Навіны
Пад старшынствам Старшыні Канстытуцыйнага Суда П.П.Міклашэвіча 27 лістапада 2024 г. адбылося пасяджэнне Савета па пытаннях прававой і судовай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, на якім разгледжана пытанне аб прававым рэгуляванні выкарыстання і развіцця тэхналогій штучнага інтэлекту

Лічбавыя тэхналогіі з элементамі штучнага інтэлекту (далей – ШІ) прымяняюцца сёння ў розных сферах грамадскіх адносін, утрымліваюць значны патэнцыял эканамічнага росту і навукова-тэхнічнага развіцця, павышэння эфектыўнасці эканамічнай дзейнасці і дзяржаўнага кіравання.

Глабальны характар ўкаранення і выкарыстання прадвызначае прызнанне тэхналогій ШІ новай рэальнасцю і патрабуе адаптацыі да яе дзеючай сістэмы права.

У сучасных умовах прававое рэгуляванне распрацоўкі, укаранення і выкарыстання ШІ ажыццяўляецца на міжнародным, рэгіянальным (у рамках міжнародных арганізацый) і нацыянальным узроўнях.

У Еўрапейскім саюзе прыняты рэгламент (ЕС) 2024/1689, што ўстанаўлівае гарманізаваныя правілы ў дачыненні да штучнага інтэлекту, выразныя патрабаванні да распрацоўшчыкаў ШІ і абавязацельствы распаўсюджвальнікаў па канкрэтных варыянтах выкарыстання ШІ.

У Еўразійскім эканамічным саюзе шэраг праграмных дакументаў прадугледжвае ўкараненне тэхналогій ШІ і забеспячэнне яго інклюзіўнага, бяспечнага і адказнага прымянення ў галінах эканомікі дзяржаў-членаў.

У рамках СНД прыняты рэкамендацыі па рэгуляванні выкарыстання ШІ (2023), што выступаюць дарожнай картай для фарміравання сістэмы законаў у сферы ШІ на тэрыторыі СНД.

У Расійскай Федэрацыі Указам Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі ад 10 кастрычніка 2019 г. № 490 зацверджана Нацыянальная стратэгія развіцця штучнага інтэлекту на перыяд да 2030 года. У ёй вызначаны асноўныя прынцыпы нарматыўнага прававога рэгулявання грамадскіх адносін, звязаных з развіццём і выкарыстаннем тэхналогій ШІ: бяспека, гуманістычны падыход, павага да аўтаноміі і свабоды волі чалавека, недыскрымінацыя, рызыка-арыентаваны падыход, адказнасць, кваліфікаваная экспертная ацэнка.

У Рэспубліцы Беларусь прынятыя стратэгічныя і праграмныя акты разглядаюць выкарыстанне тэхналогій ШІ у якасці інструмента сацыяльна-эканамічнага развіцця, сродка павышэння эфектыўнасці працэсаў кіравання, што адказвае нацыянальным інтарэсам (Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гады, Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021–2025 гады і інш.).

Вызначаючы распрацоўку і ўкараненне тэхналогій ШІ перспектыўным напрамкам развіцця Рэспублікі Беларусь, прынятыя акты не ўтрымліваюць комплексных палажэнняў сістэмнага характару аб мэтах, задачах, рызыках выкарыстання тэхналогій ШІ як асаблівых перадавых тэхналогій, здольных кардынальна трансфармаваць грамадскія адносіны.

Пры гэтым Канцэпцыяй прававой палітыкі Рэспублікі Беларусь у ліку актуальных сфер развіцця грамадзянскага, эканамічнага (гаспадарчага) заканадаўства прадугледжваецца неабходнасць урэгулявання пытанняў прымянення штучнага інтэлекту.

Належнае прававое рэгуляванне ў дадзенай сферы, уключаючы фарміраванне інструментаў дзяржаўнага рэгулявальнага ўздзеяння, дазволіць стварыць спрыяльнае асяроддзе для развіцця тэхналогій ШІ, будзе садзейнічаць прыцягненню інвестыцый, стымуляванню інавацыйнай дзейнасці, павышэнню дабрабыту грамадзян і якасці жыцця, а таксама ўмацаванню абараназдольнасці і нацыянальнай бяспекі.

Савет па пытаннях прававой і судовай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па выніках праведзенага абмеркавання ў мэтах належнага прававога рэгулявання выкарыстання і развіцця тэхналогій штучнага інтэлекту прызнаў мэтазгодным распрацоўку і прыняцце закона аб тэхналогіях штучнага інтэлекту.

Савету Міністраў сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававой інфармацыі і іншымі зацікаўленымі рэкамендавана распрацаваць праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб тэхналогіях штучнага інтэлекту», у якім прадугледзець:

асноўныя тэрміны і азначэнні;

мэты і задачы дзяржаўнай палітыкі ў сферы ШІ;

кампетэнцыю ўпаўнаважанага органа дзяржаўнага кіравання ў сферы ШІ;

прынцыпы прававога рэгулявання адносін у сферы ШІ;

меры па забеспячэнні дзяржаўнай і грамадскай бяспекі пры выкарыстанні тэхналогій ШІ;

этычныя прынцыпы выкарыстання тэхналогій ШІ;

меры, накіраваныя на развіццё тэхналогій ШІ, прыцягненне інвестыцый, стымуляванне інавацыйнай дзейнасці;

правы і абавязкі суб’ектаў грамадскіх адносін у сферы ШІ;

мінімізацыю рызык і юрыдычную адказнасць суб’ектаў грамадскіх адносін у сферы ШІ.