Навіны
30 студзеня 2025 г. Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь разгледзеў у судовым пасяджэнні справу аб канстытуцыйнасці артыкула 12.4 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях па скарзе грамадзяніна Гніцэвіча А.А.

У Канстытуцыйны Суд звярнуўся грамадзянін Гніцэвіч А.А. з канстытуцыйнай скаргай аб праверцы канстытуцыйнасці артыкула 12.4 «Злучэнне спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях» Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей – ПВКаАП).

А.А. Гніцэвіч прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці пастановамі аб накладанні адміністрацыйнага спагнання начальніка АДАІ Камянецкага РАУС.

Грамадзянін лічыць, што начальнік АДАІ Камянецкага РАУС быў абавязаны злучыць тры справы аб учыненых ім адміністрацыйных правапарушэннях у адным адміністрацыйным працэсе, што прадугледжана артыкулам 12.4 ПВКаАП.

Фактычна за ўчыненыя адміністрацыйныя правапарушэнні па трох пастановах у дачыненні да заяўніка сумарна накладзена адміністрацыйнае спагнанне, якое перавышае памеры спагнанняў, устаноўленыя пунктамі 1 і 4 часткі 1 артыкула 7.4 КаАП.

Заяўнік мяркуе, што рашэнні, прынятыя па справах аб учыненых ім адміністрацыйных правапарушэннях, супярэчаць артыкулам 7, 21 і 22 Канстытуцыі.

Канстытуцыйны Суд у прынятым рашэнні па справе прызнаў артыкул 12.4 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях у частцы ўстанаўлення магчымасці злучэння ў адным адміністрацыйным працэсе спраў аб некалькіх адміністрацыйных правапарушэннях, учыненых адной асобай, калі яны падведамныя аднаму і таму ж суду, органу, які вядзе адміністрацыйны працэс, адпаведнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Зыходзячы з прынцыпу вяршэнства права прызнана наяўнасць канстытуцыйна значнага прабелу ў прававым рэгуляванні, які выклікаў прававую нявызначанасць узаемазвязаных палажэнняў артыкула 12.4 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і артыкула 7.4 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, паколькі ў сістэме дзеючага заканадаўства яны не забяспечваюць прававую пэўнасць пры накладанні адміністрацыйных спагнанняў за здзяйсненне некалькіх адміністрацыйных правапарушэнняў, якія ўтвараюць сукупнасць.

Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь належыць ліквідаваць выяўлены прабел у прававым рэгуляванні з улікам прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда, выкладзеных у рашэнні.

Правапрымяняльнікам да ўнясення адпаведных змяненняў у заканадаўчыя акты пры накладанні адміністрацыйных спагнанняў за здзяйсненне некалькіх адміністрацыйных правапарушэнняў, якія ўтвараюць сукупнасць, неабходна забяспечыць выкананне прынцыпаў справядлівасці і разумнасці.