На пачатку сустрэчы Кіраўнік дзяржавы нагадаў пра праведзеную маштабную працу над новай рэдакцыяй Асноўнага Закона, адзначыў унёсак суддзяў Канстытуцыйнага Суда ў працэс канстытуцыйных пераўтварэнняў.
Прэзідэнт адзначыў, што ўсе закладзеныя ў Канстытуцыі прынцыпы і нормы павінны працаваць на практыцы. «Лічу, што ў пытаннях рэалізацыі палажэнняў Асноўнага Закона Канстытуцыйнаму Суду трэба займаць адкрыта, не баючыся, лідарскую пазіцыю. Цяпер важна праяўляць ініцыятыўнасць, быць на вастрыі падзей, працаваць на апярэджанне. Словам, грамадству патрэбна бачыць Канстытуцыйны Суд у справе. Ад вашай актыўнасці залежыць дзейснасць абароны канстытуцыйнага правапарадку ў нашай краіне», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт, звяртаючыся да суддзяў Канстытуцыйнага Суда па пытанні функцыявання такога новага інстытута, як канстытуцыйная скарга, асабліва падкрэсліў: «Гэта ініцыятыва менавіта суда. Грамадзяне атрымалі магчымасць звароту ў Канстытуцыйны Суд не толькі праз упаўнаважаныя дзяржаўныя органы, але і асабіста. Вы павінны даступна расказваць ім, што канстытуцыйная скарга – гэта іх дадатковая гарантыя, калі вычарпаны ўсе сродкі абароны ў судах агульнай юрысдыкцыі. І, калі мы ўвялі прамы доступ да канстытуцыйнага правасуддзя, лічу недапушчальным фармальны разгляд канстытуцыйных скаргаў грамадзян».
Прэзідэнт таксама ўказаў на неабходнасць максімальна выкарыстоўваць досвед і веды суддзяў у адукацыйнай сферы: «У Канстытуцыйным Судзе, напэўна, самыя прагрэсіўныя нашы юрысты. Думаю, яны недагружаны ў тым плане, што шырэй трэба працаваць з грамадствам». Асаблівую ўвагу, па яго думцы, трэба звярнуць на працу з моладдзю, у працоўных калектывах, ды і з працаўнікамі дзяржорганаў. «Вы выдатныя лектары, прамоўцы. Вы – скарбніца ведаў у галіне права і не толькі права, але і жыцця», – сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы, характарызуючы працу Канстытуцыйнага Суда на сучасным этапе, звярнуў увагу, што роля Суда павінна быць бачная і ў правапрымяняльнай дзейнасці. Даручана правесці маштабную рэвізію заканадаўства, арганізацыяй працэсу будзе займацца Адміністрацыя Прэзідэнта. «Трэба сабраць спецыялістаў, далучыць Канстытуцыйны Суд, – сказаў Кіраўнік дзяржавы. – Прыцягваць да дадзенай працы варта таксама парламентарыяў». Мэта такой рэвізіі, як растлумачыў Прэзідэнт, – скарачэнне правовавога масіву, устараненне супярэчнасцей у прававым рэгуляванні, выяўленне падзаконных актаў, што не адпавядаюць Канстытуцыі, законам і ўказам Прэзідэнта.
Падчас сустрэчы выступіў Старшыня Канстытуцыйнага Суда П.П.Міклашэвіч, які адзначыў наступнае.
Абноўленая Канстытуцыя, заснаваная на сучаснай дактрыне беларускай дзяржаўнасці, нацыянальных дзяржаўна-прававых традыцыях, з'яўляецца трывалым прававым фундаментам устойлівага канстытуцыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на доўгатэрміновую перспектыву.
У цяперашні час паўнамоцтвы Канстытуцыйнага Суда значна пашыраны:
– узмоцнена роля Канстытуцыйнага Суда як канстытуцыйнага арбітра ў сістэме дзяржаўнай улады з мэтай забеспячэння яе ўстойлівага функцыявання зыходзячы з канстытуцыйнага прынцыпу падзелу ўлад;
– вызначаны канстытуцыйна-прававы механізм абароны правоў і свабод грамадзян праз праверку канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў пры разглядзе канкрэтных судовых спраў.
Эфектыўнасць канстытуцыйнага кантролю як гарантыі забеспячэння рэжыму канстытуцыйнай законнасці і канстытуцыйнага правапарадку абумоўлена наступнымі фактарамі.
Першае, скончыўся этап абавязковага папярэдняга канстытуцыйнага кантролю законаў, прынятых Парламентам, да падпісання іх Прэзідэнтам, які станоўча паўплываў на ўмацаванне канстытуцыйнай законнасці: Канстытуцыйным Судом праверана канстытуцыйнасць 698 законаў, больш за 300 прававых пазіцый ўлічана заканадаўцам і правапрымяняльнікамі ў сваёй дзейнасці.
