Прэзідэнту
Рэспублiкi Беларусь
Палаце прадстаўнікоў
Нацыянальнага сходу
Рэспублікі Беларусь
Савету Рэспублікі
Нацыянальнага сходу
Рэспублiкi Беларусь
ПАСЛАННЕ
КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦІ
У РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ
Канстытуцыя ўвасабляе выпрацаваныя ў ходзе самавызначэння беларускага народа яго духоўныя ідэалы і каштоўнасці, ідэі аб справядлівым грамадскім і дзяржаўным ладзе, яго імкненне да захавання нацыянальнай самабытнасці. Паслядоўна сцвярджаючы ўстоі дэмакратычнай прававой дзяржавы і сацыяльна справядлівага грамадства ў якасці фундаментальнай асновы свабоднага і годнага жыцця чалавека на роднай зямлі, Канстытуцыя абвяшчае народ Рэспублікі Беларусь адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту.
На аснове прынцыпаў канстытуцыйнай дэмакратыі 26 студзеня 2025 года адбыліся выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Выступаючы гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь увасабляе адзінства народа і забяспечвае ўзгодненае функцыянаванне органаў дзяржаўнай улады па рэалізацыі прынцыпаў і нормаў Канстытуцыі.
Згодна з дзеючым на канстытуцыйнай аснове выбарчым заканадаўствам у адзіны дзень галасавання 25 лютага 2024 года прайшлі выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і мясцовых Саветаў дэпутатаў. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь, выказаўшы сваё свабоднае і прамое волевыяўленне, упаўнаважылі новы склад Палаты прадстаўнікоў прымаць законы, якія рэгулююць найбольш важныя грамадскія адносіны, для дасягнення канстытуцыйных мэт.
У адпаведнасці з канстытуцыйнай функцыяй найвышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя забяспечваць непахіснасць канстытуцыйнага ладу VII Усебеларускім народным сходам 25 красавіка 2024 г. зацверджаны Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь і Ваенная дактрына Рэспублікі Беларусь.
Устойлівае функцыянаванне канстытуцыйных інстытутаў народаўладдзя, дзейнасць на канстытуцыйнай аснове дзяржаўных органаў і службовых асоб з’яўляюцца найважнейшымі ўмовамі далейшага ўмацавання суверэннай дзяржаўнасці, развіцця Рэспублікі Беларусь дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай.
Канстытуцыйны Суд, ажыццяўляючы канстытуцыйны кантроль у дзяржаве ў мэтах абароны канстытуцыйнага ладу, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі і яе прамога дзеяння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, садзейнічае канстытуцыяналізацыі права і правапрымянення, умацаванню канстытуцыйнай законнасці і канстытуцыйнага правапарадку.
Раздзел I. Канстытуцыйна-прававы механізм рэалізацыі правоў і свабод грамадзян
1. Палажэнні Канстытуцыі аб правах і свабодах чалавека і грамадзяніна і гарантыях іх рэалізацыі як найвышэйшай каштоўнасці і мэты грамадства і дзяржавы, аб адказнасці дзяржавы перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы з’яўляюцца асновай канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, сцвярджаючы прыярытэт гуманістычнага вымярэння беларускай дзяржаўнасці ва ўмовах сучасных выклікаў.
Замацаваныя ў Канстытуцыі правы і свабоды ўтвараюць аснову прававога статусу чалавека і грамадзяніна і прадугледжваюць шырокія магчымасці для яго самарэалізацыі і развіцця, ажыццяўлення актыўнай правамернай дзейнасці, усталёўваючы тым самым канстытуцыйна-прававыя арыенціры ў дзейнасці дзяржаўных органаў па іх забеспячэнні і абароне.
На сучасным этапе, абумоўленым працэсамі цыфравізацыі, трансфармацыі эканамічнай сферы, ускладненнем формаў сацыяльных сувязяў, інтэнсіўным развіццём рознаўзроўневага прававога рэгулявання, шматмернымі выклікамі бяспецы жыццядзейнасці, першачарговае значэнне набывае ўсёабдымнае забеспячэнне правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
Змяненнямі і дапаўненнямі Канстытуцыі, прынятымі на рэспубліканскім рэферэндуме 27 лютага 2022 г., вызначана ўдакладненая стратэгія канстытуцыйна-прававога развіцця Беларусі, умацаваны прававыя, арганізацыйныя і іншыя гарантыі канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян.
На паслядоўную рэалізацыю прынцыпаў і нормаў Канстытуцыі ў прававым рэгуляванні і правапрымяняльнай практыцы накіраваны прававыя пазіцыі Канстытуцыйнага Суда, у якіх раскрываецца змест правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, неабходнасць забеспячэння іх рэалізацыі для дынамічнага і стабільнага развіцця Рэспублікі Беларусь.
Канстытуцыйным Судом неаднаразова адзначалася, што права грамадзян на ўдзел у выбарах і рэферэндумах з’яўляецца неад’емным элементам канстытуцыйнай дэмакратыі; воля народа, выяўленая на выбарах і рэферэндумах, рэалізуе народны суверэнітэт і надае канстытуцыйным прынцыпам народаўладдзя рэальнае ўвасабленне, выступае народнай гарантыяй захавання стабільнасці і бяспекі дзяржавы.
У сучасных умовах палітычныя партыі і іншыя грамадскія аб’яднанні, з’яўляючыся элементамі грамадзянскай супольнасці, павінны актыўна садзейнічаць рэалізацыі і абароне інтарэсаў розных сацыяльных груп, падтрымліваць атрыманне дзяржавай зваротнай сувязі ад грамадства, спрыяючы пры гэтым фарміраванню кансенсусу і іншым пазітыўным працэсам у жыцці грамадства і дзяржавы, развіццю палітычнай і сацыяльнай адказнасці грамадзян, умацаванню іх патрыятызму і грамадзянскасці.
Найважнейшае значэнне для эфектыўнага функцыянавання дэмакратычных формаў народаўладдзя маюць выхаванне ў грамадзян пачуцця патрыятызму і грамадзянскасці, гонару за сваю Айчыну, павагі да гістарычнай памяці, традыцый, нацыянальнай і культурнай самабытнасці беларускага народа.
