7 верасня 2023 г. № Р-1305/2023
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Рабцава В.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П. у адпаведнасці з часткай другой артыкула 23 і артыкулам 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў
ВЫРАШЫЎ:
1. Зацвердзіць Рэгламент Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь (прыкладаецца).
2. Прызнаць страціўшымі сілу:
рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 8 красавіка 2014 г. № Р-916/2014 «О Регламенте Конституционного Суда Республики Беларусь»;
рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 17 сакавіка 2017 г. № Р-1085/2017 «О внесении дополнений и изменений в Регламент Конституционного Суда Республики Беларусь»;
рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 16 снежня 2021 г. № Р-1287/2021 «Об изменении Регламента Конституционного Суда Республики Беларусь».
3. Рашэнне ўступае ў сілу з 1 кастрычніка 2023 г.
4. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага
Суда Рэспублікі Беларусь П.П.Міклашэвіч
ЗАЦВЕРДЖАНА
Рашэнне Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь
07.09.2023 № Р-1305/2023
РЭГЛАМЕНТ
Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь
Дадзены Рэгламент на аснове Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў (далей – Кодэкс) і Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве» (далей – Закон) рэгулюе пытанні арганізацыі падрыхтоўкі і правядзення пасяджэнняў Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыйны Суд), забеспячэння ўмоў для ажыццяўлення Канстытуцыйным Судом і яго суддзямі сваіх паўнамоцтваў, а таксама іншыя пытанні ўнутранай дзейнасці Канстытуцыйнага Суда, парадак і формы ўдзелу Сакратарыята Канстытуцыйнага Суда (далей – Сакратарыят) у падрыхтоўцы спраў да разгляду ў судовым пасяджэнні, не ўрэгуляваныя Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі, а ў выпадках, устаноўленых заканадаўствам аб канстытуцыйным судаводстве, – іншыя пытанні, якія ўзнікаюць у ходзе канстытуцыйнага судаводства.
У гэтым Рэгламенце тэрміны і іх азначэнні выкарыстоўваюцца ў значэннях, вызначаных Законам.
ГЛАВА 1
ПЫТАННІ, ЯКІЯ ДАТЫЧАЦЦА ПАЎНАМОЦТВАЎ СТАРШЫНІ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДУ ПА АРГАНІЗАЦЫІ ЎНУТРАНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА
1. Старшыня Канстытуцыйнага Суда, акрамя пералічаных у артыкуле 25 і іншых артыкулах Кодэкса і Законе паўнамоцтваў, у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі:
вызначае даты і склікае судовыя пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда або службовыя нарады суддзяў Канстытуцыйнага Суда, старшынствуе на іх;
выдае загады аб накіраванні намесніка Старшыні, суддзяў Канстытуцыйнага Суда і работнікаў Сакратарыята ў службовыя камандзіроўкі;
зацвярджае штогадовыя графікі працоўных водпускаў суддзяў Канстытуцыйнага Суда і работнікаў Сакратарыята;
ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы.
2. У выпадках адсутнасці Старшыні Канстытуцыйнага Суда або немагчымасці выканання ім сваіх абавязкаў паўнамоцтвы Старшыні Канстытуцыйнага Суда ажыццяўляе намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Суда.
У выпадку адсутнасці Старшыні Канстытуцыйнага Суда і яго намесніка або немагчымасці выканання імі сваіх абавязкаў паўнамоцтвы Старшыні Канстытуцыйнага Суда ажыццяўляе старэйшы па ўзросце суддзя Канстытуцыйнага Суда.
3. Пасля заканчэння тэрміну паўнамоцтваў Старшыня Канстытуцыйнага Суда прадаўжае выконваць свае абавязкі да выбрання яго на новы тэрмін або да выбрання новага Старшыні Канстытуцыйнага Суда.
Старшыня Канстытуцыйнага Суда інфармуе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Прэзідыум Усебеларускага народнага сходу аб заканчэнні тэрміну сваіх паўнамоцтваў, як правіла, за два месяцы да яго заканчэння.
4. Старшыня Канстытуцыйнага Суда ўносіць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь для ўнясення ва ўстаноўленым парадку прапаноў Усебеларускаму народнаму сходу прадстаўленні:
па пытанні выбрання намесніка Старшыні Канстытуцыйнага Суда, як правіла, за два месяцы да заканчэння пяцігадовага тэрміну паўнамоцтваў намесніка Старшыні Канстытуцыйнага Суда;
аб спыненні паўнамоцтваў суддзі Канстытуцыйнага Суда або аб выбранні суддзі Канстытуцыйнага Суда на новы тэрмін, як правіла, за два месяцы да заканчэння адзінаццацігадовага тэрміну паўнамоцтваў суддзі Канстытуцыйнага Суда;
аб спыненні паўнамоцтваў або аб пакіданні намесніка Старшыні, суддзі Канстытуцыйнага Суда, пры наяўнасці іх згоды, на дзяржаўнай грамадзянскай службе ў парадку, устаноўленым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, як правіла, за два месяцы да дасягнення намеснікам Старшыні, суддзёй Канстытуцыйнага Суда гранічнага ўзросту знаходжання на дзяржаўнай грамадзянскай службе.
5. Пры наяўнасці вакантных пасад намесніка Старшыні, суддзі Канстытуцыйнага Суда Старшыня Канстытуцыйнага Суда ўносіць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь прадстаўленне па пытанні выбрання намесніка Старшыні, суддзі Канстытуцыйнага Суда для ўнясення ва ўстаноўленым парадку прапаноў Усебеларускаму народнаму сходу.
Прадстаўленне па пытанні выбрання на вакантную пасаду ўносіцца, як правіла, на працягу месяца пасля адкрыцця вакансіі.
ГЛАВА 2
ПЫТАННІ, ЯКІЯ ДАТЫЧАЦЦА СПЫНЕННЯ, АДНАЎЛЕННЯ І СПЫНЕННЯ ПАЎНАМОЦТВАЎ СУДДЗІ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА
6. У выпадку прыняцця Прэзідыумам Усебеларускага народнага сходу пастановы аб прыпыненні або аднаўленні паўнамоцтваў Старшыні, намесніка Старшыні, суддзі Канстытуцыйнага Суда ў адпаведнасці з часткамі першай і другой артыкула 107 Кодэкса выдаецца адпаведны загад Старшыні Канстытуцыйнага Суда.
7. Асабістая пісьмовая заява аб адстаўцы або аб вызваленні ад пасады па ўласным жаданні суддзя Канстытуцыйнага Суда адрасуе Усебеларускаму народнаму сходу і падае праз кадравую службу Канстытуцыйнага Суда.
8. Пры наяўнасці падстаў для спынення паўнамоцтваў суддзі Канстытуцыйнага Суда, прадугледжаных абзацамі дзевятым і дзясятым часткі першай артыкула 108 Кодэкса, прадстаўленне Канстытуцыйнага Суда аб спыненні паўнамоцтваў Старшыні, намесніка Старшыні, суддзі Канстытуцыйнага Суда ў парадку, устаноўленым артыкуламі 105 і 106 Кодэкса, прымаецца большасцю галасоў ад поўнага складу суддзяў Канстытуцыйнага Суда.
Прадстаўленне Канстытуцыйнага Суда аб спыненні паўнамоцтваў Старшыні, намесніка Старшыні, суддзі Канстытуцыйнага Суда накіроўваецца Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь для прыняцця рашэння аб прыпыненні паўнамоцтваў (да прыняцця Усебеларускім народным сходам рашэння па пытанні вызвалення ад пасады) і ўнясення Усебеларускаму народнаму смходу прапановы аб вызваленні ўказаных асоб ад пасады, папярэдне ўзгодненай з Прэзідыумам Усебеларускага народнага сходу.
9. Пры наяўнасці падстаў для спынення паўнамоцтваў суддзі Канстытуцыйнага Суда, прадугледжаных абзацамі чацвёртым – восьмым, адзінаццатым – трынаццатым часткі першай артыкула 108 Кодэкса, кадравай службай Канстытуцыйнага Суда рыхтуецца прадстаўленне Старшыні Канстытуцыйнага Суда.
Пры наяўнасці падстаў для спынення паўнамоцтваў суддзі Канстытуцыйнага Суда, прадугледжаных абзацамі шостым, сёмым, адзінаццатым – трынаццатым часткі першай артыкула 108 Кодэкса, прадстаўленне Старшыні Канстытуцыйнага Суда аб спыненні паўнамоцтваў Старшыні, намесаніка Старшыні, суддзі Канстытуцыйнага Суда накіроўваюцца Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь для рашэння аб прыпыненні паўнамоцтваў (да прыняцця Усебеларускім народным сходам рашэння па пытанні вызвалення ад пасады) і ўнясення Усебеларускаму народнаму сходу прапановы аб вызваленні ўказаных асоб ад пасады, папярэдне ўзгодненай з Прэзідыумам Усебеларускага народнага сходу.
Пры наяўнасці падстаў для спынення паўнамоцтваў суддзі Канстытуцыйнага Суда, прадугледжаных абзацамі чацвёртым, пятым, восьмым часткі першай артыкула 108 Кодэкса, прадстаўленне Старшыні Канстытуцыйнага Суда аб спыненні паўнамоцтваў Старшыні, намесніка Старшыні, суддзі Канстытуцыйнага Суда накіроўваецца Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь для ўнясення Усебеларускаму народнаму сходу прапановы аб вызваленні ўказаных асоб ад пасады, папярэдне ўзгодненай з Прэзідыумам Усебеларускага народнага сходу.
10. У выпадку прыняцця Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь рашэння аб прыпыненні паўнамоцтваў Старшыні, намесніка Старшыні, суддзі Канстытуцыйнага Суда або аб аднаўленні іх паўнамоцтваў з прычыны неўзгаднення Прэзідыумам Усебеларускага народнага сходу прапановы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб вызваленні ўказаных асоб ад пасады, унесенай ва ўстаноўленым парадку Усебеларускаму народнаму сходу, або непрыняцця Усебеларускім народным сходам на бліжэйшым пасяджэнні адпаведнага рашэння выдаецца адпаведны загад Старшыні Канстытуцыйнага Суда.
11. У выпадку смерці суддзі Канстытуцыйнага Суда, уступлення ў законную сілу рашэння суда аб аб’яўленні суддзі Канстытуцыйнага Суда памерлым або аб прызнанні яго без вестак адсутным выдаецца загад Старшыні Канстытуцыйнага Суда аб спыненні паўнамоцтваў суддзі Канстытуцыйнага Суда. Адначасова Старшыня Канстытуцыйнага Суда паведамляе Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і Усебеларускаму народнаму сходу аб спыненні паўнамоцтваў суддзі Канстытуцыйнага Суда.
ГЛАВА 3
ПЫТАННІ, ЯКІЯ ДАТЫЧАЦЦА ПАДАЧЫ, РЭГІСТРАЦЫІ І ПАПЯРЭДНЯГА РАЗГЛЯДУ ЗВАРОТУ
12. Зварот падаецца ў Канстытуцыйны Суд у пісьмовай або электроннай форме.
13. Зварот у электроннай форме, за выключэннем канстытуцыйнай скаргі, падаецца ў Канстытуцыйны Суд у выглядзе электроннага дакумента праз сістэму міжведамаснага электроннага дакументазвароту дзяржаўных органаў.
14. Канстытуцыйная скарга ў электроннай форме падаецца ў Канстытуцыйны Суд праз запаўненне спецыяльнай формы на афіцыйным сайце Канстытуцыйнага Суда ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт.
Для падачы канстытуцыйнай скаргі ў Канстытуцыйны Суд у электроннай форме грамадзянін:
рэгіструецца (запаўняе рэгістрацыйную форму) на афіцыйным сайце Канстытуцыйнага Суда ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт;
актывуе створаны ўліковы запіс (асабісты кабінет);
запаўняе ў асабістым кабінеце спецыяльную форму з дадаткам (далучэннем) да яе электронных адлюстраванняў дакументаў і матэрыялаў, прадугледжаных артыкулам 155 Закона. Электронныя адлюстраванні ствараюцца шляхам сканіравання дакументаў і матэрыялаў на папяровых носьбітах і захавання на электронны носьбіт файлаў у графічным фармаце.
