Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
29 снежня 2021 г. № Р-1296/2021
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «О геноциде белорусского народа»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бодак А.М., Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Рабцава В.М., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзаца другога часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкула 98 і часткі першай артыкула 101 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве»

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О геноциде белорусского народа».

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Данілюка С.Я., прааналізаваўшы палажэння Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «О геноциде белорусского народа», Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

Закон Рэспублікі Беларусь «О геноциде белорусского народа» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 14 снежня 2021 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 22 снежня 2021 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

Прыняцце Закона абумоўлена неабходнасцю захавання гістарычнай памяці, процідзеяння фальсіфікацыі падзей і вынікаў Другой сусветнай вайны, умацавання нацыянальнай бяспекі.

1. Канстытуцыйны Суд у рамках сваіх паўнамоцтваў па ажыццяўленні абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў ацэньвае канстытуцыйнасць Закона зыходзячы з норм Канстытуцыі, згодна з якімi:

народ Рэспублікі Беларусь (Беларусі) усведамляе сябе паўнапраўным суб'ектам сусветнага супольнiцтва і пацвярджае сваю прыхільнасць да агульначалавечых каштоўнасцей (абзац трэці прэамбулы);

Рэспубліка Беларусь з'яўляецца дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай, забяспечвае законнасць і правапарадак (часткі першая і трэцяя артыкула 1);

чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы; забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з'яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы (частка першая артыкула 2, частка першая артыкула 21);

любыя дзеянні па змяненню канстытуцыйнага ладу і дасягненню дзяржаўнай улады гвалтоўнымі метадамі, а таксама шляхам іншага парушэння законаў Рэспублікі Беларусь караюцца згодна з законам (частка другая артыкула 3);

у Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права (частка першая артыкула 7);

Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства (частка першая артыкула 8);

дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21);

абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (частка першая артыкула 23);

дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы; грамадзянін адказны перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, якiя ускладзены на яго Канстытуцыяй, у тым ліку па выкананні Канстытуцыі і законаў, павазе правоў, свабод, законных інтарэсаў іншых асоб (частка другая артыкула 2, артыкулы 52 і 53);

дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 59).

Кіруючыся часткай першай артыкула 54 Закона «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд правярае канстытуцыйнасць Закона на яго адпаведнасць Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, па змесце норм, форме, размежаванні кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі і парадку прыняцця.

2. У прэамбуле Закона адзначаецца, што Закон прыняты ў мэтах захавання памяці аб мільёнах савецкіх грамадзян, якія сталі ахвярамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, а таксама на аснове Канвенцыі аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго ад 9 снежня 1948 года, Канвенцыі аб непрымянімасці тэрміну даўнасці да ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавецтва ад 26 лістапада 1968 года і накіраваны на заканадаўчае забеспячэнне абароны фундаментальных каштоўнасцей беларускага народа, устанаўленне дзейсных бар’ераў на шляху спроб фальсіфікацыі падзей і вынікаў Другой сусветнай вайны, дачу справядлівай ацэнкі злачынствам нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, нацыяналістычных фарміраванняў у гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд.

У артыкуле 1 Закона ўстанаўліваецца, што ўчыненыя нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі, нацыяналістычнымі фарміраваннямі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд злачынствы, накіраваныя на планамернае фізічнае знішчэнне беларускага народа шляхам забойства і іншых дзеянняў, якія прызнаюцца генацыдам у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі і нормамі міжнароднага права, з’яўляюцца генацыдам беларускага народа.

Пад беларускім народам для мэт названага Закона, згодна з заўвагамі да прэамбулы і артыкула 1 Закона, разумеюцца савецкія грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і (або) пасляваенны перыяд (перыяд па 31 снежня 1951 г.).

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ўпершыню на заканадаўчым узроўні прызнаецца факт генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і (або) пасляваенны перыяд.

Такі вывад заканадаўца заснаваны на неабвержна даказаных і дакументальна пацверджаных шматлікімі афіцыйнымі актамі расследаванняў і судовымі разборамі, у тым ліку праведзенымі на міжнародным узроўні, фактах жудасных злачынстваў нацыстаў і іх памагатых на беларускай зямлі.

Так, Надзвычайнай дзяржаўнай камісіяй па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў і прычыненага імі ўрону грамадзянам, калгасам, грамадскім арганізацыям, дзяржаўным прадпрыемствам і ўстановам СССР, утворанай Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 2 лістапада 1942 года, было ўстаноўлена, што на акупіраванай тэрыторыі Беларускай ССР нацысты стварылі больш як 260 лагераў смерці для знішчэння ваеннапалонных і грамадзянскага насельніцтва. Сярод буйнейшых лагераў толькі ў горадзе Мінску і яго наваколлях іх было 9, дзе знішчана больш як 400 тысяч людзей: лагер смерці Трасцянец (знішчана больш як 206,5 тысячы чалавек); лагер недалёка ад вёскі Масюкоўшчына (больш як 80 тысяч людзей); лагер на вуліцы Шырокай (20 тысяч людзей).

Пры гэтым да цяперашняга часу дакладная колькасць ахвяр і іх асобы не вызначаны.

За 1941–1944 гады акупанты правялі на тэрыторыі Беларусі больш як 140 буйных карных аперацый, падчас якіх была спалена абсалютная большасць сёлаў і вёсак Беларусі. За гэты перыяд захопнікі спалілі каля 9200 сёл і вёсак рэспублікі, з іх 5295 падзялілі лёс Хатыні, гэта  значыць былі знішчаны разам з усім або часткай насельніцтва. Са спаленых вёсак 186 так і не адрадзіліся. У Віцебскай і Мінскай абласцях некаторыя населеныя пункты спальваліся па некалькі разоў.

Усяго з Беларусі ў Германію былі выгнаны 399 474 чалавекі, з якіх дзесяткі тысяч загінулі, не вытрымаўшы жорсткіх умоў эксплуатацыі. Не менш як 1,4 мільёна чалавек былі знішчаны ў месцах прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва. За гады вайны рэспубліка страціла каля 2,2 мільёна людзей, або кожнага трэцяга свайго жыхара.

Значнае месца ў абвінавачанні фашызму Міжнародным ваенным трыбуналам у Нюрнбергу (Германія), які праходзіў з 20 лістапада 1945 года па 1 кастрычніка 1946 года, займалі матэрыялы і дакументы аб злачынствах, учыненых нацыстамі і іх памагатымі на тэрыторыі Беларусі.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што палажэнне артыкула 1 Закона, у якім указваюцца дзеянні, што ўтвараюць паняцце генацыду беларускага народа, адпавядае нормам міжнароднага права, згодна з якімі генацыдам прызнаюцца наступныя дзеянні, што ўчыняюцца з намерам знішчыць, поўнасцю або часткова, якую-небудзь нацыянальную, этнічную, расавую або рэлігійную групу як гэтакую: забойства членаў такой групы; прычыненне сур'ёзных цялесных пашкоджанняў або разумовага расстройства членам такой групы; наўмыснае стварэнне для якой-небудзь групы такіх жыццёвых умоў, якія разлічаны на поўнае або частковае фізічнае знішчэнне яе; меры, разлічаныя на прадухіленне дзетанараджэння ў асяроддзі такой групы; гвалтоўная перадача дзяцей з адной чалавечай групы ў другую (артыкул II Канвенцыі ААН аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго ад 9 снежня 1948 года).

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, ажыццяўляемае прававое рэгуляванне адпавядае палажэнням Канстытуцыі, згодна з якімі Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку, абараняе сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак (часткі другая і трэцяя артыкула 1), у Рэспубліцы Беларусь  устанаўліваецца прынцып вяршэнства права (частка першая артыкула 7), Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства (частка першая артыкула 8), дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21), дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 59).