У Рэспубліцы Беларусь на канстытуцыйнай аснове паслядоўна развіваюцца рэальныя палітычныя і сацыяльна-эканамічныя ўмовы для актыўнага ўдзелу кожнага грамадзяніна ў кіраванні справамі грамадства і дзяржавы, выкарыстання сваіх здольнасцей, ажыццяўлення ініцыятыўнай творчай дзейнасці.
2. Паслядоўнае ўвасабленне ў жыццё канстытуцыйнай мадэлі грамадскіх адносін, здольнасць дзяржавы забяспечваць канстытуцыйныя правы і свабоды, выпрацоўваць новыя прававыя механізмы для іх рэалізацыі і абароны, прадугледжваць прававыя меры стымулявання творчага пачатку ў чалавеку, гарманізацыі адносін паміж асобай, грамадствам і дзяржавай з’яўляюцца найважнейшым крытэрыем устойлівасці прававой і палітычнай сістэмы дзяржавы.
Вяршэнства Канстытуцыі і прынцып вяршэнства права выступаюць базісам канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь і, выяўляючы сутнасць сучаснай прававой дзяржавы, робяць неабходнымі комплекснае і сістэмнае прававое забеспячэнне рэалізацыі канстытуцыйных каштоўнасцей, прынцыпаў і нормаў.
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што пры ажыццяўленні заканадаўчай дзейнасці Парламент мае права зрабіць выбар, які лічыцца мэтазгодным для забеспячэння рэалізацыі правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, зыходзячы з сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Пры гэтым аб’ём дыскрэцыі (меркавання) заканадаўца пры выпрацоўцы заканатворчых рашэнняў абмяжоўваецца прынцыпамі і нормамі Канстытуцыі.
У актах Канстытуцыйнага Суда абгрунтавана неабходнасць забеспячэння роўнасці і справядлівасці ў заканатворчым працэсе, уліку маральных асноў у нарматворчасці, рэальнага механізму ўзаемадзеяння маральных і прававых нормаў у практычным правапрымяненні. Адзначана, што якасць жыцця чалавека вызначаецца не толькі матэрыяльным здабыткам, але і здольнасцю дзяржавы забяспечыць гарманізацыю грамадскіх адносін і сацыяльную згоду на аснове гуманізму і справядлівасці, стварыць роўныя ўмовы для развіцця асобы, забяспечыць грамадзянам роўнасць магчымасцей для рэалізацыі асноўных правоў і свабод.
Прытрымліваючыся прынцыпу справядлівасці, заканадавец павінен забяспечваць такое прававое рэгуляванне правоў і абавязкаў грамадзян, якое адказвае мэтам падтрымання належнага балансу каштоўнасцей, мэт і інтарэсаў, што абараняюцца Канстытуцыяй і знаходзяцца ў адзінстве, і якое не дапускае падмены адной каштоўнасці іншай, іх прымяншэння альбо парушэння канстытуцыйных правоў і свабод іншых асоб.
Канстытуцыйны Суд пацвярджае раней выказаныя прававыя пазіцыі аб тым, што зыходзячы з палажэнняў артыкула 23 Канстытуцыі ва ўзаемасувязі з іншымі канстытуцыйнымі палажэннямі заканадавец пры прыняцці законаў абавязаны не дапускаць адвольнага меркавання, скажэння і прымяншэння сутнасці правоў і свабод чалавека і не ўводзіць такіх абмежаванняў, якія не адпавядаюць канстытуцыйна вызначаным мэтам; абмежаванні правоў і свабод, якія ўсталёўваюцца, павінны быць не толькі юрыдычна дапушчальнымі, але і адпавядаць патрабаванням справядлівасці і суразмернасці прызнаным Канстытуцыяй мэтам такіх абмежаванняў, гэта значыць павінны ўводзіцца зыходзячы з вяршэнства Канстытуцыі і з улікам прынцыпу вяршэнства права.
3. Канстытуцыйным Судом неаднаразова зазначалася, што працэс канстытуцыяналізацыі права, прававая стабільнасць, дынамічнае ўстойлівае развіццё розных сфер жыцця грамадства, найбольш поўнае ажыццяўленне грамадзянамі канстытуцыйных правоў і свабод патрабуюць паслядоўнага забеспячэння сістэмнасці і якасці заканадаўства, пераходу да ўзважанай заканатворчай палітыкі, накіраванай на паўнавартасную рэалізацыю канстытуцыйных нормаў-мэт, нормаў-прынцыпаў, нормаў-правілаў шляхам выпрацоўкі эфектыўных заканадаўчых механізмаў аховы правоў чалавека ўладай закона.
Палажэнні абноўленай Канстытуцыі абумоўліваюць неабходнасць прыняцця законаў і іншых нарматыўных прававых актаў, якія ў поўнай меры раскрываюць рэгулятыўны патэнцыял Канстытуцыі, і інтэграцыі абноўленай канстытуцыйнай мадэлі арганізацыі грамадскіх адносін у сацыяльную практыку як непасрэдна, так і шляхам выпрацоўкі на заканадаўчым узроўні адпаведных прававых механізмаў.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што забеспячэнне на аснове канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права належнай якасці заканадаўчага рэгулявання выяўляецца ў прыняцці Парламентам законаў, якія характарызуюцца сукупнасцю сацыяльных і юрыдычных уласцівасцей, што вызначаюць легітымнасць і сацыяльную прымальнасць прававых устанаўленняў, і якія валодаюць здольнасцю рэальнага забеспячэння канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
На думку Канстытуцыйнага Суда, выяўленую ў шэрагу рашэнняў, найважнейшымі індыкатарамі забеспячэння вяршэнства права ў заканадаўчай дзейнасці з’яўляюцца стабільнасць і паслядоўнасць заканадаўства пры яго своечасовай адаптацыі да зменлівых абставін і сітуацыі, якая складваецца ў сацыяльна-эканамічным развіцці; замацоўваючы новыя механізмы рэалізацыі і абароны правоў грамадзян, законы павінны адказваць правамерным чаканням грамадзян, іншых суб’ектаў праваадносін і адпавядаць прынцыпу прадказальнасці.
У мэтах забеспячэння належнай якасці заканадаўчага рэгулявання, умацавання канстытуцыйнага правапарадку Канстытуцыйны Суд выкладаў прававыя пазіцыі, у якіх паказваў на неабходнасць захавання ў заканатворчай дзейнасці прынцыпу прававой вызначанасці. Няўхільнае выкананне заканадаўцам дадзенага прынцыпу павышае гарантыі забеспячэння і абароны канстытуцыйных правоў і свабод асобы, спрыяе прававой бяспецы і прадказальнасці прававога рэгулявання, служыць інструментам падтрымання даверу грамадзян да органаў дзяржаўнай улады.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што заканадаўцу неабходна ў прымаемых законах адэкватна адлюстроўваць грамадскія адносіны, якія складваюцца, абапірацца на падтрымку шырокіх пластоў насельніцтва пры ўстанаўленні прававога рэгулявання; прыняцце заканадаўчых рашэнняў павінна грунтавацца на пачатках адкрытасці, транспарэнтнасці, даступнасці для абмеркавання; для павышэння якасці нарматыўнай рэгламентацыі грамадскіх адносін варта задзейнічаць патэнцыял грамадзянскай супольнасці, прадугледжваць пры ажыццяўленні нарматворчага працэсу працэдуры разгляду канструктыўных грамадзянскіх ініцыятыў.
Раздзел II. Канстытуцыйна-прававое забеспячэнне развіцця сацыяльнай дзяржавы
1. Прынцып сацыяльнай дзяржавы як найважнейшы складальнік канстытуцыйнага ладу раскрываецца і дэталізуецца ў Канстытуцыі і ў сістэмным адзінстве і ўзаемасувязі з іншымі канстытуцыйнымі прынцыпамі і нормамі вызначае ключавую канстытуцыйную характарыстыку сучаснай беларускай дзяржавы.
Дактрынальна-нарматыўныя палажэнні аб сутнасці сацыяльнай дзяржавы, змястоўныя аспекты канстытуцыйных прынцыпаў і нормаў, якія раскрываюць сацыяльную функцыю дзяржавы, сфармуляваны ў заключэннях і рашэннях Канстытуцыйнага Суда.
Канстытуцыйным Судом адзначана, што ў сучасных умовах сутнасць паняцця сацыяльнай дзяржавы трансфармуецца: сацыяльная дзяржава выступае не толькі асноўным фактарам дабрабыту грамадства, забеспячэння сацыяльнай справядлівасці і сацыяльнай салідарнасці, але і дзяржавай, якая забяспечвае сацыяльнае партнёрства, сацыяльную адказнасць усіх гаспадарчых суб’ектаў незалежна ад формаў уласнасці; для павышэння ўстойлівасці сацыяльных адносін неабходна спалучаць дзяржаўнае рэгуляванне і развіццё інстытутаў карпаратыўнага рэгулявання і самакіравання, а ў рэалізацыі сацыяльнай палітыкі разам з дзяржаўнымі органамі павінны прымаць актыўны ўдзел вытворчыя і грамадска-прафесійныя арганізацыі; у гэтых мэтах патрабуецца развіццё прававога рэгулявання ў сферы сацыяльнага прадпрымальніцтва, распрацоўка адпаведных стымулюючых рэгулятарных механізмаў (рашэнне ад 11 сакавіка 2020 г.).
У абноўленай Канстытуцыі палажэнні аб сацыяльным характары беларускай дзяржавы атрымалі развіццё і змястоўнае напаўненне шляхам пашырэння гарантый сацыяльных правоў грамадзян, павышэння сацыяльных абавязацельстваў дзяржавы.
Канстытуцыйныя мэты, адлюстраваныя ў прэамбуле Канстытуцыі, заснаваныя на агульначалавечых каштоўнасцях і нацыянальных духоўных традыцыях, раскрываюцца ў канстытуцыйным тэксце і выступаюць асновай развіцця беларускай мадэлі сацыяльнай дзяржавы. Сцвярджэнне сацыяльна справядлівага грамадства, забеспячэнне міру і грамадзянскай згоды як канстытуцыйныя мэты з’яўляюцца фундаментам для фарміравання каштоўнасна-сэнсавай сістэмы жыццядзейнасці грамадства, дзяржавы і чалавека і дазваляюць забяспечваць сацыяльную згоду, стабільнае і ўстойлівае развіццё дзяржавы пры ўзаемнай павазе і даверы ўлады і народа.
Палажэнні абноўленай Канстытуцыі канкрэтызуюць змест канстытуцыйнага прынцыпу сацыяльнай дзяржавы і замацоўваюць большы ўзровень гарантый сацыяльных правоў грамадзян, якія маюць патрэбу ў павышанай сацыяльнай абароне: асаблівы клопат з боку дзяржавы аб ветэранах вайны і працы, аб асобах, якія страцілі здароўе пры абароне дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, аб інвалідах і пажылых людзях; забеспячэнне інвалідам роўных магчымасцей для ажыццяўлення правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, сацыяльнай інтэграцыі, даступнага асяроддзя; падтрымку сем’яў з дзецьмі, дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекавання бацькоў.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што на сучасным этапе канстытуцыйна-прававога развіцця Рэспублікі Беларусь узмацненне нарматыўнага значэння сацыяльных прынцыпаў і сацыяльных правоў у Канстытуцыі абумоўлівае ўскладанне на канстытуцыйным узроўні на дзяржаву новых сацыяльных абавязацельстваў, пашырэнне сацыяльнага складальніка дзяржаўнай палітыкі, далейшае развіццё рэгулятыўнага патэнцыялу канстытуцыйных прынцыпаў і нормаў, якія забяспечваюць сацыяльную функцыю дзяржавы.
Трансфармацыя канстытуцыйнай мадэлі сацыяльнай дзяржавы канкрэтызуе змест узаемаадносін асобы, грамадства і дзяржавы: у сучаснай сацыяльнай дзяржаве грамадзяне, рэалізуючы правы і выконваючы абавязкі, павінны праяўляць сацыяльную адказнасць, уносіць пасільны ўклад у развіццё грамадства і дзяржавы, сумесна спрыяць росту агульнага дабрабыту.
Канстытуцыйны Суд неаднаразова ўказваў, што важным фактарам дасягнення сацыяльна-эканамічнага дабрабыту грамадства з’яўляецца сацыяльная адказнасць як унутрана прымальнае і добраахвотнае абавязацельства грамадзян і арганізацый уносіць пасільны ўклад у развіццё грамадства і дзяржавы (рашэнні ад 11 снежня 2019 г., ад 28 красавіка 2021 г. і інш.).
Сучаснае развіццё сацыяльнай дзяржавы грунтуецца на прадастаўленні грамадзянам роўных магчымасцей, якія дазваляюць канкрэтнаму чалавеку на аснове атрыманых ведаў і духоўна-маральных каштоўнасцей свядома самарэалізоўвацца з разуменнем важнасці свайго актыўнага ўдзелу ў забеспячэнні не толькі ўласнага дабрабыту, але і дабрабыту грамадства.
Канстытуцыйны Суд лічыць неабходным паслядоўнае і поўнае забеспячэнне ў заканадаўстве і правапрымяняльнай практыцы роўных магчымасцей кожнаму для рэалізацыі правоў і свабод на аснове прынцыпу сацыяльнай справядлівасці, які абумаўляе сацыяльную бяспеку і ўстойлівае развіццё грамадства і дзяржавы.
2. Канстытуцыйныя прынцыпы і нормы аб сацыяльнай дзяржаве знаходзяцца ў цесным адзінстве і ўзаемасувязі з канстытуцыйнымі асновамі эканамічнай сістэмы і ў сукупнасці прадвызначаюць мадэль сацыяльна арыентаванай эканомікі.
Канстытуцыйны Суд мяркуе, што ва ўмовах паступальнага развіцця эканомікі, удасканалення эканамічных адносін у грамадстве і дзяржаве, стымулявання эканамічнай актыўнасці грамадзян на аснове паслядоўнай рэалізацыі канстытуцыйных прынцыпаў і нормаў забяспечваецца сацыяльная бяспека. З канстытуцыйнага прынцыпу сацыяльнай дзяржавы выцякае абавязак дзяржавы забяспечваць рост дабрабыту грамадзян, ствараць умовы для паляпшэння іх жыцця, задавальнення матэрыяльных і духоўных патрэбаў, садзейнічаць развіццю іх эканамічнай актыўнасці, пераадоленню ўтрыманскіх настрояў у сацыяльнай сферы.
На сучасным этапе развіцця з’яўляюцца новыя магчымасці для рэалізацыі сацыяльна-эканамічных правоў, звязаныя са стварэннем і ўкараненнем штучнага інтэлекту, які здольны вывесці жыццё чалавека на новы якасны ўзровень. Пры гэтым укараненне лічбавых тэхналогій патрабуе комплексных змяненняў прававога рэгулявання. Працэсы лічбавай трансфармацыі грамадскіх адносін павінны суправаджацца замацаваннем эфектыўных прававых гарантый захавання правоў і свабод чалавека ў працэсе распрацоўкі і выкарыстання тэхналогій штучнага інтэлекту.
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу заканадаўца на неабходнасць захавання належнага балансу сацыяльна-эканамічных правоў грамадзян і іх адказнасці за выкананне канстытуцыйных абавязкаў, устанаўлення прававых механізмаў, здольных забяспечваць сацыяльную абарону грамадзян зыходзячы з сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь.
У сучасных умовах для дасягнення канстытуцыйна значных мэт неабходна забяспечваць рэалізацыю ўзаемаабумоўленых канстытуцыйных палажэнняў аб адказнасці дзяржавы перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы і аб адказнасці грамадзяніна перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, якія ўскладзены на яго Канстытуцыяй.
Раздзел III. Ажыццяўленне канстытуцыйнага правасуддзя
ў мэтах абароны канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна
1. Канстытуцыйны Суд ажыццяўляе кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве праз канстытуцыйнае судаводства з мэтай абароны гарантаваных Канстытуцыяй правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
У сістэме канстытуцыйных правоў і свабод права на судовую абарону з’яўляецца адным з найважнейшых канстытуцыйных правоў чалавека і грамадзяніна, а таксама гарантыяй рэалізацыі іншых правоў і свабод.
Канстытуцыйны Суд у парадку, устаноўленым законам, выносіць рашэнні па скаргах грамадзян на парушэнні іх канстытуцыйных правоў і свабод, правяраючы канстытуцыйнасць законаў, прымененых у канкрэтнай справе, калі вычарпаны ўсе іншыя сродкі судовай абароны.
На працягу 2024 года ў Канстытуцыйны Суд паступіла 530 зваротаў, з якіх 103 у пэўнай меры адпавядаюць крытэрыям канстытуцыйнай скаргі. У скаргах выкладзены пытанні, звязаныя з парушэннем правоў пры ўжыванні працоўнага, жыллёвага, зямельнага, пенсійнага, падатковага, а таксама крымінальна-працэсуальнага, адміністрацыйнага і грамадзянскага працэсуальнага заканадаўства. Скаргі грамадзян, якія паступаюць, вывучаюцца ва ўстаноўленым Законам «Аб канстытуцыйным судаводстве» парадку і вызначаецца спосаб іх далейшага вырашэння з улікам выканання ўмоў дапушчальнасці, агульных патрабаванняў да зместу канстытуцыйнай скаргі.
Аналіз скаргаў паказвае, што грамадзянамі не выконваюцца ў поўнай меры палажэнні дадзенага Закона, што з’яўляецца падставай для адмовы ва ўзбуджэнні вядзення па справе.