15. Накіроўваемыя ў Канстытуцыйны Суд у электроннай форме звароты, у тым ліку канстытуцыйная скарга, а таксама дакументы і іншыя матэрыялы, якія да іх прыкладаюцца, павінны быць прадстаўлены ў наступных фарматах:
для дакументаў у электронным выглядзе:
Portable Document Format / A (PDF/A);
Office Open XML (DOCX);
OpenDocument Format (ODT);
для электронных адлюстраванняў дакументаў на папяровых носьбітах:
Portable Network Graphics (PNG);
Tagged Image File Format (TIFF);
Joint Photograph Experts Group (JPEG);
Portable Document Format/A (PDF/A).
16. Рэгістрацыя звароту, які паступіў у Канстытуцыйны Суд, ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Інструкцыяй па справаводстве ў Канстытуцыйным Судзе, якая зацвярджаецца Старшынёй Канстытуцыйнага Суда.
17. Сакратарыят на падставе артыкула 31 Закона ажыццяўляе папярэдні разгляд паступіўшага звароту на прадмет яго адпаведнасці ўстаноўленым заканадаўствам агульным патрабаванням да зместу, формы і складу дакументаў і іншых матэрыялаў, якія прыкладаюцца да звароту.
Начальнік Сакратарыята дакладвае Старшыні Канстытуцыйнага Суда аб звароце, які паступіў у Канстытуцыйны Суд, у дзень яго паступлення, за выключэннем канстытуцыйнай скаргі, якая дакладваецца ў адпаведнасці з пунктам 49 гэтага Рэгламенту.
ГЛАВА 4
ПЫТАННІ, ЯКІЯ ДАТЫЧАЦЦА ПАПЯРЭДНЯГА ВЫВУЧЭННЯ ЗВАРОТУ І ЎЗБУДЖЭННЯ ВЯДЗЕННЯ ПА СПРАВЕ
18. Па справах, прадугледжаных абзацамі другім, трэцім, дванаццатым, трынаццатым падпункта 2.1 пункта 2 артыкула 1 Закона, Старшыня Канстытуцыйнага Суда на падставе артыкула 32 Закона даручае суддзі (суддзям) Канстытуцыйнага Суда ажыццявіць папярэдняе вывучэнне паступіўшага звароту, па выніках ўзбуджэння вядзення па справе або аб адмове ва ўзбуджэнні вядзення па справе, а Сакратарыяту – падрыхтаваць неабходныя для папярэдняга вывучэння суддзёй (суддзямі) Канстытуцыйнага Суда інфармацыйна-аналітычныя дакументы.
Папярэдняе вывучэнне звароту ажыццяўляецца ў тэрмін, устаноўлены Старшынёй Канстытуцыйнага Суда з улікам тэрмінаў, прадугледжаных Законам для прыняцця Канстытуцыйным Судом вызначэння аб узбуджэнні вядзення па справе (пункт 2 артыкула 34) або аб адмове ва ўзбуджэнні вядзення па справе (пункт 2 артыкула 33).
19. Пры папярэднім вывучэнні звароту па справах, прадугледжаных абзацамі другім, трэцім, дванаццатым, трынаццатым падпункта 2.1 пункта 2 артыкула 1 Закона:
аналізуецца, ці няма падстаў для адмовы ва ўзбуджэнні вядзення па справе, прадугледжаных часткай першай пункта 1 артыкула 33 Закона, і прыняцця Канстытуцыйным Судом вызначэння аб адмове ва ўзбуджэнні вядзення па справе, у тым ліку ці адпавядае зварот умовам дапушчальнасці, вызначаным Законам (адпаведна артыкуламі 104, 164 і 170);
фармулюецца адзін з наступных вывадаў:
аб наяўнасці падставы для ўзбуджэння вядзення па справе і прыняцця Канстытуцыйным Судом вызначэння аб узбуджэнні вядзення па справе з унясеннем прапановы аб форме канстытуцыйнага судаводства;
аб адсутнасці падставы для ўзбуджэння вядзення па справе і наяўнасці падстаў для адмовы ва ўзбуджэнні вядзення па справе, а таксама прыняцця Канстытуцыйным Судом вызначэння аб адмове ва ўзбуджэнні вядзення па справе.
20. Бакам, а таксама па бачанні Канстытуцыйнага Суда іншым асобам, указаным ў пункце 3 артыкула 34 Закона, не пазней чым за пяць працоўных дзён з дня прыняцця адпаведнага вызначэння Канстытуцыйнага Суда паведамляецца аб узбуджэнні вядзення па справе пісьмом Канстытуцыйнага Суда з дадаткам копій вызначэння Канстытуцыйнага Суда, дакументаў і матэрыялаў, прадугледжаных Законам.
Пры выкарыстанні Канстытуцыйным Судом пісьмовай формы канстытуцыйнага судаводства і наяўнасці другога боку па справе тэрміны прадстаўлення такім бокам водгуку на зварот, які паступіў у Канстытуцыйны Суд, вызначаюцца Старшынёй Канстытуцыйнага Суда з улікам асаблівасцей справы.
ГЛАВА 5
ПЫТАННІ, ЯКІЯ ДАТЫЧАЦЦА ПРЫНЯЦЦЯ СПРАВЫ ДА ВЯДЗЕННЯ
21. Па справах, прадугледжаных абзацамі чацвёртым – дзесятым падпункта 2.1 пункта 2 артыкула 1 Закона, Старшыня Канстытуцыйнага Суда даручае суддзі (суддзям) Канстытуцыйнага Суда з удзелам Сакратарыята прааналізаваць зварот і падрыхтаваць праект вызначэння Старшыні Канстытуцыйнага Суда аб адмове ў прыняцці справы да вядзення.
22. Пры аналізе звароту і падрыхтоўцы праекта адпаведнага вызначэння:
па справах, прадугледжаных абзацамі пятым, шостым, восьмым – дзесятым падпункта 2.1 пункта 2 артыкула 1 Закона, устанаўліваецца, ці выконваюцца ўмовы дапушчальнасці, вызначаныя адпаведна артыкуламі 115, 122, 133, 140 і 147 Закона (пункт 4);
па справах, прадугледжаных абзацамі чацвёртым – сёмым, дзесятым падпункта 2.1 пункта 2 артыкула 1 Закона, уносіцца прапанова аб форме канстытуцыйнага судаводства ў адпаведнасці з пунктам 4 артыкула 11 Закона.