Канстытуцыйны Суд таксама лічыць, што заканадаўчае прызнанне і асуджэнне факта генацыду беларускага народа замацуе ў гістарычнай памяці народа справядлівую ацэнку злачынстваў фашыстаў і іх памагатых на беларускай зямлі, стане данінай памяці нашчадкаў мільёнам ахвяр фашызму, а таксама будзе мець важнае канстытуцыйна-прававое і палітычнае значэнне, паколькі паслужыць асновай для пастаноўкі пытання аб прызнанні генацыду беларускага народа на міжнародным узроўні.

3. Згодна з Канвенцыяй аб непрымянімасці тэрміну даўнасці да ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавецтва ад 26 лістапада 1968 года (уступіла ў сілу для Беларускай ССР 11 лістапада 1970 года) злачынства генацыду не мае тэрміну даўнасці (артыкулы I, II і IV).

У Рымскім статуце Міжнароднага крымінальнага суда ад 17 ліпеня 1998 года ўказана, што абавязкам кожнай дзяржавы з'яўляецца ажыццяўленне яе крымінальнай юрысдыкцыі над асобамі, якія нясуць адказнасць за ўчыненне міжнародных злачынстваў, да ліку якіх адносіцца такое злачынства, як генацыд (прэамбула, артыкулы 5, 6, 25 і 33).

Законам на Генеральную пракуратуру ўскладаецца паўнамоцтва прыняць дадатковыя меры па ўсебаковым, поўным і аб'ектыўным даследаванні акалічнасцей генацыду беларускага народа, устанаўленні асоб, якія маюць адносіны да яго ўчынення, і іх крымінальнаму праследаванню (артыкул 3).

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ўстанаўліваемае прававое рэгуляванне грунтуецца на атрымаўшых міжнароднае прызнанне ўніверсальных прынцыпах і нормах, што адпавядае частцы першай артыкула 8 Канстытуцыі, а таксама на частцы другой артыкула 7 Канстытуцыі, якая прадугледжвае, што дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства, і адпавядае палажэнням Канстытуцыі аб кампетэнцыі пракуратуры ажыццяўляць нагляд за выкананнем законаў пры расследаванні злачынстваў, у выпадках, прадугледжаных законам, праводзіць папярэдняе следства, падтрымліваць дзяржаўнае абвінавачанне ў судах (частка другая артыкула 125).

4. Законам прадугледжваюцца паўнамоцтвы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь па прыняцці на пастаяннай аснове мер па ўвекавечванні памяці ахвяр генацыду беларускага народа, а таксама па прызнанні і асуджэнні генацыду беларускага народа на міжнародным узроўні; па распаўсюджванні дакладнай інфармацыі аб генацыдзе беларускага народа, а таксама па развіцці свядомасці грамадзян па пытаннях генацыду беларускага народа; па прыняцці ў шасцімесячны тэрмін іншых мер, накіраваных на рэалізацыю гэтага Закона (артыкул 4).

Канстытуцыйны Суд адзначае, што Урад – Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе выканаўчую ўладу ў Рэспубліцы Беларусь, з'яўляючыся цэнтральным органам дзяржаўнага кіравання; прымае меры па забеспячэнні правоў і свабод грамадзян, абароне інтарэсаў дзяржавы, нацыянальнай бяспекі і абараназдольнасці; забяспечвае выкананне Канстытуцыі, законаў і дэкрэтаў, указаў і распараджэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй, законамі і актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (частка першая артыкула 106, абзацы шосты, восьмы і дзесяты артыкула 107).

