На пленарным пасяджэнні П.П.Міклашэвіч, звяртаючыся да ўдзельнікаў Беларускага юрыдычнага форуму, адзначыў наступнае.
1. Вяршэнства Канстытуцыі ў цяперашні час забяспечваецца ва ўмовах шматузроўневага прававога рэгулявання, складанага ўзаемадзеяння нацыянальных, наднацыянальных і міжнародных прававых сістэм.
Паскарэнне ўсіх грамадскіх працэсаў дыктуе зусім іншы тып чалавечага ўзаемадзеяння, адбываецца шматразовае ўскладненне сацыяльных сувязяў. Лічбавае вымярэнне адкрыла прынцыпова новыя сродкі камунікацыі, па-новаму паставіўшы пытанне аб звычайных для права катэгорыях тэрыторыі, часу і прасторы, адменным становішчы суб’ектаў, што ўзялі на ўзбраенне апошнія дасягненні высокіх тэхналогій.
Узнікненне новых прававых з’яў абумоўлівае пашырэнне прадмета канстытуцыйна-прававога рэгулявання, неабходнасць выкарыстання канстытуцыйна-прававых механізмаў і інструментаў, што забяспечваюць устойлівасць сацыяльных канструкцый, абарону правоў і свабод чалавека ў новым лічбавым свеце.
Рашэнне гэтай праблемы на сучасным этапе актуальна і для Рэспублікі Беларусь.
У рашэнні Савета па пытаннях прававой і судовай дзейнасці пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь ад 7 мая 2024 г. у мэтах належнага прававога забеспячэння адносін у галіне выкарыстання лічбавых тэхналогій, з улікам сучаснага развіцця лічбавай эканомікі і цыфравізацыі сацыяльнай сферы прызнана неабходнасць распрацоўкі канцэптуальных асноў прававога рэгулявання лічбавага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь.
У мэтах належнага прававога рэгулявання выкарыстання і развіцця тэхналогій штучнага інтэлекту 27 лістапада 2024 г. савет рэкамендаваў Савету Міністраў сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук і Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававой інфармацыі распрацаваць праект Закона аб тэхналогіях штучнага інтэлекту.
2. Адна з асаблівасцяў прававога развіцця ў цяперашні час – станаўленне наднацыянальнага права.
Прававы суверэнітэт перайначваецца: пастаянна пашыраецца сістэма прававога рэгулявання, што ўключае нормы міжнароднага права, акты міждзяржаўных утварэнняў.
Рэспубліка Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай такіх міжнародных арганізацый, як Садружнасць Незалежных Дзяржаў, Еўразійскі эканамічны саюз, Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Нядаўна аформлена сяброўства ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, партнёрства ў БРІКС.
Адкрытасць Рэспублікі Беларусь для міжнародна-прававой інтэграцыі абумоўлівае магчымасць перадачы часткі суверэнных паўнамоцтваў наднацыянальным структурам міждзяржаўных аб’яднанняў. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд неаднаразова адзначаў, што зыходзячы з вяршэнства Канстытуцыі не могуць абмяжоўвацца суверэннае права народа Беларусі самастойна вызначаць свой шлях развіцця, змяняцца дэмакратычны, сацыяльны і прававы характар беларускай дзяржавы, прымяншацца канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян.
Галоўны сродак забеспячэння эфектыўнага прававога рэгулявання ў інтэграцыйных адносінах – выпрацоўка ясных правілаў суадносін наднацыянальнага і нацыянальнага права ва ўзаемадзеянні дзяржаў, усталяванне рэальнага механізму гарантый захавання прынцыпу субсідыярнасці.
Безумоўна, нарматворчыя органы і службовыя асобы павінны зыходзіць з канстытуцыйных прыярытэтаў пры ўсталяванні наднацыянальнага і міжнароднага рэгулявання.
У гэтых мэтах у абноўленай Канстытуцыі Канстытуцыйнаму Суду нададзена права правяраць на адпаведнасць Канстытуцыі міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь, што не ўступілі ў сілу.
3. Права з прычыны сваёй складанасці і разнастайнасці прадмета прававога рэгулявання ўжо ў пэўнай меры перастае быць здабыткам усіх, і вялікая пагроза, калі права будзе існаваць толькі для юрыстаў. Гэта канкрэтны сучасны выклік праву.
Прававое рэгуляванне грамадскіх адносін немагчыма без выразных зразумелых правілаў, яснасці фармулёвак, якія з’яўляюцца даступнымі і ўспрынятымі грамадствам, засвоенымі грамадскай свядомасцю.
У сувязі з гэтым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь даручана правесці рэвізію заканадаўства ў мэтах яго аптымізацыі. У мэтах выканання даручэння Прэзідэнта Канстытуцыйным Судом прапанаваны наступныя актуальныя напрамкі аптымізацыі і сістэматызацыі заканадаўства.
1. Выключэнне неабгрунтаванага дэлегавання заканадаўцам нарматворчых паўнамоцтваў на падзаконны ўзровень.
Пры гэтым варта павялічваць у законах колькасць нормаў прамога дзеяння, ўсталёўваць дастатковыя прававыя механізмы для рэалізацыі правоў і свабод грамадзян, забяспечваць яснае і паслядоўнае прававое рэгуляванне, выразны і недвухсэнсоўны выклад прававых нормаў, што дакладна вызначаюць патрабаванні да фізічных і юрыдычных асоб, рамкі магчымых, належных і забароненых паводзін.
2. У мэтах далейшай паслядоўнай кадыфікацыі заканадаўства неабходна выпрацаваць новыя падыходы да кадыфікацыі, вызначыўшы крытэрыі прававога рэгулявання на ўзроўні законаў і на ўзроўні падзаконных актаў.
3. Недапушчальнасць залішняга ўстанаўлення ў падзаконных актах забарон (абмежаванняў) пры адсутнасці заканадаўчых палажэнняў, што выступаюць непасрэднай падставай для нормаў такога роду.
Неабходна ўпарадкаваць прыняцце нарматыўных прававых актаў рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання праз вызначэнне межаў меркавання пры ажыццяўленні імі прававога рэгулявання.
У цяперашні час пошук адказаў на сучасныя выклікі праву знаходзіцца ў сферы канстытуцыяналізацыі права на аснове абноўленай Канстытуцыі, што замацавала нацыянальныя каштоўнасці і традыцыі, вызначыла вектар далейшага развіцця Рэспублікі Беларусь дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай.
Старшыня Канстытуцыйнага Суда пажадаў удзельнікам Форуму актыўнай плённай дзейнасці па канструктыўным абмеркаванні і вырашэнні юрыдычных праблем, удасканаленні нацыянальнага заканадаўства.
П.П.Міклашэвіч павіншаваў з надыходзячым святам – Днём юрыста і пажадаў далейшых поспехаў у прафесійнай дзейнасці, дабрабыту, жыццярадаснасці.