Акрамя таго, па справе, прадугледжанай абзацам дзесятым падпункта 2.1 пункта 2 артыкула 1 Закона, аналізуецца, ці выканана ўмова, вызначаная пунктам 2 артыкула 146 Закона.
23. Бакам, а таксама па бачанні Старшыні Канстытуцыйнага Суда іншым асобам, указаным ў пункце 3 артыкула 37 Закона, не пазней чым за працоўны дзень, які ідзе за днём прыняцця адпаведнага вызначэння, паведамляецца аб прыняцці справы да вядзення і разглядзе справы ў судовым пасяджэнні пісьмом Канстытуцыйнага Суда у якім указваюцца дата, час і месца правядзення судовага пасяджэння для разгляду і вырашэння справы.
Пры выкарыстанні Канстытуцыйным Судом пісьмовай формы канстытуцыйнага судаводства і наяўнасці другога боку па справе тэрміны прадстаўлення такім бокам водгуку на зварот, які паступіў у Канстытуцыйны Суд, вызначаюцца Старшынёй Канстытуцыйнага Суда з улікам асаблівасцей справы.
ГЛАВА 6
ПЫТАННІ, ЯКІЯ ДАТЫЧАЦЦА ПАДРЫХТОЎКІ І ПРАВЯДЗЕННЯ СУДОВАГА ПАСЯДЖЭННЯ
24. Пры падрыхтоўцы справы да разгляду ў судовым пасяджэнні па даручэнні Старшыні Канстытуцыйнага Суда:
суддзя-дакладчык (суддзі-дакладчыкі) складае даведку і (або) праект адпаведнага заключэння, рашэння і вырашае іншыя пытанні ў адпаведнасці з артыкулам 39 Закона;
Сакратарыят рыхтуе заключэнні, даведкі і іншыя інфармацыйна-аналітычныя дакументы.
25. Пры немагчымасці ўдзелу суддзі Канстытуцыйнага Суда ў запланаваным судовым пасяджэнні па справе, па якой ён назначаны суддзёй-дакладчыкам, ён інфармуе аб гэтым Старшыню Канстытуцыйнага Суда.
У гэтым выпадку Старшыня Канстытуцыйнага Суда:
па справах, прадугледжаных абзацамі другім, трэцім, адзінаццатым – трынаццатым падпункта 2.1 пункта 2 артыкула 1 Закона, ініцыіруе прыняцце вызначэння Канстытуцыйнага Суда аб назначэнні іншага суддзі-дакладчыка па справе або аб змяненні даты разгляду і вырашэння справы ў судовым пасяджэнні;
па справах, прадугледжаных абзацамі чацвёртым – дзесятым падпункта 2.1 пункта 2 артыкула 1 Закона, прымае вызначэнне аб назначэнні іншага суддзі-дакладчыка па справе або аб змяненні даты разгляду і вырашэння справы ў судовым пасяджэнні.
Іншы суддзя-дакладчык назначаецца таксама ў выпадках задавальнення самаадводу першапачаткова назначанага суддзі Канстытуцыйнага Суда, прыпынення або спынення яго паўнамоцтваў.
Пры назначэнні іншага суддзі-дакладчыка па справе яму перадаюцца ўсе існуючыя матэрыялы па гэтай справе.
26. У выпадку адклікання заяўнікам звароту ў парадку, прадугледжаным артыкулам 35 Закона, другому боку (пры яго наяўнасці) і асобам, якім было паведамлена аб узбуджэнні вядзення па справе, у пяцідзённы тэрмін паведамляецца Канстытуцыйным Судом аб адкліканні звароту заяўніка.
27. Азнаямленне бакоў, іх прадстаўнікоў, паўнамоцных прадстаўнікоў, прадстаўнікоў іншых дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, прыцягнутых Канстытуцыйным Судом да ўдзелу ў судовым пасяджэнні, а таксама экспертаў і спецыялістаў з матэрыяламі справы дапускаецца на падставе іх пісьмовай заявы. Азнаямленне ажыццяўляецца па даручэнні Старшыні Канстытуцыйнага Суда ў памяшканні Канстытуцыйнага Суда ў прысутнасці работніка Сакратарыята.
28. Сакратар судовага пасяджэння назначаецца Старшынёй Канстытуцыйнага Суда з ліку работнікаў Сакратарыята:
па справах, прадугледжаных абзацамі другім, трэцім, адзінаццатым – трынаццатым падпункта 2.1 пункта 2 артыкула 1 Закона, – пасля прыняцця Канстытуцыйным Судом вызначэння аб назначэнні судовага пасяджэння для разгляду і вырашэння справы;
па справах, прадугледжаных абзацамі чацвёртым – дзесятым падпункта 2.1 пункта 2 артыкула 1 Закона, – пасля прыняцця Старшынёй Канстытуцыйнага Суда вызначэння аб прыняцці справы да вядзення.
29. Па справах, прадугледжаных абзацамі другім, трэцім, адзінаццатым – трынаццатым падпункта 2.1 пункта 2 артыкула 1 Закона, паведамленне аб разглядзе справы ў судовым пасяджэнні накіроўваецца бакам, дзяржаўным органам, іншым арганізацыям і асобам, указаным у частцы першай пункта 1 артыкула 44 Закона, пісьмом Канстытуцыйнага Суда не пазней чым за дзесяць дзён да пачатку судовага пасяджэння.
Апавяшчэнне аб разглядзе справы ў судовым пасяджэнні можа накіроўвацца дзяржаўным органам, іншым арганізацыям і асобам, указаным у частцы першай пункта 1 артыкула 44 Закона, у электроннай форме праз сістэму міжведамаснага электроннага дакументазвароту дзяржаўных органаў.
30. Суддзям Канстытуцыйнага Суда паведамляецца Сакратарыятам аб даце, часе і месцы правядзення судовага пасяджэння па справе не пазней чым за дзесяць дзён да пачатку судовага пасяджэння, калі іншае не вынікае з асаблівасцей справы, шляхам уручэння парадку дня судовага пасяджэння. Адначасова суддзям Канстытуцыйнага Суда прадстаўляюцца ўсе неабходныя для разгляду і вырашэння справы матэрыялы на папяровых носьбітах і (або) у электронным выглядзе.
31. Сакратарыятам не пазней чым за дзень да пачатку судовага пасяджэння рыхтуецца, у тым ліку на падставе інфармацыі, атрыманай ад бакоў па справе, спіс асоб, якія ўдзельнічаюць у судовым пасяджэнні, які прадстаўляецца Старшыні, намесніку Старшыні і суддзям Канстытуцыйнага Суда.
32. У назначаны для судовага пасяджэння час суддзі Канстытуцыйнага Суда ўваходзяць у залу судовага пасяджэння. Сакратар судовага паседжання аб’яўляе: «Прашу ўстаць! Суд ідзе!». Усе ўстаюць, суддзі Канстытуцыйнага Суда займаюць свае месцы.
Пасля аб’яўлення старшынствуючым судовага пасяджэння закрытым сакратар судовага пасяджэння аб’яўляе: «Прашу ўсіх устаць!». Усе ўстаюць, суддзі Канстытуцыйнага Суда пакідаюць залу судовага пасяджэння.
33. Кіна- і фотаздымка, гука- і відэазапіс, трансляцыя ходу судовага пасяджэння ў рэжыме рэальнага часу з дапамогай глабальнай камп’ютарнай сеткі Інтэрнэт або іншых сродкаў сувязі:
могуць ажыццяўляцца па ініцыятыве Канстытуцыйнага Суда з улікам меркаванняў удзельнікаў судовага пасяджэння;
дапускаюцца з дазволу Канстытуцыйнага Суда па хадайніцтве ўдзельнікаў судовага пасяджэння, пададзенаму ў пісьмовай або электроннай форме да пачатку судовага пасяджэння або заяўленаму вусна ў ходзе судовага пасяджэння да пачатку разгляду справы па сутнасці, а таксама па заяве іншых асоб, якія прысутнічаюць у зале судовага пасяджэння.
ГЛАВА 7
ПЫТАННІ, ЯКІЯ ДАТЫЧАЦЦА ПАДРЫХТОЎКІ І АФАРМЛЕННЯ ДАКУМЕНТАЎ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА
34. Заключэнне, рашэнне Канстытуцыйнага Суда афармляюцца ў выглядзе асобнага дакумента.
Пратакольнае рашэнне, вызначэнне Канстытуцыйнага Суда афармляюцца ў выглядзе асобнага дакумента або ўносяцца ў пратакол судовага пасяджэння.
Вызначэнне Старшыні Канстытуцыйнага Суда афармляецца ў выглядзе асобнага дакумента.
Запыты і прадстаўленні Канстытуцыйнага Суда афармляюцца ў выглядзе асобнага дакумента.
Вызначэнні, запыты і прадстаўленні Канстытуцыйнага Суда падпісваюцца Старшынёй Канстытуцыйнага Суда.
35. Заключэнне, рашэнне Канстытуцыйнага Суда, пратакольнае рашэнне Канстытуцыйнага Суда, якое афармляецца ў выглядзе асобнага дакумента, вызначэнне Канстытуцыйнага Суда аб адмове ва ўзбуджэнні вядзення па справе аб канстытуцыйнасці закона, прымененага ў канкрэтнай справе, па канстытуцыйнай скарзе пасля іх падпісання старшынствуючым у судовым пасяджэнні рэгіструюцца і ўключаюцца ў адпаведны банк даных інфармацыйнай сістэмы Канстытуцыйнага Суда.
Кожнаму прынятаму заключэнню, рашэнню Канстытуцыйнага Суда, пратакольнаму рашэнню Канстытуцыйнага Суда, якое афармляецца ў выглядзе асобнага дакумента, прысвойваецца рэгістрацыйны нумар.
Вызначэнне Канстытуцыйнага Суда, за выключэннем вызначэння аб адмове ва ўзбуджэнні вядзення па справе аб канстытуцыйнасці закона, прымененага ў канкрэтнай справе, па канстытуцыйнай скарзе, і вызначэнне Старшыні Канстытуцыйнага Суда не нумаруюцца.
36. Заключэнні, рашэнні Канстытуцыйнага Суда, пасланні Канстытуцыйнага Суда Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь, Рэгламент Канстытуцыйнага Суда накіроўваюцца Сакратарыятам ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны ў Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь для ўключэння ў Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь і афіцыйнага апублікавання шляхам размяшчэння іх тэкстаў на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь, а таксама па рашэнні Старшыні Канстытуцыйнага Суда ва ўстаноўленыя ім тэрміны могуць быць накіраваны для абнародавання (апублікавання) у адпаведныя друкаваныя сродкі масавай інфармацыі.
Акты Канстытуцыйнага Суда, указаныя ў частцы першай гэтага пункта, размяшчаюцца на афіцыйным сайце Канстытуцыйнага Суда ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт.
37. Кантроль за выкананнем тэрмінаў выканання запытаў і прадстаўленняў Канстытуцыйнага Суда, а таксама тэрмінаў прадстаўлення заключэння эксперта ажыццяўляецца Сакратарыятам. Аб выпадках парушэння названых тэрмінаў начальнік Сакратарыята дакладвае Старшыні Канстытуцыйнага Суда.
38. Сакратар судовага пасяджэння ў парадку, прадугледжаным артыкулам 91 Закона, складае пратакол судовага пасяджэння і візіруе кожную яго старонку.
Пратакол судовага паседжання візіруецца суддзёй-дакладчыкам (суддзямі-дакладчыкамі), падпісваецца старшынёй у судовым пасяджэнні і сакратаром судовага пасяджэння.
39. Па кожнай разгледжанай і вырашанай Канстытуцыйным Судом справе Сакратарыятам афармляецца справа ў адпаведнасці з Інструкцыяй па справаводстве ў Канстытуцыйным Судзе.
ГЛАВА 8
ПЫТАННІ, ЯКІЯ ДАТЫЧАЦЦА АЖЫЦЦЯЎЛЕННЯ АНАЛІЗУ І АБАГУЛЬНЕННЯ ПРАКТЫКІ ВЫКАНАННЯ ЗАКЛЮЧЭННЯЎ, РАШЭННЯЎ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА
40. Сакратарыят сістэматычна аналізуе выкананне заключэнняў, рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, вядзе ўлік іх выканання, рыхтуе інфармацыю аб выкананні заключэнняў, рашэнняў Канстытуцыйнага Суда за год, якая прадстаўляецца Старшыні Канстытуцыйнага Суда.
Вынікі аналізу і абагульнення Канстытуцыйным Судом практыкі выканання прынятых заключэнняў, рашэнняў Канстытуцыйнага Суда ўлічваюцца пры падрыхтоўцы пасланняў Канстытуцыйнага Суда Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь.
41. Канстытуцыйны Суд можа накіроўваць службовым асобам і дзяржаўным органам запыты аб ходзе выканання адпаведных заключэнняў, рашэнняў Канстытуцыйнага Суда.
42. Зняцце заключэнняў, рашэнняў Канстытуцыйнага Суда з уліку выканання ажыццяўляецца Старшынёй Канстытуцыйнага Суда на падставе інфармацыі аб іх выкананні.
ГЛАВА 9
ПЫТАННІ, ЯКІЯ ДАТЫЧАЦЦА ПАДРЫХТОЎКІ ДА РАЗГЛЯДУ СПРАЎ У ПАРАДКУ ПАПЯРЭДНЯГА КАНТРОЛЮ
43. Палажэнні гэтага раздзела распаўсюджваюцца на ажыццяўленне канстытуцыйнага судаводства па справах, прадугледжаных абзацамі чацвёртым, пятым і сёмым падпункта 2.1 пункта 2 артыкула 1 Закона.
44. Пры разглядзе звароту па справе, прадугледжанай абзацам сёмым падпункта 2.1 пункта 2 артыкула 1 Закона, аналізуецца, ці з’яўляецца міжнародны дагавор не ўступіўшым у сілу згодна з патрабаваннямі пункта 2 артыкула 127 Закона.
45. Па справах аб адпаведнасці Канстытуцыі не ўступіўшага ў сілу міжнароднага дагавора Рэспублікі Беларусь у вызначэнні Старшыні Канстытуцыйнага Суда аб прыняцці справы да вядзення можа быць указана на неабходнасць прыпынення ажыццяўлення прадугледжаных заканадаўствам і міжнародным правам мер па ўступленні ў сілу міжнароднага дагавора да ўступлення ў законную сілу заключэння Канстытуцыйнага Суда.
46. Пры падрыхтоўцы справы да разгляду ў судовым пасяджэнні па справах, прадугледжаных абзацамі чацвёртым, пятым і сёмым падпункта 2.1 пункта 2 артыкула 1 Закона, суддзя-дакладчык сумесна з Сакратарыятам з улікам пункта 2 артыкула 111, пункта 2 артыкула 1 Закона вызначаюць неабходны для запатрабавання пералік дакументаў і іншых матэрыялаў, якія маюць значэнне для разгляду і вырашэння справы, і не пазней за працоўны дзень, які ідзе за днём прыняцця вызначэння аб прыняцці справы да вядзення, прымаюць меры па іх выпатрабаванні Канстытуцыйным Судом.
ГЛАВА 10
ПЫТАННІ, ЯКІЯ ДАТЫЧАЦЦА ПАПЯРЭДНЯГА РАЗГЛЯДУ І ПАПЯРЭДНЯГА ВЫВУЧЭННЯ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ СКАРГІ
47. Канстытуцыйная скарга, якая паступіла ў Канстытуцыйны Суд, пасля рэгістрацыі ва ўстаноўленым Інструкцыяй па справаводстве ў Канстытуцыйным Судзе парадку перадаецца ў адпаведнае структурнае падраздзяленне Сакратарыята для яе папярэдняга разгляду на адпаведнасць патрабаванням артыкулаў 29, 153–155 Закона.
Па выніках папярэдняга разгляду канстытуцыйнай скаргі адпаведнае структурнае падраздзяленне Сакратарыята з улікам палажэнняў главы 23 Закона рыхтуе:
1) інфармацыйна-аналітычную даведку Сакратарыята:
аб адпаведнасці канстытуцыйнай скаргі патрабаванням Закона, а таксама праект паведамлення грамадзяніну аб адпаведнасці яго канстытуцыйнай скаргі патрабаванням Закона і неабходнасці выплаты дзяржаўнай пошліны за яе разгляд;
аб неадпаведнасці канстытуцыйнай скаргі патрабаванням Закона і праект паведамлення грамадзяніну аб неадпаведнасці яго канстытуцыйнай скаргі патрабаванням Закона з указаннем, у чым выражаецца такая неадпаведнасць.
Патрабаванні да зместу інфармацыйна-аналітычнай даведкі Сакратарыята ўстанаўліваюцца ў адпаведных метадычных рэкамендацыях, якія зацвярджаюцца Старшынёй Канстытуцыйнага Суда;
2) паведамленне грамадзяніна аб неадпаведнасці яго канстытуцыйнай скаргі патрабаванням Закона ў выпадках, калі канстытуцыйная скарга:
яўна не падведамная Канстытуцыйнаму Суду;
пададзена неправамоцнай асобай;
яўна не адпавядае ўмовам дапушчальнасці, вызначаным падпунктамі 1.2 і 1.3 пункта 1 артыкула 153 Закона;
не адпавядае патрабаванням артыкулаў 29, 154 і 155 Закона.
48. Калі да канстытуцыйнай скаргі прыкладзена хадайніцтва аб вызваленні ад дзяржаўнай пошліны за яе разгляд, такое хадайніцтва разглядаецца Канстытуцыйным Судом пасля прызнання канстытуцыйнай скаргі па тым жа прадмеце з патрабаваннем аб яе разглядзе Канстытуцыйным Судом у выпадку нязгоды з паведамленнем Сакратарыята.
Па пытанні вызвалення ад дзяржаўнай пошліны за разгляд канстытуцыйнай скаргі Канстытуцыйны Суд прымае пастанову.
У выпадку незадавальнення Канстытуцыйным Судом хадайніцтва аб вызваленні ад дзяржаўнай пошліны за разгляд канстытуцыйнай скаргі Сакратарыят у трохдзённы тэрмін з дня прыняцця адпаведнага вызначэння Канстытуцыйнага Суда паведамляе грамадзяніну аб адхіленні хадайніцтва, а таксама аб неабходнасці выплаты дзяржаўнай пошліны за разгляд памеру пошліны.