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, рэалізацыя прадугледжваемых Законам паўнамоцтваў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь служыць мэтам увекавечання памяці ахвяр генацыду, спынення спроб аспрэчыць маральнае і гістарычнае права беларускага народа ў баявой садружнасці з іншымі народамі СССР на перамогу над фашызмам, прызвана вывесці на больш якасны ўзровень інфармацыйную, асветніцкую, навучальна-выхаваўчую работу па фарміраванні належнай духоўнай і грамадска-палітычнай пазіцыі грамадзян, што адпавядае ўзаемазвязаным палажэнням Канстытуцыі аб абавязку дзяржавы абараняць сваю незалежнасць, канстытуцыйны лад, забяспечваць законнасць і правапарадак (частка трэцяя артыкула 1), аб прызнанні Рэспублікай Беларусь прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забеспячэнні адпаведнасці ім заканадаўства (частка першая артыкула 8), аб гарантаванні адпаведных канстытуцыйных правоў, свабод і законных інтарэсаў (частка першая артыкула 2, часткi першая і трэцяя артыкула 21, артыкул 22 і інш.).

5. У Рэспубліцы Беларусь як дэмакратычнай прававой дзяржаве кожны чалавек можа мець уласныя погляды і перавагі, вольна і адкрыта выказваць розныя меркаванні.

Пры гэтым з улікам гарантаванага кожнаму права на свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выяўленне, права грамадзян Рэспублікі Беларусь на распаўсюджванне інфармацыі (частка першая артыкула 33, частка першая артыкула 34 Канстытуцыі) дзяржава мае права, зыходзячы з неабходнасці абароны канстытуцыйных інтарэсаў (частка першая артыкула 23 Канстытуцыі) ад дэструктыўных дзеянняў, здольных прычыніць ім шкоду, устанаўліваць забарону прапаганды або агітацыі, якія распальваюць расавую, нацыянальную, этнічную або рэлігійную нянавісць і варожасць, прадухіляць праяўленні сацыяльнай агрэсіі на падставе дэманстратыўнага (публічнага) адмаўлення канстытуцыйна значных духоўных каштоўнасцей або пагарды імі.

Так, глава 17 «Преступления против мира и безопасности человечества» Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якой прадугледжана крымінальная адказнасць за генацыд, рэабілітацыю нацызму (артыкулы 127 і 1301), дапаўняецца артыкулам 1302, які ўстанаўлівае ў якасці самастойнага саставу крымінальную адказнасць за адмову генацыду беларускага народа. Аб’ектыўны бок дадзенага злачынства выражаецца ў адмаўленні генацыду беларускага народа ў публічным выступленні, або ў друкарскім або публічна дэманструемым творы, або ў сродках масавай інфармацыі, або ў інфармацыі, размешчанай у глабальнай камп’ютэрнай сетцы Інтэрнэт, іншай сетцы электрасувязі агульнага карыстання або выдзеленай сетцы электрасувязі.

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, устанаўліваемае Законам прававое рэгуляванне накіравана на процідзеянне названым формам інфармацыйнага ўздзеяння, недапушчэнне фарміравання ў грамадстве недакладных, скажоных уяўленняў аб гістарычных падзеях, гвалтоўных дзеяннях па знішчэнні савецкіх грамадзян, якія пражывалі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і (або) пасляваенны перыяд, аб вялізных стратах беларускага народа. Фарміраванне такіх уяўленняў можа разбураць ідэалагічныя і духоўна-духоўныя каштоўнасці грамадства, апаганьваць памяць нявінных ахвяр мірнага насельніцтва. Нормы Закона дапамагаюць абароне гістарычнай праўды аб Другой сусветнай вайне, процідзеянню фальсіфікацыі фактаў гісторыі.

Адмаўленне злачынстваў супраць міру і бяспекі чалавецтва, учыненае публічна або з выкарыстаннем публічна дэманструемага твора, або сродкаў масавай інфармацыі, або глабальнай камп'ютэрнай сеткі Інтэрнэт, або іншай інфармацыйнай сеткі, з’яўляецца састаўляючай рэабілітацыі нацызму як праяўленні экстрэмісцкай дзейнасці (абзац пятнаццаты часткі першай артыкула 1 Закона Рэспублікі Беларусь «О противодействии экстремизму», абзацы шосты, восьмы часткi першай артыкула 1 Закона Рэспублікі Беларусь «О недопущении реабилитации нацизма»).

Канстытуцыйны Суд канстатуе, што адмаўленне генацыду беларускага народа аказвае негатыўны ўплыў на насельніцтва, перш за ўсё дзяцей і моладзь, дэзінфармуючы наконт небяспекі дэструктыўнай (чалавеканенавісніцкай) ідэалогіі, вядзе да эскалацыі сучасных форм нецярпімасці, заснаваных на сацыяльных, расавых, нацыянальных і іншых прадузятых перакананнях.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што крымінальна-прававая забарона публічнай адмовы генацыду беларускага народа пашырае магчымасці больш эфектыўнага рэагавання дзяржавы на праяўленні рэабілітацыі нацызму, якія ствараюць пагрозу для нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, правоў і свабод яе грамадзян, удасканальвае прававы механізм папярэджання названых грамадска небяспечных дзеянняў, што адказвае канстытуцыйным палажэнням аб абавязку дзяржавы абараняць сваю незалежнасць, канстытуцыйны лад, забяспечваць законнасць і правапарадак (частка трэцяя артыкула 1 Канстытуцыі) і адпавядае нормам Канстытуцыі, якія гарантуюць рэалізацыю канстытуцыйных каштоўнасцей і інтарэсаў (частка трэцяя артыкула 1, частка першая артыкула 2, частка трэцяя артыкула 21, частка першая артыкула 59). Палажэнні Закона, што ўстанаўліваюць крымінальную адказнасць за адмаўленне генацыду беларускага народа, адпавядаюць артыкулам 52 і 53 Канстытуцыі, якія абавязваюць кожнага выконваць Канстытуцыю і законы, паважаць годнасць, правы, свабоды, законныя інтарэсы іншых асоб.

Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што Парламент, які з’яўляецца прадстаўнічым і заканадаўчым органам Рэспублікі Беларусь, надзелены правам разглядаць праекты законаў, у тым ліку аб асноўным змесце і прынцыпах ажыццяўлення правоў, свабод і абавязкаў грамадзян, аб крымінальнай адказнасці (частка першая артыкула 90, пункт 2 часткі першай артыкула 97, пункт 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі), зыходзячы з патрабаванняў часткі першай артыкула 23 Канстытуцыі, якая дапускае магчымасць абмежавання правоў і свабод асобы толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. У рамках дадзеных дыскрэцыйных паўнамоцтваў заканадавец вызначае, якія з дзеянняў падлягаюць забароне з улікам ступені іх грамадскай небяспекі, цяжару наступстваў і іншых акалічнасцей.

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, увядзенне артыкулам 2 Закона крымінальнай адказнасці за адмаўленне генацыду беларускага народа знаходзіцца ў межах дыскрэцыi заканадаўца, які валодае свабодай меркавання ў выбары крымінальна-прававых сродкаў уздзеяння на парушальнікаў, у вызначэнні іх неабходнага і дастатковага аб’ёму.

Ацэньваючы змест норм Закона, Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўстанаўліваемае прававое рэгуляванне накіравана на заканадаўчае забеспячэнне абароны фундаментальных каштоўнасцей беларускага народа, недапушчэнне спроб фальсіфікацыі падзей і вынікаў Другой сусветнай вайны, дачу справядлівай ацэнкі злачынствам нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, нацыяналістычных фарміраванняў у гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд, захаванне гістарычнай памяці, недапушчэнне рэабілітацыі нацызму, процідзеянне неанацысцкім праяўленням у сучасным беларускім грамадстве, умацаванне нацыянальнай бяспекі, што адпавядае нормам Канстытуцыі і адказвае  палажэнням міжнародна-прававых актаў.

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што Закон па змесце норм, форме акта, размежаванні кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі і парадку прыняцця адпавядае Канстытуцыі.

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 103–105 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 

ВЫРАШЫЎ: 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «О геноциде белорусского народа» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

2. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

3. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі. 

 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                             П.П.Міклашэвіч