У адпаведнасці з абноўленай Канстытуцыяй устаноўлены папярэдні кантроль канстытуцыйнасці законаў толькі па прапановах Прэзідэнта. Пажадана, каб цягам года ў Канстытуцыйны Суд паступіла хаця б некалькі такіх прапаноў.
Пры гэтым з мэтай прадухілення парушэння балансу ўладных паўнамоцтваў у сістэме дзяржаўных органаў трэба ўстанавіць на заканадаўчым узроўні і парадак абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці змяненняў, якія ўносяцца ў законы, што ўстанаўліваюць прававое рэгуляванне дзейнасці органаў з канстытуцыйным статусам – Прэзідэнта, Усебеларускага народнага сходу, Парламента, Урада.
Выкарыстанне папярэдняга канстытуцыйнага кантролю пры ўнясенні змяненняў у названыя законы будзе з'яўляцца дадатковай гарантыяй забеспячэння канстытуцыйных прынцыпаў народаўладдзя і падзелу ўлад.
Другое, Канстытуцыйны Суд з'яўляецца па сваёй прававой прыродзе пасіўным органам. Гэта значыць, ён не мае права па сваёй ініцыятыве ўзбуджаць канстытуцыйнае судаводства.
Ініцыяванне канстытуцыйнага кантролю ажыццяўляецца іншымі адмыслова ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі і грамадзянамі.
Сёння можна канстатаваць адсутнасць з боку дзяржаўных органаў актыўнага ініцыявання канстытуцыйнага кантролю. Гэта сведчыць, што ў заканадаўчай практыцы і правапрымяненні дзяржаўныя органы паважліва ставяцца да нормаў і прынцыпаў Канстытуцыі, імкнуцца іх выконваць у практычнай дзейнасці, што забяспечвае стабільны узровень канстытуцыйнай законнасці ў краіне, выключэнне прыняцця неканстытуцыйных актаў заканадаўчага характару.
З іншага боку, Канстытуцыйны Суд чакае зваротаў ад упаўнаважаных органаў – Прэзідэнта, Парламента, Урада, Вярхоўнага Суда, Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу, каб Канстытуцыйны Суд мог выказаць сваю пазіцыю аб пераадоленні няпэўнасці ў канстытуцыйна-прававым рэгуляванні з мэтай абароны і поўнай рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян.
Трэцяе, забеспячэнне рэалізацыі канстытуцыйнай скаргі па абароне правоў і свабод грамадзян.
Канстытуцыяй і Законам аб канстытуцыйным судаводстве пастаўлены ўмовы дапушчальнасці канстытуцыйнай скаргі: правяраецца канстытуцыйнасць закона, прымененага ў канкрэтнай судовай справе пасля 1 кастрычніка 2023 г., пасля вычарпання ўсіх сродкаў судовай абароны ў судах агульнай юрысдыкцыі.
Пачатковы перыяд рэалізацыі канстытуцыйнай скаргі паказаў, што дадзены прававы інстытут запатрабаваны грамадзянамі для абароны сваіх правоў і свабод, аднак праблема ініцыявання канстытуцыйнага кантролю наўпроста грамадзянамі – яны негатовыя выконваць у поўнай меры тыя юрыдычныя крытэрыі, якія ўстаноўлены ў Законе.
Таму відавочна, што узровень юрыдычнай дапамогі павінен быць павышаны, у тым ліку з боку адвакатаў. Канстытуцыйным Судом прымаюцца пэўныя меры інфармацыйнага і тлумачальнага характару, каб канстытуцыйныя скаргі грамадзян паступалі юрыдычна належна аформленымі.
Чацвёртае, канстытуцыйнае судаводства складаецца са стадый ініцыявання канстытуцыйнага кантролю, разгляду спраў, выканання рашэнняў Канстытуцыйнага Суда.
Вядома, што ў некаторых краінах ёсць праблемы з разглядам спраў, калі з-за загружанасці канстытуцыйных судоў тэрміны разгляду спраў расцягваюцца на працяглы перыяд; ёсць праблемы з выкананнем прынятых пастаноў. У нас такія праблемы па разглядзе спраў і выкананні рашэнняў адсутнічаюць.
Канстытуцыйны Суд у цяперашні час гатоў да рэалізацыі новых паўнамоцтваў, устаноўленых у абноўленай Канстытуцыі. У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Закона «Аб канстытуцыйным судаводстве» унесены адпаведныя змяненні ў Рэгламент Канстытуцыйнага Суда, распрацаваны метадычныя рэкамендацыі.
Пры гэтым Канстытуцыйны Суд чакае адпаведных ініцыятыўных зваротаў ад упаўнаважаных дзяржаўных органаў і грамадзян, што будзе спрыяць прадухіленню і ўстараненню парушэнняў канстытуцыйнай законнасці, фармаванню канстытуцыйнага правапарадку і далейшаму развіццю нацыянальнай прававой сістэмы на трывалым канстытуцыйным фундаменце.