Грамадзянін Прыстаўка С.М. звярнуўся ў Канстытуцыйны Суд з канстытуцыйнай скаргай аб праверцы канстытуцыйнасці часткі 2 артыкула 2.4 «Прэзумпцыя невінаватасці» і часткі 6 артыкула 10.4 «Парадак вядзення адміністрацыйнага працэсу ў выпадку фіксацыі адміністрацыйнага правапарушэння спецыяльнымі тэхнічнымі сродкамі, якія працуюць у аўтаматычным рэжыме» ПВКоАП.
Заяўнік лічыць, што прымяненнем абскарджваемых нормаў часткі 2 артыкула 2.4 і часткі 6 артыкула 10.4 ПВКоАП, якія выключаюць абавязак службовай асобы органа, што вядзе адміністрацыйны працэс, даказваць вінаватасць асобы ва ўчыненні адміністрацыйнага правапарушэння супраць бяспекі дарожнага руху і эксплуатацыі транспарту, зафіксаванага адмысловымі тэхнічнымі сродкамі, якія працуюць у аўтаматычным рэжыме, парушаны яго канстытуцыйныя правы і свабоды, прадугледжаныя артыкулам 26 Канстытуцыі.
Канстытуцыйны Суд у прынятым вызначэнні ўказаў, што ў адміністрацыйным працэсе прынцып прэзумпцыі невінаватасці дзейнічае з пэўнымі выключэннямі ў дачыненні да прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ўласніка (уладальніка) транспартнага сродку пры фіксацыі правапарушэння спецыяльнымі тэхнічнымі сродкамі.
Згодна з часткай 2 артыкула 2.4 ПВКоАП абавязак даказваць вінаватасць фізічнай асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, ускладаецца на службовую асобу органа, што вядзе адміністрацыйны працэс, за выключэннем выпадку, прадугледжанага часткай 6 артыкула 10.4 гэтага Кодэкса, у адпаведнасці з якой службовая асоба органа, што вядзе адміністрацыйны працэс, не абавязана даказваць вінаватасць асобы ва ўчыненні адміністрацыйнага правапарушэння супраць бяспекі дарожнага руху, зафіксаванага спецыяльными тэхнічнымі сродкамі, якія працуюць у аўтаматычным рэжыме.
Канстытуцыйны Суд адзначыў, што Канстытуцыя, замацоўваючы ў артыкуле 26 прэзумпцыю невінаватасці, разам з гэтым у адпаведнасці з часткай першай артыкула 23 дапускае магчымасць абмежавання правоў і свабод асобы ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.
Ускладанне адказнасці на ўласніка (уладальніка) транспартнага сродку абумоўлена асаблівасцямі фіксацыі адпаведных правапарушэнняў, пры якой устанаўліваецца, што правапарушэнне ўчынена з выкарыстаннем канкрэтнага транспартнага сродку, а на аснове звестак дзяржаўнага ўліку транспартных сродкаў можа быць вызначаны яго ўласнік (уладальнік).
Для павышэння эфектыўнасці аховы каштоўнасцей, якія абаронены Канстытуцыяй, ад проціпраўных замахаў заканадавец мае права, ажыццяўляючы прававое рэгуляванне, ўлічыць сучасны ўзровень развіцця тэхнічных сродкаў выяўлення правапарушэнняў і вызначыць такі спосаб фіксацыі парушэнняў правілаў дарожнага руху – з прадастаўленнем ўласніку (ўладальніку) транспартнага сродку магчымасці даказваць сваю невінаватасць, у тым ліку і ў судовым парадку.
Такім чынам, абскарджваемыя нормы ПВКоАП не могуць разглядацца як парушаючыя канстытуцыйныя правы заяўніка, прадугледжаныя артыкуламі 26 і 27 Канстытуцыі, ва ўказаным ім аспекце.
Абмеркаванне ж фактычных абставін канкрэтнай справы і ацэнка судовай пастановы па сутнасці справы пры праверцы закона па канстытуцыйнай скарзе ў кампетэнцыю Канстытуцыйнага Суда не ўваходзяць (пункт 2 артыкула 161 Закона «Аб канстытуцыйным судаводстве»).
Канстытуцыйны Суд па выніках вывучэння прадстаўленых матэрыялаў адмовіў ва ўзбуджэнні вядзення па справе па канстытуцыйнай скарзе, паколькі прыкмет парушэння канстытуцыйных правоў заяўніка няма. Канстытуцыйная скарга не адпавядае ўмове дапушчальнасці, вызначанаму падпунктам 1.1 пункта 1 артыкула 153 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве».