Навіны
15 красавіка 2025 г. Канстытуцыйны Суд разгледзеў пытанне аб узбуджэнні вядзення па справе аб канстытуцыйнасці артыкулаў 8.11 і 9.5 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях па скарзе грамадзяніна Д.Б.Кадыка

Грамадзянін Кадыка Д.Б. звярнуўся ў Канстытуцыйны Суд з канстытуцыйнай скаргай аб праверцы канстытуцыйнасці артыкула 8.11 «Адхіленне ад кіравання транспартным сродкам» і артыкула 9.5 «Пачатак адміністрацыйнага працэсу» ПВКаАП, прымененых у справе аб адміністрацыйным правапарушэнні з яго ўдзелам.

На думку заяўніка, названыя артыкулы ПВКаАП не адпавядаюць артыкулам 7, 21 і 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Грамадзянін мяркуе, што такая неадпаведнасць, якая выявілася ў парушэнні ў тым ліку гарантаванага Канстытуцыяй права на абарону з удзелам абаронцы (адваката), мела вынікам незаконнае прыцягненне яго да адміністрацыйнай адказнасці.

Канстытуцыйны Суд у прынятым вызначэнні ўказаў, што артыкулы 8.11 і 9.5 ПВКаАП, якія знаходзяцца ў сістэмнай сувязі з іншымі нормамі дадзенага Кодэкса, не змяшчаюць нявызначанасці, і прыкметы парушэння канстытуцыйных правоў заяўніка на юрыдычную дапамогу і на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў ва ўказаным ім аспекце не выяўлены.

Заканадавец на падставе пункта 2 часткі першай артыкула 97 і пункта 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі ва ўзаемасувязі з часткай першай артыкула 23 Канстытуцыі мае права канкрэтызаваць змест замацаванага артыкулам 62 Канстытуцыі права на юрыдычную дапамогу і ўстанаўліваць прававыя механізмы яго ажыццяўлення, умовы і парадак рэалізацыі, не дапушчаючы пры гэтым скажэння існасці дадзенага права, самой яго сутнасці, і ўвядзення такіх яго абмежаванняў, якія не ўзгадняліся б з канстытуцыйна значнымі інтарэсамі.

У сістэме дзеючага прававога рэгулявання палажэнні артыкулаў 8.11 і 9.5 ПВКаАП не перашкаджаюць рэалізацыі артыкулаў 7, 21, 22 і 62 Канстытуцыі і не могуць разглядацца як не адпаведныя прынцыпу вяршэнства права, палажэнням Канстытуцыі аб забеспячэнні правоў і свабод як вышэйшай мэты дзяржавы, а таксама як парушаючыя права на роўнасць усіх перад законам і роўную абарону правоў і законных інтарэсаў без усялякай дыскрымінацыі і права на юрыдычную дапамогу.

Устанаўленне ж фактычных акалічнасцей канкрэтнай справы, ацэнка правільнасці прымянення тых ці іншых норм права з улікам такіх акалічнасцей не ўваходзяць у кампетэнцыю Канстытуцыйнага Суда, як яна вызначана ў частцы пятай артыкула 1161 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і пункце 2 артыкула 161 Закона «Аб канстытуцыйным судаводстве».

Канстытуцыйны Суд па выніках вывучэння прадстаўленых матэрыялаў адмовіў ва ўзбуджэнні вядзення па справе па канстытуцыйнай скарзе, паколькі прыкмет парушэння канстытуцыйных правоў заяўніка няма. Канстытуцыйная скарга не адпавядае ўмове дапушчальнасці, вызначанай падпунктам 1.1 пункта 1 артыкула 153 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве».