Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
27 снежня 2021 г. № Р-1289/2021
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «Об инвестициях»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., суддзяў Бодак А.М., Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Рабцава В.М., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзаца другога часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкула 98 і часткі першай артыкула 101 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве»

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «Об инвестициях».

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Бойка Т.С., прааналізаваўшы палажэння Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «Об инвестициях» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

Закон Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «Об инвестициях» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 8 снежня 2021 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 22 снежня 2021 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

Нормамі Закона ўдасканальваецца прававое рэгуляванне адносін у сферы ажыццяўлення інвестыцый з мэтай стварэння спрыяльнага інвестыцыйнага клімату ў дзяржаве, захавання стабільных умоў для прыцягнення інвестыцый у эканоміку Рэспублікі Беларусь, забеспячэння гарантый, правоў і законных інтарэсаў інвестараў, а таксама іх роўнай абароны.

1. Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з палажэнняў Канстытуцыі, згодна з якімi:

Рэспубліка Беларусь з'яўляецца прававой дзяржавай, валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку, абараняе сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак (артыкул 1); прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства (частка першая артыкула 8);

дзяржава надае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, а таксама гарантуе ўсім роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці (часткі другая і чацвёртая артыкула 13);

дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасці і садзейнічае яе набыццю; уласнасць, набытая законным спосабам, абараняецца дзяржавай; прымусовае адчужэнне маёмасці дапускаецца толькі па матывах грамадскай неабходнасці пры захаванні ўмоў і парадку, вызначаных законам, са своечасовым і поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасці, а таксама згодна з пастановай суда (часткi першая, трэцяя і пятая артыкула 44).

Кіруючыся часткай першай артыкула 54 Закона «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд правярае канстытуцыйнасць Закона на яго адпаведнасць Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, па змесце норм, форме, размежаванні кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі і парадку прыняцця.

2. Пунктам 2 артыкула 1 Закона артыкул 3 Закона «Об инвестициях» (далей – Закон аб інвестыцыях) выкладаецца ў новай рэдакцыі, згодна з якой адносіны ў сферы інвестыцый рэгулююцца заканадаўствам у сферы інвестыцый, а таксама міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававымі актамі, што складаюць права Еўразійскага эканамічнага саюза; заканадаўства ў сферы інвестыцый грунтуецца на Канстытуцыі і складаецца з дадзенага Закона, заканадаўства аб канцэсіях, аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве і іншых актаў заканадаўства; калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь вызначаны іншыя правіла, чым тыя, якія прадугледжаны гэтым Законам, то прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора.

Пры праверцы канстытуцыйнасці прыведзеных палажэнняў Закона Канстытуцыйны Суд улічвае прававую пазіцыю, выкладзеную ў рашэнні ад 7 мая 2018 г. № Р-1123/2018, якая заключаецца ў тым, што нароўні з актамі ўнутрыдзяржаўнага заканадаўства – законамі Рэспублікі Беларусь, дэкрэтамі і ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, падзаконнымі нарматыўнымі прававымі актамі, міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь уваходзяць у сістэму дзеючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прававога рэгулявання, гэта значыць іх нормы з'яўляюцца састаўной часткай дзеючага права.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што такое заканадаўчае  рэгуляванне адпавядае палажэнням Канстытуцыі, якія замацоўваюць, што ў Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права, а дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткi першая і другая артыкула 7), Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства, Рэспубліка Беларусь у адпаведнасці з нормамі міжнароднага права можа на добраахвотнай аснове ўваходзіць у міждзяржаўныя ўтварэнні і выходзіць з іх (часткі першая і другая артыкула 8), а таксама адпавядае агульнапрызнанаму прынцыпу міжнароднага права «дагаворы павінны выконвацца», замацаванаму ў артыкуле 26 Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дагавораў ад 23 мая 1969 года і іншых міжнародна-прававых актах.

3. Законам (пункт 3 артыкула 1) устаноўленыя артыкулам 4 Закона аб інвестыцыях спосабы ажыццяўлення інвестыцый дапаўняюцца такім спосабам, як ажыццяўленне на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь інвестыцый у рамках дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

Пунктам 5 артыкула 1 Закона артыкул 6 Закона аб інвестыцыях выкладаецца ў новай рэдакцыі. Згодна з часткай другой новай рэдакцыі дадзенага артыкула заканадаўчымі актамі, якія рэгулююць адносіны, звязаныя з ажыццяўленнем інвестыцый на аснове канцэсіі, у рамках дзяржаўна-прыватнага партнёрства, могуць устанаўлівацца абмежаванні ў дачыненні да выкарыстання аб'ектаў грамадзянскіх правоў у якасці інвестыцый, за выключэннем грашовых сродкаў (грошай), уключаючы прыцягнутыя (у тым ліку пазыкі, крэдыты).

