванне неабходна забяспечыць захаванне прынцыпаў вяршэнства права і сацыяльнай справядлівасці.