Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
29 красавіка 2021 г. № Р-1261/2021
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «О защите персональных данных»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Рабцава В.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзаца другога часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкула 98 і часткі першай артыкула 101 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве»

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О защите персональных данных».

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Данілюка С.Я., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «О защите персональных данных» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

Закон Рэспублікі Беларусь «О защите персональных данных» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 2 красавіка 2021 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 21 красавіка 2021 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

Прыняцце Закона абумоўлена неабходнасцю ўрэгулявання грамадскіх адносін, якія ўзнікаюць пры зборы, апрацоўцы, распаўсюджванні, прадастаўленні персанальных даных фізічных асоб, а таксама іх абароне.

1. Канстытуцыйны Суд у рамках сваіх паўнамоцтваў па ажыццяўленні абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў ацэньвае канстытуцыйнасць Закона зыходзячы з норм Канстытуцыі:

якія ўстанаўліваюць, што Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку; абараняе сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак (часткі другая і трэцяя артыкула 1);

якія вызначаюць, што чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы; забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з'яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы (частка першая артыкула 2, частка першая артыкула 21);

якія прадугледжваюць, што дзяржава забяспечвае свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы; кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на яго гонар і годнасць (частка першая артыкула 25, артыкул 28);

якія гарантуюць правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21), у тым ліку права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя, і ўстанаўліваюць абавязак дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў, службовых асоб даць грамадзяніну Рэспублікі Беларусь магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі, якія закранаюць яго правы і законныя інтарэсы (часткі першая і другая артыкула 34);

якія замацоўваюць абавязак дзяржавы прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 59).

Правяраючы канстытуцыйнасць Закона, Канстытуцыйны Суд, кіруючыся часткай першай артыкула 54 Закона «О конституционном смдопроизводстве», устанаўлівае адпаведнасць яго Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, па змесце норм, форме, размежаванні кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі і парадку прыняцця.

2. Ва ўмовах інтэнсіўнага развіцця інфармацыйных тэхналогій пытанні недатыкальнасці асабістага жыцця, прадметам якога выступаюць персанальныя даныя, набываюць асаблівае значэнне. У сувязі з гэтым на міжнародным і рэгіянальным узроўні прыняты шэраг дакументаў, накіраваных на абарону асабістай інфармацыі, некантралюемае распаўсюджванне якой можа прычыніць істотную шкоду канстытуцыйным правам і законным інтарэсам грамадзян, уласнасці, грамадскаму парадку і нацыянальнай бяспецы.

Так, у Рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН 73/179 «Права на недатыкальнасць прыватнага жыцця ў лічбавую эпоху» ад 17 снежня 2018 года змяшчаецца заклік да ўсіх дзяржаў разгледзець пытанне аб распрацоўцы або прадаўжэнне і забеспячэнні выканання на аснове супрацоўніцтва з усімі адпаведнымі зацікаўленымі бакамі, уключаючы грамадзянскую супольнасць, належнага заканадаўства, якое прадугледжвае эфектыўныя санкцыі і адпаведныя сродкі прававой абароны, для абароны людзей ад парушэнняў і ўцісканняў права на недатыкальнасць прыватнага жыцця, што заключаюцца ў проціпраўным і адвольным зборы, апрацоўцы, захоўванні або выкарыстанні персанальных даных фізічнымі асобамі, урадамі, камерцыйнымі прадпрыемствамі і прыватнымі арганізацыямі (падпункт «f» пункта 6).

У асноўным дакуменце ў галіне персанальных даных, прынятым у Еўрапейскім саюзе, – Агульным рэгламенце аб абароне персанальных даных ад 27 красавіка 2016 года прадугледжана магчымасць абмежавання правоў, устаноўленых названым Рэгламентам, пры ўмове, што такое абмежаванне адпавядае сутнасці асноўных правоў і свабод і з'яўляецца неабходнай і прапарцыянальнай мерай у дэмакратычным грамадстве для забеспячэння нацыянальнай бяспекі; абароны; грамадскай бяспекі і інш. (артыкул 23).

Пытанням належнай абароны персанальных даных удзелена асаблівая ўвага і ў Рашэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ад 11 кастрычніка 2017 г. № 12 «Аб Асноўных напрамках рэалізацыі лічбавага парадку дня Еўразійскага эканамічнага саюза да 2025 года».

Зыходзячы з прадпісанняў Канстытуцыі, згодна з якімі Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства (частка першая артыкула 8), дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21), і аналізу норм Закона, Канстытуцыйны Суд адзначае, што пры ўдасканальванні прававога рэгулявання работы з персанальнымі данымі заканадаўцам улічаны рэкамендацыі, якія змяшчаюцца ў міжнародна-прававых актах, а таксама станоўчы замежны і айчынны вопыт у гэтай галіне.

3. Законам сістэмна і комплексна рэгулююцца грамадскія адносіны ў сферы ўчынення розных дзеянняў з персанальнымі данымі (збор, выкарыстанне, распаўсюджванне, выдаленне і інш.) і замацоўваюцца асноўныя выкарыстоўваемыя ў ім тэрміны, у прыватнасці «персанальныя даныя», «агульнадаступныя персанальныя даныя», «спецыяльныя персанальныя даныя», «суб'ект персанальных даных» і інш., а таксама іх азначэнні.

У артыкуле 1 Закона прадугледжваецца, што персанальныя даныя – любая інфармацыя, што адносіцца да ідэнтыфікаванай фізічнай асобы або фізічнай асобы, якая можа быць ідэнтыфікавана (абзац дзявяты); агульнадаступныя персанальныя даныя – персанальныя даныя, распаўсюджаныя самім суб'ектам персанальных даных або з яго згоды ці распаўсюджаныя ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўчых актаў (абзац сёмы); спецыяльныя персанальныя даныя – персанальныя даныя, якія датычацца расавай або нацыянальнай прыналежнасці, палітычных поглядаў, членства ў прафесійных саюзах, рэлігійных або іншых перакананняў, здароўя або палавога жыцця, прыцягнення да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці, а таксама біяметрычныя і генетычныя персанальныя даныя (абзац дванаццаты).

Замацаванне ў Законе названай тэрміналогіі абумоўлена неабходнасцю забеспячэння яснасці і несупярэчлівасці прававога рэгулявання, адназначнага разумення норм Закона і выключэння іх рознага тлумачэння ў правапрымяняльнай практыцы, што адпавядае прынцыпу прававой вызначанасці як важнейшай састаўляючай канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, устаноўленага часткай першай артыкула 7 Канстытуцыі.

4. Законам прадугледжваецца стварэнне ўпаўнаважанага органа па абароне правоў суб'ектаў персанальных даных (далей – упаўнаважаны орган), а таксама вызначаюцца яго паўнамоцтвы (артыкул 18).

Так, устанаўліваецца, што ўпаўнаважаны орган ажыццяўляе кантроль за апрацоўкай персанальных даных аператарамі (упаўнаважанымі асобамі) у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі; разглядае скаргі суб'ектаў персанальных даных па пытаннях апрацоўкі персанальных даных; патрабуе ад аператараў (упаўнаважаных асоб) змянення, блакіравання або выдалення няпэўных або атрыманых незаконных шляхам персанальных даных, ліквідацыі іншых парушэнняў дадзенага Закона; вызначае пералік замежных дзяржаў, на тэрыторыі якіх забяспечваецца належны ўзровень абароны правоў суб'ектаў персанальных даных; выдае дазволы на трансгранічную перадачу персанальных даных, калі на тэрыторыі замежнай дзяржавы не забяспечваецца належны ўзровень абароны правоў суб'ектаў персанальных даных, і інш.

Згодна з пунктам 5 артыкула 18 Закона ўпаўнаважаны орган вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што рэгуляванне Законам пытанняў дзейнасці ўпаўнаважанага органа заснавана на палажэнні часткі другой артыкула 7 Канстытуцыі, згодна з якім дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства, мае на мэце забеспячэнне больш поўнага і эфектыўнага выканання дзяржавай канстытуцыйнага абавязку, замацаванага часткай першай артыкула 59 Канстытуцыі, адпавядае норме Канстытуцыі, якая замацоўвае, што Прэзідэнт ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй і законамі (пункт 30 артыкула 84).

Стварэнне ўпаўнаважанага органа для абароны правоў суб'ектаў персанальных даных, ажыццяўлення кантролю за выкананнем заканадаўства аб абароне персанальных даных адказвае палажэнням Канстытуцыі аб забеспячэнні правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь як найвышэйшай мэце дзяржавы (частка першая артыкула 21), а таксама адпавядае патрабаванням Рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН 73/179 «Права на недатыкальнасць прыватнага жыцця ў лічбавую эпоху» ад 17 снежня 2018 года аб неабходнасці разгляду дзяржавамі пытання, звязанага з прыняццем і забеспячэннем выканання заканадаўства, норм рэгулявання і палітыкі ў галіне абароны даных, уключаючы даныя лічбавай сувязі, якое адпавядала б іх абавязацельствам па міжнародным праве ў галіне правоў чалавека, якія могуць уключаць стварэнне незалежных нацыянальных органаў, надзеленых паўнамоцтвамі і рэсурсамі для назірання за практыкай у галіне забеспячэння канфідэнцыяльнасці даных, расследавання парушэнняў і злоўжыванняў, атрымання інфармацыі ад фізічных асоб і арганізацый і прадастаўлення належных сродкаў прававой абароны (падпункт «g» пункта 6).

Такая ж рэкамендацыя па стварэнні нацыянальнага органа змяшчаецца і ў Асноўных напрамках рэалізацыі лічбавага парадку дня Еўразійскага эканамічнага саюза да 2025 года, у якіх падкрэсліваецца неабходнасць больш пэўнай інстытуцыянальнай формы абароны персанальных даных, з прытрымліваннем балансу абароны ва ўмовах іх трансгранічнага абмену (глава 2).

5. Законам замацоўваюцца патрабаванні да апрацоўкі персанальных даных (артыкулы 4–9).

У адпаведнасці з пунктам 3 артыкула 4 Закона апрацоўка персанальных даных ажыццяўляецца са згоды суб'екта персанальных даных, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных дадзеным Законам і іншымі заканадаўчымі актамі. У артыкуле 6 Закона ўстанаўліваюцца выпадкі, калі згода суб'екта персанальных даных на апрацоўку персанальных даных не патрабуецца, за выключэннем спецыяльных персанальных даных, парадак апрацоўкі якіх вызначаны артыкулам 8 дадзенага Закона, у пункце 2 артыкула 8 – выпадкі, калі на апрацоўку спецыяльных персанальных даных згоды суб'екта персанальных даных не патрабуецца. Такім чынам, Законам прадугледжваюцца палажэнні, якія ў пэўнай меры абмяжоўваюць правы і свабоды фізічных асоб.

У шэрагу рашэнняў Канстытуцыйнага Суда (ад 8 чэрвеня 2018 г. № Р-1126/2018, ад 27 снежня 2018 г. № Р-1162/2018, ад 10 ліпеня 2019 г. № P-1188/2019 і інш.) сфармуляваны прававыя пазіцыі па аналагічных пытаннях аб неабходнасці такога заканадаўчага рэгулявання і адпаведнай правапрымяняльнай практыкі ў сферы інфармацыйных адносін (у тым ліку парадку ідэнтыфікацыі грамадзян), якія надзейна забяспечвалі б іх правы і законныя інтарэсы, абарону персанальных даных (у тым ліку звестак, якія складаюць асабістую, сямейную і іншую ахоўваемую законам тайну), за выключэннем пры гэтым дзеянняў з персанальнымі данымі, не абумоўленых заканадаўча ўстаноўленымі мэтамі іх збору, захоўвання і выкарыстання, правамерным выкананнем функцый органамі, якія валодаюць законнымі паўнамоцтвамі на іх збор, захоўванне і выкарыстанне.

Ацэньваючы характар і граніцы абмежаванняў правоў і свабод асобы, якія прадугледжваюцца Законам, Канстытуцыйны Суд адзначае, што з улікам палажэнняў часткі першай артыкула 23, артыкула 28 і часткі трэцяй артыкула 34 Канстытуцыі, якія ўстанаўліваюць законныя падставы ўмяшання ў асабістае жыццё грамадзян, разглядаемыя праваабмежаванні пры ўмове забеспячэння абароны персанальных даных ад незаконнага доступу іншых асоб ўяўляюцца дапушчальнымі і суразмернымі канстытуцыйна значным мэтам, паколькі зыходзяць з неабходнасці дасягнення аптымальнага і справядлівага балансу публічных і прыватных інтарэсаў, у тым ліку паміж аб'ектыўна абумоўленым патрабаваннем дакладнай ідэнтыфікацыі карыстальнікаў і рэалізацыяй канстытуцыйнай гарантыі абароны сферы іх асабістага жыцця ад проціпраўных замахаў.

6. У главе 3 Закона (артыкулы 10–17) замацоўваюцца правы суб'екта персанальных даных, гэта значыць фізічнай асобы, у адносінах да якой ажыццяўляецца апрацоўка персанальных даных, і абавязкі аператара, гэта значыць дзяржаўнага органа, юрыдычнай асобы Рэспублікі Беларусь, іншай арганізацыі, фізічнай асобы, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка, якія самастойна або сумесна з іншымі названымі асобамі арганізуюць і (або) ажыццяўляюць апрацоўку персанальных даных.

Так, згодна з Законам суб'ект персанальных даных мае права: адклікаць сваю згоду ў любы час без тлумачэння прычын (пункт 1 артыкула 10); атрымліваць інфармацыю, якая датычыцца апрацоўкі сваіх персанальных даных (пункт 1 артыкула 11); патрабаваць ад аператара ўнясення змяненняў у свае персанальныя даныя ў выпадку, калі персанальныя даныя з'яўляюцца няпоўнымі, устарэлымі або недакладнымі (пункт 4 артыкула 11); атрымліваць ад аператара інфармацыю аб прадастаўленні сваіх персанальных даных трэцім асобам адзін раз у каляндарны год бясплатна, калі іншае не прадугледжана дадзеным Законам і іншымі заканадаўчымі актамі (пункт 1 артыкула 12); патрабаваць ад аператара бясплатнага спынення апрацоўкі сваіх персанальных даных, уключаючы іх выдаленне, пры адсутнасці падстаў для апрацоўкі персанальных даных, прадугледжаных дадзеным Законам і іншымі заканадаўчымі актамі (пункт 1 артыкула 13).

Артыкулам 16 Закона замацоўваюцца адпаведныя абавязкі аператара: забяспечваць абарону персанальных даных у працэсе іх апрацоўкі; уносіць змяненні ў персанальныя даныя, якія з'яўляюцца няпоўнымі, устарэлымі або недакладнымі, за выключэннем выпадкаў, калі іншы парадак унясення змяненняў у персанальныя даныя вызначаны заканадаўчымі актамі або калі мэты апрацоўкі персанальных даных не прадугледжваюць наступных змяненняў такіх даных; спыняць апрацоўку персанальных даных, а таксама ажыццяўляць іх выдаленне або блакіраванне (забяспечваць спыненне апрацоўкі персанальных даных, а таксама іх выдаленне або блакіраванне ўпаўнаважанай асобай) пры адсутнасці падстаў для апрацоўкі персанальных даных, прадугледжаных дадзеным Законам і іншымі заканадаўчымі актамі, і інш.

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, устанаўленне Законам правоў суб'ектаў персанальных даных і карэспандуючых ім абавязкаў аператараў мае на мэце забеспячэнне дадатковых гарантый ад адвольнай і бескантрольнай апрацоўкі, уключаючы збор, захоўванне, выкарыстанне, распаўсюджванне і прадастаўленне, персанальных даных фізічных асоб, а таксама дасягненне канстытуцыйнага балансу публічна-прававых і прыватнаправавых інтарэсаў.

Акрамя таго, нормамі Закона гарантуецца права на абскарджанне дзеянняў (бяздзейнасці) і рашэнняў аператара, звязаных з апрацоўкай персанальных даных. Так, згодна з артыкулам 15 Закона суб'ект персанальных даных мае права абскардзіць дзеянні (бяздзейнасць) і рашэнні аператара, якія парушаюць яго правы пры апрацоўцы персанальных даных, ва ўпаўнаважаны орган у парадку, устаноўленым заканадаўствам аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб; прынятае ўпаўнаважаным органам рашэнне можа быць абскарджана суб'ектам персанальных даных у суд у парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што вызначаемы Законам парадак абскарджання дзеянняў (бяздзейнасці) і рашэнняў аператара ў сферы апрацоўкі персанальных даных адпавядае частцы першай артыкула 40 Канстытуцыі, якая прадугледжвае права кожнага накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы, і часткцы першай артыкула 60 Канстытуцыі аб гарантаванасці кожнаму абароны яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны.

Такое прававое рэгуляванне стварае неабходныя ўмовы для своечасовага і эфектыўнага аднаўлення парушаных правоў, што адпавядае таксама палажэнню Канстытуцыі, у адпаведнасці з якім дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 59).

Зыходзячы з аналізу норм Закона, Канстытуцыйны Суд лічыць, што Закон устанаўлівае сістэмнае і комплекснае рэгуляванне важнейшых грамадскіх адносін, якія ўзнікаюць пры апрацоўцы персанальных даных фізічных асоб, мае на мэце абарону канстытуцыйных правоў і свабод чалавека, у тым ліку права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, шляхам недапушчэння неправамернага выкарыстання персанальных даных, умацаванне інфармацыйнай бяспекі дзяржавы, а таксама стварэнне неабходных умоў для эфектыўнага міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы забеспячэння права на недатыкальнасць асабістага жыцця, што адпавядае палажэнням Канстытуцыі.

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

Такім чынам, Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што па змесце норм, форме акта і парадку прыняцця Закон адпавядае Канстытуцыі.

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 103–105 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 

ВЫРАШЫЎ: 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «О защите персональных данных» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

2. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

3. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                                  П.П.Міклашэвіч