Дадзеная норма забяспечвае ўстараненне магчымых рознагалоссяў з патэнцыяльнымі інвестарамі, паколькі ў сілу спецыфікі канцэсій і  дзяржаўна-прыватнага партнёрства дапушчальныя пэўныя абмежаванні, якія могуць не адпавядаць вызначэнню інвестыцый, што змяшчаецца ў частцы першай артыкула 1 Закона аб інвестыцыях, з улікам змяненняў, што ўносяцца пунктам 1 артыкула 1 Закона, у частцы аб'ектаў, якія з’яўляюцца інвестыцыямі.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ўстанаўліваемым прававым рэгуляваннем заканадавец ажыццяўляе рэалізацыю прынцыпу прававой вызначанасці ў мэтах узгаднення норм Закона аб інвестыцыях з палажэннямі законаў Рэспублікі Беларусь «О концессиях» і «О государственно-частном партнерстве», што адпавядае канстытуцыйнаму прынцыпу вяршэнства права, замацаванаму ў частцы першай артыкула 7 Канстытуцыі.

Адначасова, зыходзячы з часткі першай артыкула 23 Канстытуцыі ва ўзаемасувязі з палажэннямі часткі другой артыкула 2, часткі пятай артыкула 13 і часткі шостай артыкула 44 Канстытуцыі, Канстытуцыйны Суд лічыць неабходным звярнуць увагу заканадаўца на тое, што пры ўстанаўленні абмежаванняў, якія прадугледжваюцца часткай другой новай рэдакцыі артыкула 6 Закона аб інвестыцыях (пункт 5 артыкула 1 Закона), неабходна забяспечваць іх адпаведнасць прынцыпу прапарцыянальнасці. Уводзімыя абмежаванні павінны быць дапушчальнымі, захоўваць належны баланс інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы, з’яўляцца неабходнымі і дастатковымі для абароны канстытуцыйна значных інтарэсаў забеспячэння нацыянальнай бяспекі, правоў і свабод іншых асоб, а таксама замацаванага артыкулам 22 Канстытуцыі прынцыпу раўнапраўя, не скажаць сутнасць канстытуцыйнага палажэння аб гарантаванні дзяржавай усім роўных магчымасцей свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці (частка чацвёртая артыкула 13 Канстытуцыі).

4. Законам (пункт 11 артыкула 1) Закон аб інвестыцыях дапаўняецца артыкулам 111, які прадугледжвае, што інвестару, які заключыў інвестыцыйны дагавор з Рэспублікай Беларусь, надаецца гарантыя ад неспрыяльнага змянення падатковага заканадаўства ў парадку і на ўмовах, вызначаных заканадаўчымі актамі. Пры гэтым для мэт дадзенага артыкула пад неспрыяльнымі змяненнямі падатковага заканадаўства разумеюцца павышэнне падатковых ставак і (або) увядзенне новых падаткаў і збораў.

Указаная норма Закона, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, забяспечвае магчымасць аказання эканамічнай падтрымкі інвестару шляхам захавання для яго найлепшага прававога рэжыму ў сферы падаткаабкладання, што дазволіць павысіць інвестыцыйную актыўнасць і зацікаўленасць інвестара ва ўкладанні свайго капіталу ў эканоміку дзяржавы.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўстанаўліваемае Законам прававое рэгуляванне сведчыць аб рэалізацыі вынікаючага з часткі другой артыкула 23 Канстытуцыі права заканадаўца ўстанаўліваць перавагі і прывілеі для пэўнай катэгорыі асоб.

Пры гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што заканадаўцу пры вызначэнні парадку і ўмоў прадастаўлення гарантыі ад неспрыяльнага змянення падатковага заканадаўства неабходна зыходзіць як з публічных інтарэсаў дзяржавы, звязаных з яго эканамічнай бяспекай, так і з прыватных інтарэсаў фізічных і юрыдычных асоб для прытрымлівання суразмернасці паміж патрабаваннямі інтарэсаў грамадства і неабходнымі ўмовамі абароны асноўных правоў асобы, а таксама забеспячэння балансу канстытуцыйна абараняемых інтарэсаў.

5. У адпаведнасці з Законам (пункт 13 артыкула 1) Закон аб інвестыцыях дапаўняецца артыкуламі 121 і 122.

У артыкуле 121 дадзенага Закона прадугледжваецца, што кампенсацыя кошту нацыяналізаванай або рэквізаванай маёмасці, якая з'яўляецца інвестыцыямі або ўтвараецца ў выніку ажыццяўлення інвестыцый, павінна быць своечасовай і поўнай (частка першая); устанаўліваюцца правілы, пры якіх такая кампенсацыя прызнаецца своечасовай (частка другая); вызначаюцца ўмовы, пры выкананні якіх у сукупнасці кампенсацыя прызнаецца поўнай (частка трэцяя); замацоўваецца палажэнне, згодна з якім ў выпадку знішчэння рэквізаванай маёмасці з прычыны акалічнасцей, якія носяць надзвычайны характар, законам можа быць прадугледжаны іншы парадак і ўмовы выплаты кампенсацыі кошту такой маёмасці (частка чацвёртая).

