Грамадзянін Трыханюк М.М. звярнуўся ў Канстытуцыйны Суд з канстытуцыйнай скаргай аб праверцы канстытуцыйнасці часткі першай артыкула 91 «Перадача на рэалізацыю і прымусовая рэалізацыя арыштаванай маёмасці даўжніка» Закона Рэспублікі Беларусь «Аб выканаўчым вядзенні».
На думку заяўніка, частка першая артыкула 91 Закона «Аб выканаўчым вядзенні» супярэчыць частцы пятай артыкула 44 Канстытуцыі, якая дапускае прымусовае адчужэнне маёмасці толькі па матывах грамадскай неабходнасці пры захаванні ўмоў і парадку, вызначаных законам, са своечасовым і поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасці, а таксама згодна з судовай пастановай. Адсутнасць у норме Закона абавязку судовага выканаўца атрымліваць судовую пастанову на прымусовае адчужэнне маёмасці дазволіла рэалізаваць яе, не вылучаючы ізаляванае памяшканне з капітальнага будынка ў межах сумы, неабходнай для пагашэння запазычанасці, і парушыла правы заяўніка на дадзеную маёмасць.
Канстытуцыйны Суд у прынятым вызначэнні ўказаў, што па сэнсе канстытуцыйных палажэнняў артыкула 60, які гарантуе кожнаму абарону яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом, і частцы другой артыкула 115, якая вызначае, што судовыя пастановы з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, службовых асоб і грамадзян, выкананне судовай пастановы варта разглядаць як элемент судовай абароны, і абарона парушаных правоў не можа быць прызнана, калі судовая пастанова або акт іншага ўпаўнаважанага органа своечасова не выконваецца. Названыя палажэнні ва ўзаемасувязі з нормамі часткі першай артыкула 2, часткі трэцяй артыкула 7, артыкула 22 Канстытуцыі абавязваюць заканадаўца пры ўсталяванні ў межах сваёй дыскрэцыі механізму выканаўчага вядзення ажыццяўляць несупярэчлівае прававое рэгуляванне адносін у гэтай сферы, ствараць для іх стабільную прававую аснову і не ставіць пад сумнеў канстытуцыйны прынцып абавязковасці судовай пастановы.
Зыходзячы з неабходнасці абароны і аднаўлення парушаных правоў з дапамогай поўнага і своечасовага выканання выканаўчых дакументаў заканадавец урэгуляваў умовы і парадак прымусовага выканання ў Законе «Аб выканаўчым вядзенні».
Зыходзячы з канстытуцыйна-прававога сэнсу норм Закона «Аб выканаўчым вядзенні» прымусовая рэалізацыя маёмасці ў рамках выканаўчага вядзення звязана з абмежаваннем канстытуцыйнага права валодаць, карыстацца і распараджацца маёмасцю (частка другая артыкула 44 Канстытуцыі). Пры гэтым на падставе канстытуцыйных палажэнняў ажыццяўленне права ўласнасці, якое не з’яўляецца абсалютным, не павінна ўціскаць правы і абараняемыя законам інтарэсы іншых асоб (частка шостая артыкула 44) і можа быць абмежавана (артыкул 23 Канстытуцыі). Адпаведна, рэалізацыя маёмасці даўжніка, кошт якой перавышае памер запазычанасці, падразумявае вяртанне яму грашовых сродкаў пасля задавальнення патрабаванняў спагнаннікаў, чым забяспечвае баланс правоў і законных інтарэсаў як спагнанніка, так і даўжніка і не парушае прынцып суадноснасці аб’ёму патрабаванняў спагнанніка і мер прымусовага выканання.
У сістэме прававога рэгулявання частка першая артыкула 91 Закона «Аб выканаўчым вядзенні», дзейнічаючы ва ўзаемасувязі з іншымі нормамі дадзенага Закона, па сваім канстытуцыйна-прававым сэнсе забяспечвае рэалізацыю палажэнняў артыкулаў 44, 60 і 115 Канстытуцыі і не можа разглядацца як парушаючая ў канкрэтнай справе канстытуцыйныя правы заяўніка ў паказаным ім аспекце.
Прыведзеныя заяўнікам довады сведчаць, што, фармальна аспрэчваючы канстытуцыйнасць часткі першай артыкула 91 Закона «Аб выканаўчым вядзенні», М.М.Трыханюк фактычна выказвае нязгоду з вынесенымі па яго справе судовымі пастановамі. Абмеркаванне фактычных абставін канкрэтнай справы і ацэнка судовых пастаноў па сутнасці пры праверцы закона па канстытуцыйнай скарзе ў кампетэнцыю Канстытуцыйнага Суда не ўваходзяць (пункт 2 артыкула 161 Закона «Аб канстытуцыйным судаводстве»).
Канстытуцыйны Суд па выніках вывучэння прадстаўленых матэрыялаў адмовіў ва ўзбуджэнні вядзення справы па канстытуцыйнай скарзе, паколькі прыкмет парушэння канстытуцыйных правоў заяўніка няма. Канстытуцыйная скарга не адпавядае ўмове дапушчальнасці, вызначанай падпунктам 1.1 пункта 1 артыкула 153 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве».