15 снежня 2021 г. № Р-1286/2021
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бодак А.М., Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Рабцава В.М., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб адпаведнасці агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права дакументаў, прынятых (выдадзеных) Еўрапейскім саюзам, некаторымі замежнымі дзяржавамі і іх органамі, якія прадугледжваюць увядзенне абмежавальных мер у дачыненні да Рэспублікі Беларусь».
У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:
паўнамоцны прадстаўнік Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Любецкая С.А., старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве;
паўнамоцны прадстаўнік Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Сівец С.М., старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве;
паўнамоцны прадстаўнік Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Філіпава Н.М., першы намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
1. У адпаведнасці з артыкулам 147 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве» прапанова аб выкладанні пазіцыі Канстытуцыйнага Суда аб дакуменце, які прыняты (выдадзены) замежнай дзяржавай, міжнароднай арганізацыяй і (або) іх органамі і закранае інтарэсы Рэспублікі Беларусь, у частцы адпаведнасці гэтага дакумента агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права маюць права ўнесці ў Канстытуцыйны Суд Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 24 лістапада 2021 г. у адпаведнасці з артыкулам 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 32 і 147 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве» на падставе прапановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, якая паступіла ў Канстытуцыйны Суд.
У прапанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь указана, што Еўрапейскім саюзам (далей – ЕС), а таксама некаторымі дзяржавамі, у тым ліку Вялікабрытаніяй, Злучанымі Штатамі Амерыкі, Канадай, у адносінах да юрыдычных і фізічных асоб Рэспублікі Беларусь уведзены абмежавальныя меры.
Так, выканаўчымі рашэннямі Савета ЕС ад 2 кастрычніка 2020 г. № 2020/1388, ад 6 лістапада 2020 г. № 2020/1650, ад 17 снежня 2020 г. № 2020/2130, ад 2 снежня 2021 г. № 2021/2125 аб прымяненні Рашэння Савета ЕС ад 15 кастрычніка 2012 г. № 2012/642/CFSP аб абмежавальных мерах з улікам сітуацыі ў Беларусі, Рашэннем Савета ЕС ад 24 чэрвеня 2021 г. № 2021/1031, якім уносяцца змяненні ў Рашэнне Савета ЕС ад 15 кастрычніка 2012 г. № 2012/642/CFSP, а таксама рэгламентамі Савета ЕС ад 4 чэрвеня 2021 г. № 2021/907 і ад 24 чэрвеня 2021 г. № 2021/1030, якімі ўносяцца змяненні ў Рэгламент Савета ЕС ад 18 мая 2006 г. № 765/2006 аб абмежавальных мерах у дачыненні да Беларусі, выканаўчымі рэгламентамі Савета ЕС ад 21 чэрвеня 2021 г. № 2021/997, ад 2 снежня 2021 г. № 2021/2124 аб прымяненні артыкула 8а(1) Рэгламенту Савета ЕС ад 18 мая 2006 г. № 765/2006 прадугледжаны забарона на ўезд у ЕС і транзіт праз тэрыторыю ЕС асобным фізічным асобам; замарожванне актываў, забарона на прадастаўленне сродкаў або эканамічных рэсурсаў фізічным і юрыдычным асобам, уключаным у «санкцыйныя» спісы ЕС; забарона на аказанне тэхнічнай дапамогі, звязанай з таварамі і тэхналогіямі ваеннага прызначэння, на экспарт абсталявання, на прадастаўленне адпаведнай тэхнічнай дапамогі, брокерскіх паслуг, фінансавання або фінансавай дапамогі юрыдычным асобам; забарона на пралёт над тэрыторыяй ЕС любым паветраным судам, якія эксплуатуюцца беларускімі авіяперавозчыкамі; абмежаванні, звязаныя з гандлем зброяй; гандлёвыя абмежаванні ў дачыненні да нафтапрадуктаў, хларыду калію; абмежаванні доступу Урада Беларусі, а таксама беларускіх дзяржаўных фінансавых устаноў і арганізацый да рынкаў капіталу ЕС і некаторыя іншыя абмежаванні.
Пастановай Дзяржаўнага сакратара Вялікабрытаніі ад 5 жніўня 2021 г. № 922 прадугледжана ўвядзенне абмежавальных мер у адносінах да фізічных асоб і арганізацый Рэспублікі Беларусь, а таксама адрасныя эканамічныя меры, у прыватнасці замарожванне актываў, абмежаваннi ў прадастаўленні эканамічных рэсурсаў у інтарэсах пэўных асоб, у сферы фінансаў, гандлю пэўнымі таварамі, тэхналогіямі, паслугамі, у дачыненні да паветраных суднаў.
Законам Злучаных Штатаў Амерыкі «О демократии в Беларуси» 2004 года (у рэдакцыі Закона 2020 года), Выканаўчым загадам Прэзідэнта ЗША ад 9 жніўня 2021 г. прадугледжаны адмова ва ўездзе ў ЗША шэрагу фізічных асоб; забарона на крэдытаванне і інвестыцыі, абмежаванне фінансавай падтрымкі, замарожванне актываў; спыненне аперацый з удзелам ААТ «Беларуськалій»; замарожванне актываў і блакіраванне ўласнасці фізічных і юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць дзейнасць у асобных сектарах беларускай эканомікі, і некаторыя іншыя абмежаванні.
Па меркаванні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, абмежавальныя меры, якія прымяняюцца ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь, закранаюць правы фізічных, юрыдычных асоб, а таксама галіны нацыянальнай эканомікі (фінансавы сектар, сектар страхавання, рынак нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў, вытворчасць тытунёвых вырабаў, інтэрнэт- і тэлефонныя камунікацыі, рынак тавараў і тэхналогій ваеннага і двайнога прызначэння, рынак авіяперавозак) і супярэчаць агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права.
У абгрунтаванне сваёй пазіцыі Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь адзначае, што дакументы ЕС і асобных дзяржаў, якія прадугледжваюць увядзенне абмежавальных мер, парушаюць палажэнні Статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (далей – Статут ААН) аб механізме прымянення прэвентыўных і прымусовых мер супраць дзяржавы, комплекс агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права, замацаваных у Статуце ААН, Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ад 10 снежня 1948 года, Міжнародным пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах ад 16 снежня 1966 года, Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах ад 16 снежня 1966 года і іншых міжнародна-прававых актах.
2. Канстытуцыйны Суд пры разглядзе справы «Аб адпаведнасці агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права дакументаў, прынятых (выдадзеных) Еўрапейскім саюзам, некаторымі замежнымі дзяржавамі і іх органамі, якія прадугледжваюць увядзенне абмежавальных мер у дачыненні да Рэспублікі Беларусь» зыходзіць з палажэнняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь:
якія вызначаюць Рэспубліку Беларусь дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай, якая валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку (часткi першая і другая артыкула 1);
якія ўстанаўліваюць у Рэспубліцы Беларусь прынцып вяршэнства права, які абавязвае дзяржаўныя органы і службовых асоб дзейнічаць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткi першая і другая артыкула 7);
якія вызначаюць, што Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства (частка першая артыкула 8);
якія прадугледжваюць, што Рэспубліка Беларусь у сваёй знешняй палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права (частка першая артыкула 18);
якія гарантуюць правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21);
якія замацоўваюць абавязак дзяржавы прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 59).
Рэспубліка Беларусь з’яўляецца адным з заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН), якi падпісаў у кастрычніку 1945 года Статут ААН, і як суверэнная незалежная дзяржава і паўнапраўны суб’ект сусветнага грамадства валодае вяршэнствам і паўнатой улады, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку.
Канстытуцыйны Суд канстатуе, што нацыянальнымі інтарэсамі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца забеспячэнне незалежнасці, суверэнітэту, непахіснасці канстытуцыйнага ладу; трывалае эканамічнае развіццё і высокая канкурэнтаздольнасць беларускай эканомікі; дасягненне высокага ўзроўню і якасці жыцця грамадзян, захаванне канстытуцыйных правоў і свабод чалавека.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што прынятыя ЕС і некаторымі замежнымі дзяржавамі дакументы ў адносінах да асобных фізічных і юрыдычных асоб Рэспублікі Беларусь ствараюць пэўныя складанасці ў дзейнасці суб’ектаў гаспадарання ў розных галінах эканомікі, абцяжарваюць рэалізацыю эканамічных, сацыяльных і грамадзянскіх правоў і свабод грамадзян, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і асноватворнымі міжнародна-прававымі актамі, што ў канчатковым выніку закранае нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі Беларусь.
3. Пры аналізе дакументаў ЕС і некаторых замежных дзяржаў і іх органаў аб увядзенні абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі ў частцы іх адпаведнасці агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права Канстытуцыйны Суд грунтуецца на наступным.
Асноўныя прынцыпы міжнароднага права замацаваны ў Статуце ААН і Дэкларацыі аб прынцыпах міжнароднага права, якія датычацца дружалюбных адносiн і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў адпаведнасці са Статутам ААН, прынятай Рэзалюцыяй 2625 (XXV) Генеральнай Асамблеі ААН ад 24 кастрычніка 1970 года (далей – Дэкларацыя аб прынцыпах міжнароднага права), а таксама ў Хартыі эканамічных правоў і абавязкаў дзяржаў 1974 года, Дэкларацыі аб недапушчальнасці інтэрвенцыі і ўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў 1981 года і іншых міжнародна-прававых актах.
Агульнапрызнанымі прынцыпамі міжнароднага права з’яўляюцца суверэнная роўнасць дзяржаў, добрасумленнае выкананне міжнародных абавязацельстваў, мірнае ўрэгуляванне міжнародных спрэчак, непрымяненне сілы і пагрозы сілай у міжнародных адносінах, неўмяшанне ва ўнутраныя справы дзяржаў, супрацоўніцтва дзяржаў, раўнапраўе і самавызначэнне народаў, тэрытарыяльная цэласнасць дзяржаў, непарушнасць дзяржаўных меж, павага правоў чалавека і яго асноўных свабод (пункты 1–4 артыкула 2 Статута ААН, пункт 1 Дэкларацыі аб прынцыпах міжнароднага права).
Агульнапрызнаныя прынцыпы і нормы міжнароднага права ў галіне правоў чалавека замацаваны ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Міжнародным пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што агульныя каштоўнасці і прынцыпы пабудовы і функцыянавання ЕС вызначаны ў Дагаворы аб Еўрапейскім саюзе. У адпаведнасці з названым Дагаворам ЕС садзейнічае міру, бяспецы, трываламу развіццю планеты, салідарнасці і ўзаемнай павазе народаў, свабоднаму і справядліваму гандлю, выкараненню беднасці і абароне правоў чалавека, у тым ліку правоў дзіцяці, а таксама няўхільнаму выкананню і развіццю міжнароднага права, асабліва выкананню прынцыпаў Статута ААН (параграф 5 артыкула 3).
Дагаворам аб Еўрапейскім саюзе прадугледжана, што дзейнасць ЕС на міжнароднай арэне ажыццяўляецца зыходзячы з прынцыпаў, якія кіравалі яго стварэннем, развіццём і пашырэннем і якія ЕС імкнецца прасоўваць у астатнім свеце: дэмакратыя, прававая дзяржава, усеагульнасць і непадзельнасць правоў чалавека і асноўных свабод, павага чалавечай годнасці, прынцыпы роўнасці і салідарнасці, выкананне прынцыпаў Статута ААН і міжнароднага права (параграф 1 артыкула 21).
Пры гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што прыярытэт для дзяржаў іх абавязацельстваў па Статуце ААН перад абавязацельствамі па іншых міжнародных дагаворах замацаваны ў артыкуле 103 Статута ААН, згодна з якім у тым выпадку, калі абавязацельства членаў ААН па гэтым Статуце акажуцца ў супярэчнасці з іх абавязацельствамі па якім-небудзь іншым міжнародным пагадненні, пераважную сілу маюць абавязацельствы па гэтаму Статуту.
Канстытуцыйны Суд пры сістэмным аналізе дакументаў, прынятых ЕС і некаторымі замежнымі дзяржавамі і іх органамі, якія прадугледжваюць увядзенне абмежавальных мер у дачыненні да Рэспублікі Беларусь, зыходзіць з агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права і перш за ўсё прынцыпаў Статута ААН, якія ва ўмовах развіцця рэгіянальных падсістэм міжнародных адносiн, у тым ліку еўрапейскай падсістэмы міжнародных адносiн, выступаюць асновай сучаснага светапарадку пры цэнтральнай ролі ААН ва ўніверсальнай сістэме міжнародна-прававога рэгулявання.
4. Прававыя падставы прымянення абмежавальных мер вызначаны ў главе VII Статута ААН. Так, у артыкуле 41 у развіццё палажэнняў артыкулаў 39 і 40 гэтага Статута, якія прадугледжваюць, што Савет Бяспекі ААН вызначае існаванне любой пагрозы міру, любога парушэння міру або акта агрэсіі і вырашае або робіць рэкамендацыі аб тым, якія меры неабходна прыняць для падтрымання або аднаўлення міжнароднага міру і бяспекі, у тым ліку часовага характару, указваюцца меры, не звязаныя з выкарыстаннем узброеных сіл. У якасці такіх мер вызначаны поўнае або частковае перапыненне эканамічных адносiн, чыгуначных, марскіх, паветраных, паштовых, тэлеграфных, радыё або іншых сродкаў паведамлення, а таксама разрыў дыпламатычных адносiн.
У шэрагу рэзалюцый Генеральнай Асамблеі ААН, якія ўяўляюць сабой волевыяўленне ўсёй міжнароднай супольнасці, змяшчаецца заклік адмяніць практыку прымянення аднабаковых мер прымусу, якія не выяўляюць волю органаў ААН і несумяшчальныя з прынцыпамі міжнароднага права, выкладзенымі ў Статуце ААН. Да такіх рэзалюцый, прынятых Генеральнай Асамблеяй ААН, адносяцца наступныя: «Отказ от применения односторонних экстерриториальных экономических мер принуждения как средства оказания политического и экономического давления» ад 16 кастрычніка 2002 года, «Односторонние экономические меры как средство политического и экономического принуждения развивающихся стран» ад 20 снежня 2017 года, «Права человека и односторонние принудительные меры» ад 18 снежня 2019 года, «Односторонние экономические меры как средство политического и экономического принуждения развивающихся стран» ад 19 снежня 2019 года, «Права человека и односторонние принудительные меры» ад 16 снежня 2020 года.
У названых рэзалюцыях прадугледжана, што аднабаковыя прымусовыя меры:
з’яўляюцца проціпраўнымі і супярэчаць міжнароднаму праву, міжнароднаму гуманітарнаму праву, Статуту ААН, прынцыпам суверэннай роўнасці, неўмяшання ва ўнутраныя справы;
уяўляюць сабой пагрозу суверэнітэту дзяржаў;
разглядаюцца як сродкі палітычнага або эканамічнага ціску на любую краіну, уводзімыя з мэтай перашкодзіць ажыццяўленню гэтымі краінамі свайго права свабодна і самастойна прымаць рашэнні ў дачыненні да іх палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сістэм;
стрымліваюць працэс усебаковага трывалага сацыяльна-эканамічнага развіцця дзяржавы; перашкаджаюць росту ўзроўню дабрабыту насельніцтва закранаемых краін;
перашкаджаюць поўнай рэалізацыі правоў, выкладзеных ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і іншых міжнародных дакументах у галіне правоў чалавека, у прыватнасці права людзей і народаў на развіццё;
парушаюць прынцып свабоды міжнароднага гандлю, перашкаджаюць развіццю гандлёвых адносiн.
З улікам выкладзенага Канстытуцыйны Суд адзначае, што дакументы ЕС і некаторых замежных дзяржаў, якія прадугледжваюць увядзенне абмежавальных мер у дачыненні да Рэспублікі Беларусь, супярэчаць палажэнням глаў VI і VII Статута ААН, якімі вызначаны механізм прымянення прэвентыўных і прымусовых мер супраць дзяржавы толькі па рашэнні Савета Бяспекі ААН у мэтах падтрымання міжнароднага міру і бяспекі.
5. Абавязацельствы дзяржаў па выкананні прынцыпу неўмяшання ў справы, якія ўваходзяць ва ўнутраную кампетэнцыю любой іншай дзяржавы, і прынцыпу суверэннай роўнасці дзяржаў замацаваны ў Дэкларацыі аб недапушчальнасці ўмяшання ва ўнутраныя справы дзяржаў, аб ахове іх незалежнасці і суверэнітэту 1965 года, Дэкларацыі аб прынцыпах міжнароднага права 1970 года, Хартыі эканамічных правоў і абавязкаў дзяржаў 1974 года.
У Дэкларацыі аб прынцыпах міжнароднага права ў якасці асноўных прынцыпаў міжнароднага права, якімі прызваны кіравацца дзяржавы ў сваёй міжнароднай дзейнасці і на аснове строгага выканання якіх яны прызваны развіваць свае ўзаемаадносіны, вызначаны, у прыватнасці, прынцып неўмяшання ў справы, што ўваходзяць ва ўнутраную кампетэнцыю любой іншай дзяржавы, і прынцып суверэннай роўнасці дзяржаў. Так, згодна з пунктам 1 гэтай Дэкларацыі ні адна дзяржава не можа ні прымяняць, ні падтрымліваць прымяненне эканамічных, палітычных мер або мер любога іншага характару з мэтай дабіцца падпарадкавання сабе другой дзяржавы ў ажыццяўленні ёй сваіх суверэнных правоў і атрымання ад гэтага якіх бы там ні было пераваг.
Канстытуцыйны Суд канстатуе, што прынцып суверэннай роўнасці дзяржаў уключае наступныя элементы: юрыдычная роўнасць дзяржаў; карыстанне дзяржавай правамі, уласцівымі поўнаму суверэнітэту; абавязак павагі правасуб’ектнасці іншых дзяржаў; недатыкальнасць тэрытарыяльнай цэласнасці і палітычнай незалежнасці дзяржавы; права дзяржавы свабодна выбіраць і развіваць свае палітычныя, сацыяльныя, эканамічныя і культурныя сістэмы; абавязак кожнай дзяржавы выконваць поўнасцю і добрасумленна свае міжнародныя абавязацельствы і жыць у міры з іншымі дзяржавамі.
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што прынцып неўмяшання ва ўнутраныя справы прадугледжвае, што ні адна дзяржава або група дзяржаў не мае права ўмешвацца прама або ўскосна па якой бы там ні было прычыне ва ўнутраныя і знешнія справы любой іншай дзяржавы; усе формы ўмяшання, накіраваныя супраць правасуб’ектнасці дзяржавы, з’яўляюцца парушэннем міжнароднага права.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што прымяненне абмежавальных мер у дачыненні да Рэспублікі Беларусь у парушэнне парадку, устаноўленага ўстаноўчым дакументам ААН, з’яўляецца ўмяшаннем ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы, што супярэчыць пунктам 1 і 7 артыкула 2 Статута ААН.
Згодна з Хартыяй эканамічных правоў і абавязкаў дзяржаў ні адна дзяржава не можа прымяняць у дачыненні да другой дзяржавы або падтрымліваць прымяненне эканамічных, палітычных або якіх-небудзь іншых мер прымусовага характару, накіраваных на ўшчамленне яго суверэнных правоў або на атрыманне з гэтага якой-небудзь выгады (артыкул 32); кожная дзяржава мае права ўдзельнічаць у міжнародным гандлі і ў іншых формах эканамічнага супрацоўніцтва, незалежна ад якіх-небудзь адрозненняў у палітычных, эканамічных і сацыяльных сістэмах, і пры гэтым ні адна дзяржава не павінна падвяргацца якой-небудзь дыскрымінацыі, заснаванай толькі на такіх адрозненнях (артыкул 4).
Абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН прынцып раўнапраўя і самавызначэння народаў у адзінстве з такімі прынцыпамі, як абавязак дзяржаў супрацоўнічаць адна з адной у адпаведнасці са Статутам ААН і прынцып свабоды міжнароднага гандлю, прадпісвае дзяржавам ажыццяўляць свае міжнародныя адносіны ў эканамічнай, сацыяльным, культурнай, тэхнічнай і іншых галінах у адпаведнасці з прынцыпамі суверэннай роўнасці і неўмяшання.
Ацэньваючы дакументы ЕС і некаторых замежных дзяржаў і іх органаў аб увядзенні абмежавальных мер у дачыненні да Рэспублікі Беларусь у частцы іх адпаведнасці агульнапрызнаным прынцыпам міжнароднага права, Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду, што названыя дакументы не адпавядаюць прынцыпам супрацоўніцтва дзяржаў, раўнапраўя і самавызначэння народаў, у сілу якіх народы, грунтуючыся на сваім неад’емным праве на самавызначэнне, свабодна вызначаюць свой палітычны статус і бесперашкодна ажыццяўляюць сваё эканамічнае, сацыяльнае і культурнае развіццё (пункт 1 Дэкларацыі аб прынцыпах міжнароднага права).
6. Прынцып павагі правоў чалавека і яго асноўных свабод ва ўзаемасувязі з такім прынцыпам, як абавязак дзяржаў супрацоўнічаць адна з адной у адпаведнасці са Статутам ААН, прадпісвае дзяржавам згодна з Дэкларацыяй аб прынцыпах міжнароднага права супрацоўнічаць ва ўстанаўленні ўсеагульнай павагі і захавання правоў чалавека і асноўных свабод для ўсіх.
Дакументы ЕС і некаторых замежных дзяржаў і іх органаў аб увядзенні абмежавальных мер у дачыненні да Рэспублікі Беларусь непасрэдна адбіваюцца на эканамічных, сацыяльных і грамадзянскіх правах чалавека, у тым ліку праве на ўласнасць, праве на занятак эканамічнай дзейнасцю, праве на свабоду перамяшчэння, праве на свабоду поглядаў.
Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека вызначана, што кожны чалавек мае права валодаць маёмасцю як асабіста, так і сумесна з іншымі (пункт 1 артыкула 17).
Канстытуцыйны Суд адзначае, што права валодання маёмасцю прадугледжвае свабоднае распараджэнне сваёй уласнасцю і з’яўляецца важнейшай умовай бесперашкоднага ажыццяўлення не забароненай законам эканамічнай дзейнасці ў мэтах павышэння дабрабыту грамадзян.
Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах устаноўлена, што ўсе народы для дасягнення сваіх мэт могуць свабодна распараджацца сваімі прыроднымі багаццямі і рэсурсамі без урону для якіх-небудзь абавязацельстваў, якія вынікаюць з міжнароднага эканамічнага супрацоўніцтва, заснаванага на прынцыпе ўзаемнай выгады, і з міжнароднага права; ні адзін народ ні ў якім выпадку не можа быць пазбаўлены прыналежных яму сродкаў існавання (пункт 2 артыкула 1).
Канстытуцыйны Суд мяркуе, што распараджэнне народам Рэспублікі Беларусь багаццямі і рэсурсамі сваёй краіны прадугледжвае права свабоднага і ўзаемавыгаднага гандлю імі ў мэтах росту эканамічнага патэнцыялу і трывалага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што індывідуальныя абмежавальныя меры ЕС і шэрагу дзяржаў, накіраваныя на замарожванне (блакіраванне) актываў фізічных і юрыдычных асоб, якія ўвайшлі ў «санкцыйныя» спісы, а таксама гандлёвыя абмежаванні перашкаджаюць грамадзянам і арганізацыям у свабодным распараджэнні сваім маёмасцю, гандлі прыроднымі рэсурсамі, што негатыўна адбіваецца на жыццёвым узроўні фізічных асоб і эканамічнай дзейнасці юрыдычных асоб і, значыць, парушае палажэннi пункта 1 артыкула 17 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і пункта 2 артыкула 1 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што права на свабоду перамяшчэння з’яўляецца асноватворным у любым дэмакратычным грамадстве і па сваім сутнасным змесце разглядаецца як неад’емны кампанент свабоды і самавызначэння асобы, рэалізацыя якога служыць неабходнай умовай ажыццяўлення іншых правоў і свабод чалавека, у тым ліку права на свабоду выказвання поглядаў, права на свабоднае развіццё асобы.
У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 2 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах кожная дзяржава, якая бярэ ўдзел у Пакце, абавязваецца паважаць і забяспечваць усім асобам, які знаходзіцца ў межах яе тэрыторыі і пад яе юрысдыкцыяй, правы, прызнаваемыя ў Пакце, без якога б там ні было адрознення, як тое ў дачыненні да расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных або іншых перакананняў, нацыянальнага або сацыяльнага паходжання, маёмаснага палажэння, нараджэння або іншых акалічнасцей.
Камітэтам ААН па правах чалавека адзначана, што артыкул 2 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах устанаўлівае забарону на фармальную і фактычную дыскрымінацыю ва ўсіх галінах, у якіх дзяржаўныя органы ажыццяўляюць рэгуляванне або абарону (пункт 12 Заўвагі агульнага парадку № 18 (1989) «Недискриминация»).
Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўведзеныя дакументамі ЕС і некаторых замежных дзяржаў індывідуальныя абмежавальныя меры ў выглядзе забароны фізічным асобам уязджаць на тэрыторыю ЕС і названых дзяржаў несумяшчальныя з прызнаваемымі міжнародна-прававымі актамі іншымі правамі чалавека, у тым ліку правам на свабоду выказвання поглядаў, парушаюць прынцып недыскрымінацыі па прымеце палітычных або іншых перакананняў.
Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека замацавана права кожнага чалавека на працу, на свабодны выбар работы, на справядлівыя і спрыяльныя ўмовы працы і на абарону ад беспрацоўя; права кожнага працуючага на справядлівае і здавальняючае ўзнагароджанне, якое забяспечвае годнае чалавека існаванне для яго самога і яго сям’і (пункты 1 і 3 артыкула 23); права кожнага чалавека на жыццёвы ўзровень, уключаючы ежу, адзенне, жыллё, медыцынскі догляд і неабходнае сацыяльнае абслугоўванне, які неабходны для падтрымання здароўя і дабрабыту яго самога і яго сям’і (пункт 1 артыкула 25). У адпаведнасці з прэамбулай і артыкулам 28 названай Дэкларацыі задачай, да выканання якой павінны імкнуцца ўсе народы і дзяржавы, абвешчана забеспячэнне кожнаму чалавеку ў тым ліку права на сацыяльны і міжнародны парадак, пры якім правы і свабоды, выкладзеныя ў Дэкларацыі, могуць быць поўнасцю ажыццёўлены.
Міжнародным пактам аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах устаноўлена, што дзяржавы, якія ўдзельнічаюць ў гэтым Пакце, прызнаюць права на працу, што ўключае права кожнага чалавека на атрыманне магчымасці зарабляць сабе на жыццё працай, якую ён свабодна выбірае або на якую ён свабодна пагаджаецца (пункт 1 артыкула 6); прызнаюць права кожнага на дастатковы жыццёвы ўзровень для яго і яго сям’і, што ўключае дастатковае харчаванне, адзенне і жыллё, і на неперарыўнае паляпшэнне ўмоў жыцця (пункт 1 артыкула 11).
Камітэтам ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах у Заўвазе агульнага парадку № 8 (1997) «Связь между экономическими санкциями и уважением экономических, социальных и культурных прав» выказана заклапочанасць у дачыненні да распаўсюджвання практыкі прымянення эканамічных санкцый на міжнародным і рэгіянальным узроўнях, а таксама ў аднабаковым парадку. Указана, што санкцыі амаль заўсёды аказваюць сур’ёзнае ўздзеянне на правы, прызнаныя ў Міжнародным пакце аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах; санкцыі часта прыводзяць да сур’ёзных перабояў у забеспячэнні харчаваннем, медыкаментамі і пагаршэнню санітарных умоў, зніжэнню якасці прадуктаў харчавання і недахопу чыстай пітной вады, надзвычай неспрыяльна адбіваюцца на функцыянаванні базавых сістэм аховы здароўя і адукацыі і ўшчамляюць права на працу.
