У Канстытуцыйны Суд звярнуўся грамадзянін А.В.Шэстак з канстытуцыйнай скаргай аб праверцы канстытуцыйнасці частак дзявятай – дванаццатай пункта 19 артыкула 208 «Даходы, якія вызваляюцца ад падаходнага падатку з фізічных асоб» Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь (Асаблівая частка), прымененых пры разглядзе грамадзянскай справы з яго ўдзелам.
У канстытуцыйнай скарзе А.В.Шэстак зазначыў, што падатковае заканадаўства, якое дзейнічала ў перыяд з 2012 па 2017 год, прадугледжвала вызваленне даходаў, атрыманых ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства, ад падаходнага падатку з фізічных асоб без абмежавання сумы даходу. Разам з тым па выніках правядзення інспекцыяй Міністэрства па падатках і зборах у дачыненні да заяўніка камеральнай праверкі адпаведнасці расходаў даходам за перыяд з 1 студзеня 2012 г. па 30 красавіка 2022 г. падатковы орган падлічыў падаходны падатак у дачыненні да яго даходаў у памеры дзесяці адсоткаў ад сумы заяўленых даходаў, якая перавышае 200 базавых велічынь, пашырыўшы на папярэдні перыяд змяненні ў пункт 19 артыкула 208 Падатковага кодэкса, уведзеныя ў дзеянне з 1 студзеня 2022 г.
На думку заяўніка, унесеныя Законам ад 31 снежня 2021 г. № 141-З «Аб змяненні законаў па пытаннях падаткаабкладання» дапаўненні ў пункт 19 артыкула 208 Падатковага кодэкса парушаюць яго канстытуцыйныя правы, паколькі ўстанавілі для яго як плацельшчыка, які правамерна карыстаўся льготай на падаходны падатак з фізічных асоб, дадатковы абавязак па выплаце падаходнага падатку з даходаў, атрыманых ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства, у выпадку ўказання такіх у якасці крыніцы даходу пры правядзенні падатковым органам камеральнай праверкі ў парадку артыкула 731 Падатковага кодэкса.
А.В.Шэстак лічыць, што абскарджаныя палажэнні названага Закона, звязаныя са змяненнем парадку падаткаабкладання, не павінны мець зваротную сілу.
Па выніках даследавання ўсіх матэрыялаў справы Канстытуцыйны Суд у прынятым рашэнні прызнаў узаемазвязаныя палажэнні частак дзевятай – дванаццатай пункта 19 артыкула 208 і артыкула 731 Падатковага кодэкса не адпаведнымі артыкулам 7, 13, 44, 56, 58, 104 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у той меры, у якой яны ў парушэнне прынцыпаў вяршэнства права і справядлівасці дапускаюць у выпадку правядзення камеральнай праверкі адпаведнасці расходаў даходам ускладанне на фізічную асобу абавязку па выплаце падаходнага падатку з даходаў, атрыманых ад рэалізацыі прадукцыі раслінаводства да 1 студзеня 2022 г. цягам падатковых перыядаў, у якіх названыя даходы былі ва ўстаноўленым законам парадку вызваленыя ад падаходнага падатку.
У адпаведнасці з рашэннем Канстытуцыйнага Суда Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь належыць не пазней за тры месяцы пасля вынясення гэтага рашэння ўнесці ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу праект закона аб унясенні адпаведных змяненняў у Падатковы кодэкс, кіруючыся палажэннямі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і з улікам прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда, выкладзеных у рашэнні.
Правапрымяняльнікам да ўнясення адпаведных змяненняў у Падатковы кодэкс пры прымяненні ўзаемазвязаных палажэнняў частак дзевятай – дванаццатай пункта 19 артыкула 208 і артыкула 731 Падатковага кодэкса варта забяспечыць захаванне прынцыпаў вяршэнства права і справядлівасці.
Судовыя пастановы, вынесеныя ў дачыненні да грамадзяніна А.В.Шэстака на падставе частак дзевятай – дванаццатай пункта 19 артыкула 208 і артыкула 731 Падатковага кодэкса ў той меры, у якой палажэнні, што ў іх змяшчаюцца, прызнаныя рашэннем Канстытуцыйнага Суда не адпаведнымі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падлягаюць перагляду ва ўстаноўленым парадку.