49. Начальнікам Сакратарыята ў выпадках, прадугледжаных пунктам 1 артыкула 159 Закона, канстытуцыйная скарга дакладваецца Старшыні Канстытуцыйнага Суда.
50. Старшыня Канстытуцыйнага Суда па канстытуцыйнай скарзе, прызнанай Сакратарыятам адпаведнай патрабаванням Закона, даручае:
суддзі (суддзям) Канстытуцыйнага Суда – папярэдняе вывучэнне канстытуцыйнай скаргі. Па выніках вывучэння канстытуцыйнай скаргі суддзёй (суддзямі) выкладаецца меркаванне аб наяўнасці або адсутнасці падставы для ўзбуджэння вядзення па справе і рыхтуецца праект адпаведнага вызначэння;
адпаведным структурным падраздзяленням Сакратарыята – падрыхтоўку заключэння, даведак і іншых інфармацыйна-аналітычных дакументаў.
Патрабаванні да зместу заключэння, даведак і іншых інфармацыйна-аналітычных дакументаў Сакратарыята ўстанаўліваюцца ў адпаведных метадычных рэкамендацыях, якія зацвярджаюцца Старшынёй Канстытуцыйнага Суда.
51. Па канстытуцыйнай скарзе, паўторна пададзенай грамадзянінам з патрабаваннем аб яе разглядзе Канстытуцыйным Судом у выпадку нязгоды з паведамленнем Сакратарыята, Старшыня Канстытуцыйнага Суда даручае суддзі (суддзям) Канстытуцыйнага Суда яе папярэдняе вывучэнне.
Па выніках вывучэння канстытуцыйнай скаргі суддзёй (суддзямі) Канстытуцыйнага Суда выкладаецца меркаванне аб наяўнасці або адсутнасці падставы для ўзбуджэння вядзення па справе і рыхтуецца праект адпаведнага вызначэння.
ГЛАВА 11
ПЫТАННІ, ЯКІЯ ДАТЫЧАЦЦА ПАДРЫХТОЎКІ І ПРЫНЯЦЦЯ ПАСЛАННЯ ПРЭЗІДЭНТУ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ І ПАЛАТАМ НАЦЫЯНАЛЬНАГА СХОДУ ПРА СТАН КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦІ Ў РЭСПУБЛІЦЫ БЕЛАРУСЬ
52. Перыядычнасць і (або) тэрміны прыняцця паслання Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь (далей – пасланне) вызначаюцца Канстытуцыйным Судом.
53. Падрыхтоўка паслання ажыццяўляецца суддзямі Канстытуцыйнага Суда, вызначанымі Старшынёй Канстытуцыйнага Суда ў якасці суддзяў-дакладчыкаў.
54. Суддзі-дакладчыкі на падставе прапаноў суддзяў Канстытуцыйнага Суда рыхтуюць праект канцэпцыі паслання, які разглядаецца на службовай нарадзе суддзяў Канстытуцыйнага Суда.
На падставе адобранай канцэпцыі паслання суддзі-дакладчыкі рыхтуюць праект паслання, які прадстаўляецца суддзям Канстытуцыйнага Суда для вывучэння і ўнясення заўваг і прапаноў.
Дапрацаваны з улікам паступіўшых заўваг і прапаноў суддзяў Канстытуцыйнага Суда праект паслання разглядаецца Канстытуцыйным Судом у судовым пасяджэнні.
55. Прынятае Канстытуцыйным Судом пасланне абвяшчаецца ў адкрытым судовым пасяджэнні з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных органаў і сродкаў масавай інфармацыі.
ГЛАВА 12
ІНШЫЯ АРГАНІЗАЦЫЙНЫЯ ПЫТАННІ ЎНУТРАНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА
56. Для разгляду і вырашэння іншых арганізацыйных пытанняў унутранай дзейнасці Канстытуцыйнага Суда, якія ў адпаведнасці з Кодэксам і Законам не патрабуюць правядзення судовага пасяджэння Канстытуцыйнага Суда, праводзяцца службовыя нарады суддзяў Канстытуцыйнага Суда.
57. Службовыя нарады суддзяў Канстытуцыйнага Суда склікаюцца па меры неабходнасці Старшынёй Канстытуцыйнага Суда або па яго даручэнні намеснікам Старшыні Канстытуцыйнага Суда. Прапанова аб правядзенні службовай нарады можа ўносіцца любым з суддзяў Канстытуцыйнага Суда.
На службовую нараду суддзяў Канстытуцыйнага Суда могуць запрашацца работнікі Сакратарыята і іншыя асобы.
58. Службовая нарада суддзяў Канстытуцыйнага Суда правамоцная разглядаць пытанні і прымаць рашэнні па іх пры наяўнасці большасці ад агульнай колькасці суддзяў Канстытуцыйнага Суда.
59. Рашэнні на службовых нарадах суддзяў Канстытуцыйнага Суда прымаюцца большасцю галасоў ад колькасці прысутных суддзяў Канстытуцыйнага Суда, могуць афармляцца пратаколам і маюць абавязковы характар для суддзяў Канстытуцыйнага Суда і работнікаў Сакратарыята.
60. Пры неабходнасці па выніках службовай нарады суддзяў Канстытуцыйнага Суда можа афармляцца пратакол даручэнняў Старшыні Канстытуцыйнага Суда, дадзеных у ходзе нарады, які падпісваецца Старшынёй Канстытуцыйнага Суда.
Копіі ўказанага пратакола ўручаюцца асобам, якім даюцца даручэнні.
61. У мэтах падрыхтоўкі прапаноў, звязаных з правядзеннем Канстытуцыйным Судом мерапрыемстваў, і вырашэння іншых пытанняў, якія датычацца дзейнасці Канстытуцыйнага Суда, ствараюцца рабочыя групы, камісіі з ліку суддзяў Канстытуцыйнага Суда і работнікаў Сакратарыята.
Склад і задачы рабочай групы, камісіі, яе кіраўнік зацвярджаюцца, як правіла, загадам Старшыні Канстытуцыйнага Суда.
62. Канстытуцыйны Суд у сваёй дзейнасці ўзаемадзейнічае з навуковымі і іншымі арганізацыямі.
Ствараемы ў адпаведнасці з артыкулам 27 Кодэкса Навукова-кансультацыйны савет пры Канстытуцыйным Судзе з’яўляецца дарадчым органам, які ажыццяўляе дзейнасць у адпаведнасці з Палажэннем аб Навукова-кансультацыйным савеце пры Канстытуцыйным Судзе для дасягнення мэт і вырашэння задач, указаных у гэтым Палажэнні.
63. Прыём, рэгістрацыя, праходжанне і адпраўка карэспандэнцыі, а таксама работа з дакументамі ў Канстытуцыйным Судзе ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з Інструкцыяй па справаводстве ў Канстытуцыйным Судзе.
ГЛАВА 13
ІНФАРМАЦЫЙНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭННЕ ДЗЕЙНАСЦІ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА
64. Друкаваным выданнем Канстытуцыйнага Суда з’яўляецца часопіс «Веснік Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь».
Палажэнне аб часопісе «Веснік Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь» зацвярджаецца пратакольным рашэннем Канстытуцыйнага Суда.
Склад рэдакцыйнай калегіі часопіса «Веснік Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь» зацвярджаецца загадам Старшыні Канстытуцыйнага Суда.
65. Інфармаванне грамадзян, дзяржаўных органаў і іншых арганізацый аб дзейнасці Канстытуцыйнага Суда ажыццяўляецца праз афіцыйны сайт Канстытуцыйнага Суда ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт, сродкі масавай інфармацыі і іншымі спосабамі.
66. Узаемадзеянне Канстытуцыйнага Суда са сродкамі масавай інфармацыі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Арганізацыю ўзаемадзеяння Канстытуцыйнага Суда са сродкамі масавай інфармацыі ажыццяўляе Сакратарыят у парадку, які вызначаецца Старшынёй Канстытуцыйнага Суда.
67. У мэтах інфармацыйнага забеспячэння дзейнасці Канстытуцыйнага Суда выкарыстоўваецца інфармацыйная сістэма Канстытуцыйнага Суда, якая ўключае банкі даных актаў Канстытуцыйнага Суда, прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда, судовых пасяджэнняў Канстытуцыйнага Суда і інш.
Парадак інфармацыйнага суправаджэння і карыстання рэсурсамі інфармацыйнай сістэмы Канстытуцыйнага Суда, уключаючы банкі даных, вызначаецца загадам Старшыні Канстытуцыйнага Суда.
ГЛАВА 14
МІЖНАРОДНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА
68. Канстытуцыйны Суд ажыццяўляе супрацоўніцтва з органамі канстытуцыйнага кантролю замежных краін і міжнароднымі арганізацыямі шляхам заключэння пагадненняў аб супрацоўніцтве, ажыццяўлення візітаў, абмену актамі Канстытуцыйнага Суда і іншай інфармацыяй, арганізацыі сумесных канферэнцый, семінараў і іншых мерапрыемстваў.
69. Старшыня Канстытуцыйнага Суда ўносіць на разгляд Канстытуцыйнага Суда прапановы па пытанні мэтазгоднасці заключэння пагадненняў аб супрацоўніцтве з органамі канстытуцыйнага кантролю іншых краін або міжнароднымі арганізацыямі.
Пазіцыя Канстытуцыйнага Суда па гэтым пытанні афармляецца пратакольным рашэннем, у якім указваецца таксама асоба, упаўнаважаная на правядзенне перагавораў і падпісанне адпаведнага пагаднення.
70. Старшыня Канстытуцыйнага Суда ўносіць на разгляд Канстытуцыйнага Суда прапановы па пытанні мэтазгоднасці ўступлення ў міжнародныя арганізацыі.
Пазіцыя Канстытуцыйнага Суда па ўказаным пытанні афармляецца пратакольным рашэннем Канстытуцыйнага Суда.
У выпадку, калі членства ў міжнароднай арганізацыі прадугледжвае ўнясенне грашовых узносаў, штогод пры фарміраванні праекта бюджэтнага каштарысу Канстытуцыйнага Суда прадугледжваюцца адпаведныя мэтавыя асігнаванні.
ГЛАВА 15
САКРАТАРЫЯТ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА
71. Сакратарыят у адпаведнасці з артыкуламі 173 і 174 Кодэкса ажыццяўляе арганізацыйнае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці Канстытуцыйнага Суда, забяспечвае яго работу па ажыццяўленні правасуддзя, абагульненні судовай практыкі, аналізе судовай статыстыкі, сістэматызацыі заканадаўства, выкананні іншых функцый у межах прадстаўленых паўнамоцтваў, а таксама у адпаведнасці з артыкулам 158 Закона ажыццяўляе папярэдні разгляд канстытуцыйных скаргаў, якія паступілі ў Канстытуцыйны Суд.
Палажэнне аб Сакратарыяце Канстытуцыйнага Суда зацвярджаецца загадам Старшыні Канстытуцыйнага Суда.
72. У сваёй дзейнасці Сакратарыят кіруецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Кодэксам, Законам, іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь, гэтым Рэгламентам, актамі Канстытуцыйнага Суда, Палажэннем аб Сакратарыяце Канстытуцыйнага Суда, загадамі Старшыні Канстытуцыйнага Суда.
73. Агульнае кіраўніцтва Сакратарыятам ажыццяўляюць Старшыня, намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Суда ў адпаведнасці з размеркаваннем абавязкаў, непасрэднае кіраўніцтва – начальнік Сакратарыята.
74. Начальнік Сакратарыята назначаецца на пасаду і вызваляецца ад пасады Старшынёй Канстытуцыйнага Суда.
75. Пісьмовыя або вусныя даручэнні Старшыні, намесніка Старшыні, суддзяў Канстытуцыйнага Суда перадаюцца ў Сакратарыят праз начальніка Сакратарыята або непасрэдна кіраўніку структурнага падраздзялення Сакратарыята, калі гэтым Рэгламентам не ўстаноўлена іншае.
Кіраўнік структурнага падраздзялення Сакратарыята, які атрымаў даручэнне непасрэдна ад Старшыні, намесніка Старшыні або суддзі Канстытуцыйнага Суда, інфармуе аб атрыманні даручэння і выніках яго выканання начальніка Сакратарыята.
76. Кантроль за выкананнем даручэнняў ажыццяўляецца начальнікам Сакратарыята.