Канстытуцыйны Суд, грунтуючыся на міжнародна-прававых актах ААН як універсальнай міжнароднай арганізацыі, якая ўстанавіла на міжнародным узроўні прававыя падставы і парадак прымянення абмежавальных мер, лічыць, што дакументы ЕС і некаторых замежных дзяржаў і іх органаў, якія прадугледжваюць увядзенне абмежавальных мер у дачыненні да Рэспублікі Беларусь, у пэўнай ступені закранаюць правы і законныя інтарэсы грамадзян Рэспублікі Беларусь, замацаваныя ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і асноватворных міжнародна-прававых актах, у тым ліку права на працу і яго справядлівыя і спрыяльныя ўмовы, якое забяспечвае права чалавека на годны ўзровень жыцця, на ахову здароўя, на адукацыю, на ажыццяўленне эканамічнай дзейнасці, што не адпавядае агульнапрызнанаму прынцыпу павагі правоў чалавека і яго асноўных свабод, прадугледжаным у Статуце ААН (пункт 3 артыкула 1), Дэкларацыі аб прынцыпах міжнароднага права (пункт 1), палажэнням артыкулаў 23, 25 і 28 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, артыкулаў 6 і 11 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, артыкулаў 1 і 5 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
На падставе выкладзенага, кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 22 і 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 74 і 152 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь
ВЫРАШЫЎ:
1. Дакументы, прынятыя (выдадзеныя) Еўрапейскім саюзам, некаторымі замежнымі дзяржавамі, у тым ліку Вялікабрытаніяй, Злучанымі Штатамі Амерыкі, Канадай, і іх органамі, якія прадугледжваюць увядзенне абмежавальных мер у дачыненні да Рэспублікі Беларусь:
не адпавядаюць агульнапрызнаным прынцыпам суверэннай роўнасці дзяржаў і неўмяшання ў справы, якія ўваходзяць ва ўнутраную кампетэнцыю іншай дзяржавы, супрацоўніцтва дзяржаў адна з адной у адпаведнасці са Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, добрасумленнага выканання міжнародных абавязацельстваў, раўнапраўя і самавызначэння народаў, павагі правоў чалавека і яго асноўных свабод, прадугледжаным Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (пункты 1, 2 і 7 артыкула 2), Дэкларацыяй аб прынцыпах міжнароднага права, якія датычацца дружалюбных адносiн і супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў адпаведнасці са Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, 1970 года (пункт 1), Хартыяй эканамічных правоў і абавязкаў дзяржаў 1974 года (артыкул 32);
не адпавядаюць агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, устаноўленым Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека 1948 года (артыкул 2, пункт 1 артыкула 17, пункты 1 і 3 артыкула 23, пункт 1 артыкула 25, артыкул 28), Міжнародным пактам аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах 1966 года (артыкул 1, пункт 2 артыкула 2, пункт 1 артыкула 6, артыкул 7, пункт 1 артыкула 11), Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах 1966 года (пункты 1 і 2 артыкула 1, пункт 1 артыкула 2);
не адпавядаюць Статуту Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, які прадугледжвае механізм прымянення прэвентыўных і прымусовых мер супраць дзяржавы толькі па рашэнні Савета Бяспекі ААН у мэтах падтрымання міжнароднага мiру і бяспекі (артыкулы 33–38 главы VI і артыкулы 39–41 главы VII Статута Арганізацыі Аб’яднаных Нацый).
2. Дзяржаўным органам, службовым асобам, кіраўнікам арганізацый належыць у межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для абароны нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь, канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян зыходзячы з каштоўнасцей і мэт Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права.
3. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь П.П.Міклашэвіч