Праверку дадзеных палажэнняў Закона Канстытуцыйны Суд ажыццяўляе, грунтуючыся на канстытуцыйных прынцыпах і нормах, у тым ліку на частцы пятай артыкула 44 Канстытуцыі, у сілу якой прымусовае адчужэнне маёмасці дапускаецца толькі па матывах грамадскай неабходнасці пры захаванні ўмоў і парадку, вызначаных законам, са своечасовым і поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасці.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўстанаўліваемым прававым рэгуляваннем ствараюцца прававыя механізмы забеспячэння правоў і законных інтарэсаў інвестараў, абароны канстытуцыйна гарантаванага права прыватнай уласнасці для фарміравання ў краіне спрыяльнага інвестыцыйнага клімату, які спрыяе ўстойліваму развіццю эканомікі дзяржавы.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што кампенсацыя інвестару кошту маёмасці ў выніку яе нацыяналізацыі або рэквізіцыі з'яўляецца адной з міжнародных гарантый інвестыцыйнай дзейнасці, замацаваных у шэрагу міжнародна-прававых актаў, у тым ліку Хартыі эканамічных правоў і абавязкаў дзяржаў, прынятай Рэзалюцыяй 3281 (XXIX) Генеральнай Асамблеі ААН ад 12 снежня 1974 года (падпункт «з» пункта 2 артыкула 2); Канвенцыі Садружнасці Незалежных Дзяржаў аб абароне правоў інвестара ад 28 сакавіка 1997 года (артыкул 9); Пратаколе аб гандлі паслугамі, устанаўленні, дзейнасці і ажыццяўленні інвестыцый (дадатак № 16 да Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе ад 29 мая 2014 года) (пункты 79–81) і інш.

З улікам выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што заканадаўчае рэгуляванне кампенсацыі кошту нацыяналізаванай або рэквізаванай маёмасці, якая з'яўляецца інвестыцыямі або ўтвараецца ў выніку ажыццяўлення інвестыцый, адпавядае прынцыпам і нормам Канстытуцыі, а таксама палажэнням адпаведных міжнародна-прававых актаў.

Артыкулам 122 Закона аб інвестыцыях прадугледжваецца, што патрабаванні Рэспублікі Беларусь, яе адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, дзяржаўных органаў (арганізацый) і іх службовых асоб да інвестара, якія ўзнікаюць у сувязі з ажыццяўленнем інвестыцый, не могуць быць прад'яўлены па сканчэнні трох гадоў з даты наступлення акалічнасцей, з якімі звязаны і (або) з якіх вынікаюць адпаведныя патрабаванні; пад такімі патрабаваннямі разумеюцца патрабаванні, якія ўзнікаюць у сувязі са змяненнем (адменай) раней прынятых рашэнняў, у сувязі з чым можа быць прычынены ўрон маёмасным правам інвестара, у тым ліку пазбаўленне (спыненне, абмежаванне) інвестара маёмасных правоў, калі такія патрабаванні не звязаны з проціпраўнымі дзеяннямі інвестара; дадзенае абмежаванне прад'яўлення патрабаванняў да інвестара не распаўсюджваецца на патрабаванні, якія вынікаюць з падатковых, мытных, працоўных і звязаных з імі адносін, а таксама з адносін, звязаных з прыцягненнем асоб да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што канстытуцыйны прынцып вяршэнства права, які ўскладае на дзяржаву, усе яе органы і службовых асоб абавязак дзейнічаць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткi першая і другая артыкула 7 Канстытуцыі), прадугледжвае ўстанаўленне такога правапарадку, пры якім гарантуецца дзяржаўная абарона правоў і  свабод асобы, ствараюцца эфектыўныя прававыя механізмы ўстаранення любых парушэнняў, у тым ліку дапушчаных дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі.

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, прыведзеныя нормы артыкула 122 Закона аб інвестыцыях ствараюць дадатковыя гарантыі забеспячэння маёмасных правоў інвестараў, абароны іх прыватнай уласнасці і адпавядаюць адпаведным палажэнням артыкулаў 7, 13, 21 і 44 Канстытуцыі.

Такім чынам, нормамі Закона ўдасканальваецца прававое рэгуляванне адносін у сферы ажыццяўлення інвестыцый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, прадугледжваюцца прававыя гарантыі дзейнасці інвестараў, абароны іх правоў і законных інтарэсаў, забяспечваюцца правы ўласнікаў маёмасці, якая з'яўляецца інвестыцыямі або ўтвараецца ў выніку ажыццяўлення інвестыцый, рэалізуецца далейшая канстытуцыяналізацыя эканамічных адносін у сферы інвестыцый, што адпавядае палажэнням артыкула 2, частак другой, чацвёртай і пятай артыкула 13, частак першай – трэцяй і пятай артыкула 44 Канстытуцыі.

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што Закон па змесце норм, форме акта, размежаванні кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі і парадку прыняцця адпавядае Канстытуцыі.

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 103–105 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 

ВЫРАШЫЎ: 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «Об инвестициях» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

2. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

3. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі. 

 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                              П.П.Міклашэвіч