У мэтах аказання садзейнічання грамадзянам у ажыццяўленні іх права на доступ да канстытуцыйнага правасуддзя Канстытуцыйны Суд праводзіць шырокае інфармаванне грамадзян, юрыдычнай супольнасці аб сваёй дзейнасці па абароне канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, аб практычнай рэалізацыі палажэнняў абноўленай Канстытуцыі. Эфектыўнасць рэалізацыі канстытуцыйнай скаргі шмат у чым будзе залежаць ад дзейнасці адвакатаў, якія маюць права прадстаўляць інтарэсы грамадзян у Канстытуцыйным Судзе, ад якасці аказання юрыдычнай дапамогі з мэтай ажыццяўлення і абароны правоў і свабод грамадзян.
Рэалізуючы паўнамоцтва прымаць рашэнні па скаргах грамадзян на парушэнні іх канстытуцыйных правоў і свабод, правяраючы канстытуцыйнасць законаў, прымененых у канкрэтнай справе, калі вычарпаны ўсе іншыя сродкі судовай абароны, Канстытуцыйны Суд зыходзіць з неабходнасці своечасовага выдалення з прававога рэгулявання заканадаўчых прабелаў, прававой нявызначанасці, якія, як правіла, парушаюць сістэмнасць і ўзгодненасць прававых нормаў, ускладняюць правапрымяненне.
Наяўнасць у заканадаўчых актах прабелаў і прававой нявызначанасці не дазваляе забяспечваць у поўнай меры канстытуцыйны прынцып вяршэнства права, стварае магчымасць такога разумення і прымянення прававых нормаў, якое можа прыводзіць да парушэння канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
Зыходзячы з прынцыпу вяршэнства права Канстытуцыйны Суд пры разглядзе і вырашэнні справы па канстытуцыйнай скарзе (рашэнне ад 30 студзеня 2025 г. № Р-1306/2025) прызнаў наяўнасць канстытуцыйна значнага прабелу ў прававым рэгуляванні, які выклікаў прававую нявызначанасць узаемазвязаных палажэнняў артыкула 12.4 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і артыкула 7.4 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, паколькі ў сістэме дзеючага заканадаўства яны не забяспечваюць прававую вызначанасць пры накладанні адміністрацыйных спагнанняў за ўчыненне некалькіх адміністрацыйных правапарушэнняў, якія ўтвараюць сукупнасць.
Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь прапанавана выдаліць выяўлены прабел у прававым рэгуляванні з улікам прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда, выкладзеных у дадзеным рашэнні; правапрымяняльнікам рэкамендавана да ўнясення адпаведных змяненняў у заканадаўчыя акты пры накладанні адміністрацыйных спагнанняў за здзяйсненне некалькіх адміністрацыйных правапарушэнняў, якія ўтвараюць сукупнасць, забяспечыць выкананне прынцыпаў справядлівасці і разумнасці.
Канстытуцыйны Суд мяркуе, што ўвядзеннем канстытуцыйнай скаргі ў нацыянальную прававую сістэму ўмацоўваюцца канстытуцыйна-прававыя асновы судовай абароны грамадзян, забяспечваецца іх прамы доступ да канстытуцыйнага правасуддзя, што дазваляе Канстытуцыйнаму Суду вызначыць канстытуцыйнасць і юрыдычныя наступствы правяраемага закона, выключыць скажэнне канстытуцыйна-прававога сэнсу закона пры прымяненні яго ў канкрэтнай судовай справе.
2. Права на судовую абарону з’яўляецца ўніверсальным прававым механізмам дзяржаўнай абароны правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, выконвае найважнейшую забеспячальна-аднаўленчую функцыю, у сувязі з чым абарона гарантаваных Канстытуцыяй правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі і яе прамога дзеяння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь – задача не толькі Канстытуцыйнага Суда, але і іншых дзяржаўных органаў і службовых асоб.
Згодна з артыкулам 112 Канстытуцыі суды ажыццяўляюць правасуддзе на падставе Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй іншых нарматыўных прававых актаў. Калі пры разглядзе канкрэтнай справы ў суда ўзнікнуць сумненні ў канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта, які падлягае прымяненню, суд да вынясення судовай пастановы ставіць ва ўстаноўленым законам парадку перад Канстытуцыйным Судом пытанне аб праверцы канстытуцыйнасці гэтага нарматыўнага прававога акта.
Вырашэнне Канстытуцыйным Судом запытаў судоў з’яўляецца прававой гарантыяй забеспячэння канстытуцыйнай законнасці ў правапрымяненні, паколькі дазволіць судам агульнай юрысдыкцыі адхіліць узніклыя сумненні ў канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, якія падлягаюць прымяненню пры разглядзе імі канкрэтных спраў, да прыняцця рашэнняў па справах.
Прадугледжаны на канстытуцыйным узроўні механізм узаемадзеяння судоў розных юрысдыкцый выступае гарантыяй дасягнення мэты правасуддзя пры вырашэнні розных катэгорый спраў – забеспячэння кожнаму судовай абароны яго канстытуцыйных правоў і свабод.
У 2024 годзе запытаў ад судоў агульнай юрысдыкцыі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, якія падлягаюць прымяненню пры разглядзе судамі канкрэтных спраў, у Канстытуцыйны Суд не паступала.
Згодна з Канстытуцыяй Канстытуцыйны Суд па прапановах Прэзідэнта, Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу, Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі, Вярхоўнага Суда, Савета Міністраў дае заключэнні аб адпаведнасці Канстытуцыі законаў, указаў Прэзідэнта, пастаноў Савета Міністраў, нарматыўных прававых актаў іншых дзяржаўных органаў.
Прапановы вышэйзгаданых дзяржаўных органаў аб дачы заключэння аб адпаведнасці Канстытуцыі нарматыўнага прававога акта могуць засноўвацца на пададзеным звароце грамадзяніна, арганізацыі, на думку якіх прымяненнем нарматыўнага прававога акта ў канкрэтных рашэнні дзяржаўнага органа або судовай пастанове парушаюцца правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзяніна, правы і законныя інтарэсы арганізацыі.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што звароты ў орган канстытуцыйнага кантролю з’яўляюцца неабходнай умовай своечасовага выключэння з прававой сістэмы неканстытуцыйных нормаў, спрыяюць найбольш поўнай абароне канстытуцыйных правоў грамадзян і законных інтарэсаў арганізацый, удасканаленню канстытуцыйна-прававога рэгулявання, рэалізацыі канстытуцыйных палажэнняў у правапрымяняльнай дзейнасці, умацаванню канстытуцыйнай законнасці і правапарадку.
Раздзел IV. Выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда
Своечасовае выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда забяспечвае эфектыўнасць і дзейснасць канстытуцыйнага правасуддзя ў мэтах абароны правоў грамадзян і законных інтарэсаў арганізацый.
У 2024 годзе рэалізавана 5 прававых пазіцый, якія змяшчаюцца ў рашэннях Канстытуцыйнага Суда, прынятых у парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў, а таксама палажэнне, сфармуляванае ў Пасланні Канстытуцыйнага Суда «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2015 годзе».
1. У Пасланні Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2015 годзе» Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ў мэтах далейшага развіцця канстытуцыйнага прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам і судом, забеспячэння роўнага доступу да правасуддзя патрэбны распрацоўка і прыняцце адзінага працэсуальнага закона, які рэгулюе разгляд грамадзянскіх і эканамічных спраў.
Дадзенае палажэнне рэалізавана ў выніку прыняцця Кодэкса грамадзянскага судаводства Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2024 г., які ўступае ў сілу з 1 студзеня 2026 г.
2. Шэраг прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда рэалізаваны заканадаўцам у Кодэксе грамадзянскага судаводства.
2.1. Пры праверцы ў парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Грамадзянскі працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь» Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад
28 снежня 2017 г. указаў, што заканадаўцу пры далейшым удасканаленні нормаў Грамадзянскага працэсуальнага закона, якія рэгулююць вядзенне спраў у апеляцыйным парадку, у мэтах выканання канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і законнасці, рэальнага гарантавання канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону, забеспячэння законнасці і абгрунтаванасці судовых пастаноў неабходна прадугледзець магчымасць абскарджання (апратэставання) у апеляцыйным парадку пастаноў па грамадзянскіх справах, разгледжаных Вярхоўным Судом па першай інстанцыі.
Прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда рэалізавана ў Кодэксе грамадзянскага судаводства, часткай 4 артыкула 555 якога ўстаноўлена, што рашэнне Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, вынесенае па першай інстанцыі, можа быць абскарджана (апратэставана) у апеляцыйным парадку, за выключэннем выпадкаў, калі ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі такое рашэнне ўступае ў законную сілу неадкладна пасля яго абвяшчэння.
2.2. Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях медыяцыі» Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 8 ліпеня 2013 г. адзначыў няўзгодненасць асобных нормаў Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і Закона Рэспублікі Беларусь «Аб медыяцыі» і прапанаваў заканадаўцу ў мэтах аднастайнага прававога рэгулявання адносін, звязаных з прымяненнем медыяцыі, пры ўдасканаленні заканадаўства ўнесці адпаведныя змяненні ва ўказаны кодэкс для ўзгаднення яго палажэнняў з нормамі Закона «Аб медыяцыі», якія прадугледжваюць удзел у перамовах бакоў абранай імі па ўзаемнай згодзе незацікаўленай асобы (медыятара) у мэтах садзейнічання ім ва ўрэгуляванні спрэчкі (спрэчак).
Выяўленая Канстытуцыйным Судом няўзгодненасць нормаў працэсуальнага заканадаўства і Закона «Аб медыяцыі» пераадолена з прыняццем Кодэкса грамадзянскага судаводства, у якім медыяцыя і прымірэнчая працэдура рэгулююцца як дзве незалежныя працэдуры прымірэння бакоў (частка 4 артыкула 165, артыкулы 171–177), а таксама ўстаноўлена, што падведамная суду спрэчка, якая ўзнікае з грамадзянскіх, сямейных, працоўных, іншых праваадносін, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі або не вынікае з сутнасці адпаведных праваадносін, можа быць перададзена для ўрэгулявання шляхам правядзення медыяцыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам аб медыяцыі (частка 1 артыкула 42).
2.3. У рашэнні ад 8 ліпеня 2019 г. аб канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні кодэксаў» Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на пэўныя разыходжанні ў парадку ажыццяўлення загаднага вядзення, прадугледжанага Грамадзянскім працэсуальным кодэксам і Гаспадарчым працэсуальным кодэксам, і прапанаваў заканадаўцу ўстанавіць пры прыняцці адзінага Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь уніфікаваны для грамадзянскага і гаспадарчага судаводства парадак загаднага вядзення, які ў найбольшай ступені гарантуе канстытуцыйныя правы на роўнасць і судовую абарону, у тым ліку доступ да правасуддзя, пры адначасовым забеспячэнні ахоўваемых законам інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб у частцы аператыўнасці і своечасовага вырашэння заяўленых патрабаванняў у рамках такога вядзення, яго эфектыўнасці і эканамічнасці.
Прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда рэалізавана ў Кодэксе грамадзянскага судаводства, якім замацаваны адзіны парадак разгляду спраў у загадным вядзенні раённымі (гарадскімі) судамі і эканамічнымі судамі абласцей (горада Мінска) (падраздзел 2 «Загаднае вядзенне» раздзела VI).
3. У рашэнні ад 26 красавіка 2019 г. «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абыходжанні з адходамі» Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу заканадаўца на неабходнасць далейшага развіцця і забеспячэння прынцыпу прымянення найлепшых даступных тэхнічных метадаў пры абыходжанні з адходамі ў нормах прыродаахоўнага заканадаўства ў мэтах практычнага выкарыстання найлепшых даступных тэхналогій як найбольш эфектыўных метадаў прадухілення і скарачэння ўтварэння адходаў і іх уздзеяння на навакольнае асяроддзе ў цэлым з улікам эканамічных і тэхнічных магчымасцей на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама стварэння ўмоў для рэалізацыі палажэння аб «нулявым» пахаванні адходаў.
Прававая пазіцыя ўлічана ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 29 снежня 2023 г. № 333-З «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абыходжанні з адходамі». Палажэннямі новай рэдакцыі Закона «Аб абыходжанні з адходамі» ў якасці асноўных напрамкаў адзінай дзяржаўнай палітыкі ў галіне абыходжання з адходамі вызначаны прадухіленне ўтварэння адходаў і памяншэнне аб’ёмаў утварэння адходаў (артыкул 4); устаноўлена, што эканамічнае стымуляванне ў галіне абыходжання з адходамі можа ажыццяўляцца пры дапамозе прадастаўлення ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі суб’ектам гаспадарання, якія ажыццяўляюць абыходжанне з адходамі, ільгот у мэтах забеспячэння ў тым ліку ўкаранення найлепшых даступных тэхнічных метадаў вытворчасці тавараў, якія забяспечваюць падаўжэнне іх жыццёвага цыкла (даўгавечнасць), для прадухілення, змяншэння аб’ёмаў утварэння адходаў (артыкул 15).
4. Пры ацэнцы канстытуцыйнасці нормы Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб інвестыцыях», якая прадугледжвае прадастаўленне інвестару, які заключыў інвестыцыйны дагавор з Рэспублікай Беларусь, гарантыі ад неспрыяльнага змянення падатковага заканадаўства ў парадку і на ўмовах, вызначаных заканадаўчымі актамі, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 27 снежня 2021 г. адзначыў, што заканадаўцу пры вызначэнні парадку і ўмоў прадастаўлення названай гарантыі варта зыходзіць як з публічных інтарэсаў дзяржавы, звязаных з яе эканамічнай бяспекай, так і з прыватных інтарэсаў фізічных і юрыдычных асоб для захавання суразмернасці паміж патрабаваннямі інтарэсаў грамадства і неабходнымі ўмовамі абароны асноўных правоў асобы, а таксама забеспячэння балансу інтарэсаў, якія абараняюцца Канстытуцыяй.
У Законе Рэспублікі Беларусь «Аб інвестыцыях», выкладзеным у новай рэдакцыі Законам Рэспублікі Беларусь ад 8 студзеня 2024 г. № 350-З, артыкул 34, які вызначае парадак і ўмовы прадастаўлення гарантый ад неспрыяльнага змянення падатковага заканадаўства, улічвае прававую пазіцыю Канстытуцыйнага Суда.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што выкананне нарматворчымі органамі рашэнняў, а таксама рэалізацыя ў заканадаўчых актах прававых пазіцый і канцэптуальных прапаноў Канстытуцыйнага Суда сведчаць аб захаванні прынцыпу вяршэнства права, аб належным прававым рэгуляванні на аснове прынцыпаў і нормаў Канстытуцыі, спрыяюць павышэнню даверу грамадзян да інстытутаў публічнай улады, умацаванню іх упэўненасці ў гарантаванні дзяржавай рэалізацыі і абароны правоў і свабод чалавека як найвышэйшай мэты грамадства і дзяржавы, сцвярджэнню канстытуцыйнай законнасці.
Заключная частка
1. У Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца сістэмная ўзгодненая дзейнасць дзяржаўных органаў па забеспячэнні непахіснасці канстытуцыйнага ладу, рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, сцвярджэнні вяршэнства Канстытуцыі і яе прамога дзеяння пры належным захаванні балансу канстытуцыйных функцый дзяржаўных органаў і іх самастойнасці ў межах сваіх паўнамоцтваў у адпаведнасці з канстытуцыйным прынцыпам падзелу ўладаў.
Парламентам – Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь у 2024 годзе прынята 34 закона, якія ўстанаўліваюць прававое рэгуляванне найбольш важных грамадскіх адносін і накіраваны на паслядоўную рэалізацыю канстытуцыйных прынцыпаў і нормаў у розных сферах жыццядзейнасці.
Упаўнаважаныя органы – Прэзідэнт, Прэзідыум Усебеларускага народнага сходу, Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Вярхоўны Суд, Савет Міністраў з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў або па іншых канстытуцыйных спрэчках у Канстытуцыйны Суд не звярталіся, што сведчыць аб дасягнутым на канстытуцыйнай аснове канструктыўным узаемадзеянні дзяржаўных органаў у заканатворчым працэсе, забеспячэнні якаснага нарматыўнага прававога рэгулявання грамадскіх адносін.
Канстытуцыйны Суд канстатуе, што рэжым канстытуцыйнай законнасці выконваецца ўсімі суб’ектамі канстытуцыйных адносін, якія дзейнічаюць у адпаведнасці са сваімі канстытуцыйнымі паўнамоцтвамі, правамі і абавязкамі, падтрымліваючы належны канстытуцыйны правапарадак у краіне.
2. На аснове вяршэнства Канстытуцыі як вызначальнага фактару гарманічнага і ўстойлівага развіцця грамадства і дзяржавы ў сучасных умовах працягваецца эвалюцыйнае ўдасканаленне прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь, фарміраванне ўмоў дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян, прадугледжаных Канстытуцыяй.
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што для забеспячэння развіцця на канстытуцыйнай аснове прававой сістэмы ў адпаведнасці з патрэбамі дынамічна зменлівай рэальнасці заканадавец павінен дзейнічаць у межах, вызначаных канстытуцыйнымі прынцыпамі і нормамі, прымаючы законы, якія адпавядаюць канстытуцыйным мэтам і забяспечваюць абарону і развіццё фундаментальных канстытуцыйных каштоўнасцей, прынцыпаў роўнасці і справядлівасці, не дапушчаючы адступлення ад гарантый дзяржавы па забеспячэнні рэалізацыі правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў прававым рэгуляванні павінна ажыццяўляцца далейшая паслядоўная рэалізацыя канстытуцыйных нормаў, якія замацоўваюць прававыя асновы ўзаемаадносін асобы, грамадства і дзяржавы, меру свабоды і абавязкаў грамадзян як найважнейшую ўмову ўстойлівасці рэжыму канстытуцыйнай законнасці.
3. Лічбавае развіццё Рэспублікі Беларусь вызначана ў якасці найважнейшай мэты стратэгічнага характару. Лічбавая трансфармацыя грамадскіх адносін фармуе новую эканамічную, сацыяльную і прававую рэальнасць, аказваючы істотны ўплыў на рэалізацыю гарантаваных Канстытуцыяй правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што ва ўмовах цыфравізацыі аб’ектыўна актуалізуецца неабходнасць як дактрынальнага асэнсавання паняцця і зместу лічбавых тэхналогій, тэхналогій штучнага інтэлекту, так і распрацоўкі ўзгодненага і сістэмнага прававога рэгулявання адносін, звязаных з іх укараненнем і выкарыстаннем.
Канстытуцыйны Суд мяркуе, што з улікам уплыву тэхналогій штучнага інтэлекту на працэсы сацыяльна-эканамічнага развіцця, рэалізацыю канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян неабходна прыняць Закон «Аб тэхналогіях штучнага інтэлекту» для ўстанаўлення дакладных юрыдычных правілаў на прынцыпах бяспекі і адказнасці ўсіх удзельнікаў гэтых адносін.
4. З улікам дынамічнага грамадскага развіцця, трансфармацыі многіх сфер сацыяльнага жыцця неабходна своечасовае абнаўленне заканадаўства, у працэсе якога павінна быць забяспечана яго належная якасць, уключаючы павышэнне ўзроўню паслядоўнасці, прадказальнасці, комплекснасці і прававой вызначанасці. Пры ўсталяванні заканадаўчых механізмаў рэалізацыі правоў і свабод грамадзян павінны забяспечвацца адначасова неабходная паўната і кампактнасць прававых механізмаў, дакладнае і недвухсэнсоўнае выкладанне прававых нормаў, рамак магчымых, належных і забароненых паводзін.
Канстытуцыйны Суд адзначае неабходнасць выпрацоўкі новых падыходаў да кадыфікацыі заканадаўства, уключаючы нарматыўнае вызначэнне крытэрыяў рэгулявання грамадскіх адносін на ўзроўні законаў і на ўзроўні падзаконных актаў, а таксама мер, якія забяспечваюць ролю кадыфікацыі як інструмента ўзгодненага развіцця заканадаўства ў пэўнай сферы.
Канстытуцыйны Суд лічыць мэтазгодным у мэтах ліквідавання залішняй множнасці нарматыўных прававых актаў у сферы сацыяльнай абароны сям’і ажыццявіць кадыфікацыю заканадаўства, накіраваную на ўмацаванне інстытута сям’і і падтрымку традыцыйных сямейных каштоўнасцей, з дапамогай распрацоўкі і прыняцця спецыяльнага акта – Кодэкса сацыяльнай абароны сям’і, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства.
5. Палажэнні абноўленай Канстытуцыі, накіраваныя на паслядоўнае размежаванне кампетэнцыі Канстытуцыйнага Суда і судоў агульнай юрысдыкцыі ў сцвярджэнні законнасці і канстытуцыйнага правапарадку, прадвызначаюць, разам з ажыццяўленнем Канстытуцыйным Судом кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве, неабходнасць ажыццяўлення судамі агульнай юрысдыкцыі кантролю за законнасцю падзаконных нарматыўных прававых актаў.
Канстытуцыйны Суд мяркуе, што ажыццяўленне судамі канстытуцыйнай функцыі па забеспячэнні абароны правоў, свабод і ахоўваемых законам інтарэсаў грамадзян і арганізацый, а таксама публічных інтарэсаў ад незаконных нарматыўных прадпісанняў абумоўлівае неабходнасць дзейснага судовага кантролю за рашэннямі нарматыўнага характару дзяржаўных органаў і службовых асоб.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў мэтах рэалізацыі палажэнняў артыкула 60 Канстытуцыі, забеспячэння судовага кантролю прававога рэгулявання неабходна ўстанаўленне заканадаўчых механізмаў для ажыццяўлення судамі агульнай юрысдыкцыі праверкі на адпаведнасць законам пастаноў Савета Міністраў і падзаконных нарматыўных прававых актаў іншых дзяржаўных органаў па скаргах грамадзян і юрыдычных асоб.
6. Увядзеннем у прававую сістэму Рэспублікі Беларусь канстытуцыйнай скаргі ўмацаваны канстытуцыйныя гарантыі права кожнага на судовую абарону канстытуцыйных правоў і свабод, пашыраны механізмы доступу да канстытуцыйнага правасуддзя.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што распачаты працэс разгляду канстытуцыйных скаргаў паказаў недастатковую юрыдычную пісьменнасць грамадзян пры афармленні такіх зваротаў, неабходнасць дзейснай юрыдычнай дапамогі з боку адвакатаў грамадзянам для рэалізацыі іх права на канстытуцыйную скаргу.
Улічваючы, што запытаў судоў агульнай юрысдыкцыі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта, які падлягае прымяненню пры разглядзе судом канкрэтнай справы, у Канстытуцыйны Суд не паступала, мяркуем, што Вярхоўнаму Суду, які ўзначальвае сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі, неабходна арганізаваць канструктыўнае працэсуальнае забеспячэнне рэалізацыі канстытуцыйнай нормы аб накіраванні такіх запытаў і тым самым забяспечыць ажыццяўленне права грамадзян на доступ да канстытуцыйнага правасуддзя.
7. Эфектыўнасць канстытуцыйнай мадэлі сацыяльнай дзяржавы ў сучасных умовах патрабуе ўстанаўлення належнага балансу сацыяльных правоў грамадзян і іх сацыяльнай адказнасці за ўклад у стварэнне агульнага дабрабыту, фарміравання заканадаўчых механізмаў, здольных забяспечваць роўныя магчымасці кожнаму для рэалізацыі свайго патэнцыялу зыходзячы з сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь.
Забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі, рэалізацыя канстытуцыйных прынцыпаў у заканадаўстве і правапрымяненні з’яўляецца асноватворным вектарам развіцця Рэспублікі Беларусь дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай.
Гэта Пасланне прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 12 сакавіка 2025 г.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага
Суда Рэспублікі Беларусь П.П.Міклашэвіч